«Blues Of The Misty Моrning» дэбютуе годна. На фестывалі «Апошні фаэтон» іхні выступ — адзін з найлепшых, і за іх сапраўды не сорамна! Публіка прынімае музыкаў вельмі добра і калегі-ўдзельнікі ацэньваюць станоўча. Шмат водгукаў у прэсе. Карацей кажучы, дэбют атрымліваецца.
Праз сродкі масавай інфармацыі намеснік старшыні райвыканкама (дарэчы, яго прозвішча Ленінскі) таксама ў курсе справаў пра Лёхавы поспехі. Але адно не супадае — відаць, ён адразу пасля фестывалю таксама хоча сустрэць Лёху, аднак той ці то з’ехаў кудысьці, ці то адлёжваецца недзе, узяўшы творчы адпачынак. Нарэшце, супала праз некалькі месяцаў — Лёха сутыкаецца з чыноўнікам нос у нос на вуліцы мястэчка.
«О! Здарова! Ну, ты малайчына, усюды пра цябе пішуць. Давай-ка далучайся да перадвыбарнай кампаніі!»
Лёха не думае доўга. Дакладней сказаць, ён увогуле не думае. Вось, праўда — ніводнай думкі, галава нібы тым самым туманам напоўненая. Аднак, калі туман можна было б чытаць (напрыклад, гадаюць жа на «кававай гушчы»), то нечакана для чытача, ватныя бялявыя літары маглі б скласціся ў такім парадку: «Хочаце ўцягнуць мяне ў бруд? Каб даказаць, што вы не правы, я нават гатовы праехацца...»
Пэўна адчуваецца эрудыцыя начытанага чалавека — Уінстан Грум («Гампізмы, ці мудрасці Форэста Гампа»): «Калі ступіў у лайно, паспрабуй неяк выкарыстаць сітуацыю — хаця б праедзься на ім».
Трэба адзначыць, што Лёха і сапраўды спрабуе «праехаць». Шчыра і непасрэдна. Для таго, каб гэта зрабіць, зразумела, патрабуецца транспарт. Таму што Ленінскі абяцае на перадвыбарную кампанію камплект вельмі дарагой, па яго словах, апаратуры. Намеснік старшыні вядзе Лёху ў патрэбны кабінет і ў яго ж прысутнасці строга загадвае кіраўніку культуры раёна па прозвішчы Павароцін арганізаваць машыну для перавозкі каштоўнасці раённага маштабу — той самай апаратуры. Павароцін ветліва махае галавой, у яго позірку — згода з меркаваннем начальніка і гармонія з усім светам.
Як толькі за начальнікам з грукатам зачыняюцца дзверы, з позіркам гарманічнага культасветработніка здараецца катастрофа. Ці можа такое быць, што адзін удар дзвярэй у стане парушыць сусветную гармонію? Вочы чыноўніка пачынаюць бегаць з такой хуткасцю, што становіцца зразумела: насамрэч гэта хуткасць руху паршнявой сістэмы той самай машыны, так неабходнай для перавозкі апаратуры. Якая кудысьці з’ехала з верагоднасцю вярнуцца не раней чым праз тыдзень.
Добра, што ёсць сябры. Саня, былы аднагрупнік па інстытуце культуры, а цяпер аўтарытэтны ў мястэчку таксіст, за невялікую плату, на сваім старэнькім «Фальсвагене» ў некалькі рэйсаў перавозіць усю неабходную апаратуру.
I каштоўнасць апаратуры, і сама яна аказваюцца поўным фэйкам. Аграменны груд скрыняў з дынамікамі проста не выдае ніводнага жывога гука. Два Валодзі (для сяброў — Ваваны), супрацоўнікі Дома культуры, зладжваюць скандал, таму што ім гэты бескарысны груд цяпер давядзецца самім везці назад на склад. Лёха вымушаны браць яшчэ пляшку гарэлкі (плюсуючы яе кошт да іншых выдаткаў у доўгім працэсе сваіх намаганняў толькі ПАСПРАБАВАЦЬ вызначыцца, чым можна дапамагчы бездапаможнай перадвыбарнай кампаніі). Факт наяўнасці бутэлькі крыху супакойвае разнерваваных Ваванаў.
Падчас дэгустацыі Лёхавага паднашэння Ваваны моцна крытыкуюць кіраўніцтва, якое, па іх словах, ні халеры не можа арганізаваць ні для моладзі, ні для дарослых. Тут і прыходзіць да Лёхі думка, што калі цяперашнія чыноўнікі такія прафнепрыдатныя, то трэба самім зладзіць канцэрт. А ўжо на чыім баку, гэта не так і важна.
VII
Не важна, дык не важна. I бок у выніку апынаецца «не афіцыйным», то бок не праўладным. «Апазіцыйным» — паправіў бы філолаг. Але філолага адразу ж паставілі б на месца больш дасведчаныя спецыялісты — якія, што праўда, як раз і спецыялізуюцца па баках (а таксама па нагах, па руках, па галаве, па спіне).
Справа ў тым, што ў нейкі час гэты бяскрыўдны тэрмін у адной цэнтральнаеўрапейскай краіне набыў такі страшны сэнс, што маладыя мамы пачалі палохаць сваіх непаслухмяных дзетак: «Вось будзеш дрэнна паводзіцца, прыйдзе апазіцыя і забярэ цябе!»
На самой справе, тэрмін абсалютна не страшны. Напрыклад, у астраноміі ён пазначае кропку знаходжання планеты адносна зоркі пад назвай Сонца, — так званы стан супрацьстаяння.
У шахматах гэта сітуацыя, калі фігуры двух каралёў стаяць насупраць адно аднаго і іх раздзяляе адзінае поле шахматнай дошкі.
У лінгвістыцы так называецца супрацьстаянне моўных адзінак, якое выяўляе адрозненні паміж імі (напрыклад, фаналагічная апазіцыя фанемаў «б» і «в» у «быць» і «выць»).