Сінонімамі і блізкімі па значэнні да слова «апазіцыя» з’яўляюцца тэрміны, здольныя напалохаць яшчэ больш: «абструкцыя», «франдзёрства», «нонканфармізм». Але ёсць і прыгожыя сінонімы, актыўна ўжывальныя і, хочацца спадзявацца, абсалютна цывілізаваныя: «супрацьдзеянне» (напрыклад, «прапанова незалежнага назіральніка мела апазіцыю з боку сябраў выбарчай камісіі»), «супрацьпастаўленне» (апазіцыя рамантыкаў класікам на пачатку ХІХ ст.)
Аднак у розныя часы ўсё складалася па-рознаму — калі сапраўдным рамантыкам (як тут не ўзгадаць нашага галоўнага героя?) што зараз, што раней — супрацьстаялі розныя сілы. А калі-небудзь і сапраўдныя нерамантычныя монстры. Вось, мяркуйце самі, якая часам бывае апазіцыя — цытата з тлумачальнага слоўніка савецкіх часоў:
— У буржуазнай дзяржаве — дзейнасць, накіраваная супраць дадзенага урада і яго палітыкі (напр., парламентская апазіцыя).
— Дзейнасць апартуністычных антыленінскіх групіровак, якія дзейнічаюць па найму ў выведвацельных органаў замежныхдзяржаў. «Такі неаспрэчны вынік эвалюцыі трацкізма за апошнія 7-8 гадоў...» I. В. Сталін (1937 г.)
Мінае час і мала таго, што ўсё паўтараецца, дык ўсё яшчэ вельмі дзіўна пераплятаецца. Здавалася б, недапушчальны ў савецкія часы тэрмін «парламент» становіцца звычайным для сённяшняй сістэмы кіравання ва ўласнай краіне. I ў той жа час пазначэнне «верныя ленінцы» ператвараецца ў абсалютны рудымент палітычнага руху ва ўсім свеце. Толькі вось парадокс — ва ўсім свеце, але не ва ўласнай краіне, — мяркуючы па тым, колькі помнікаў Леніну стаіць ад усходняй мяжы да заходняй на сённяшні дзень. Ды яшчэ па тым, што краіна гэта — адзіная ў свеце дзяржава, якая афіцыйна адзначыла 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Расіі, дзе ўласна кажучы, падзея стогадовай даўніны адбылася, ужо даўно свята Рэвалюцыі не адзначаецца. Вось так! Хочаш рабі, а хочаш не рабі пасля ўсяго гэтыя рэвалюцыі!
Лёха ні ў якім разе не пазіцыянуе сябе рэвалюцыянерам. Хаця сентэнцыя «Рэвалюцыі робяць рамантыкі, а пладамі карыстаюцца нягоднікі» датычыцца да яго напрамую — ён з’яўляецца (так пераплялося) — класічным рамантыкам.
Не паспеў наш герой летуценна азірнуцца, як нейкія дзіўныя падзеі, нечакана для яго самога, зацягнулі ў свой — часам зусім не рамантычны — вір прыгодаў і супадзенняў. Відаць, так вось склалася, што пэўныя зоркі і планеты апынуліся ў адмысловай апазіцыі, а на чыіхсьці шахматных дошках каралі сталі насупраць адзін аднаго.
VIII
Калі рамантык Лёха, падчас сустрэчы з Ваванамі, агучыў, што канцэрт трэба зладзіць самастойна, то нейкі экзальтаваны джын пэўна ўжо натхнёна завіс у паветры над галавой героя з пытаннем «Чым я магу дапамагчы, мой Гаспадар?». Мабыць, вылецеўшы з той самай бутэлькі, якую сябры «раскаталі» на траіх.
Гэта ўскосна пацвярждаецца тым, што не пазней, чым назаўтра зраніцы, у Лёхавым двары апынаецца чалавек па мянушцы «Апгрэйдзер» (вядомы як арганізатар маладзёвага грамадскага аб’яднання, мэтай якога з’яўляецца «upgrade» мясцовым праўладным структурам).
I вось, Апгрэйдзер, пазяхаючы, стаіць пасярод двара і, лянотна аглядаючы убогасць сялянскага быту, кажа нейкія дзіўныя рэчы. Кшталту таго, што за кошт дабрачынных унёскаў і ахвяраванняў на рахунку яго грамадскай арганізацыі назбіралася пэўная сума, і ён хацеў бы правесці любое, не істотна якое, мерапрыемства. Напрыклад, лекцыю ў бібліятэцы на тэму сучаснага мастацтва і сувязі яго з сённяшнім грамадствам.
Лёха ад здзіўлення раскрывае рот. «Ён што, вар’ят? — думае Лёха. — Ці ён не разумее, што прыйшоў да рок-музыканта, які ледзь зводзіць канцы з канцамі, які хапаецца за любую магчымасць паўдзельнічаць у любым канцэрце і атрымаць хоць які заробак?»
«Выбачайце за празмерную цікавасць, — кажа Лёха, — але пытанне такое: «Замест лекцыі ў бібліятэцы можна зладзіць канцэрт рок-гурта ў нармальнай зале?»
Апгрэйдзер хітравата ўсміхаецца і кажа: «А што? Добрая ідэя!»
У загадкавай логіцы размяшчэння зорак, планет і сузор’яў нарэшце знаходзіцца месца для першага самастойнага канцэрта Лёхавага гурта «Blues Of The Misty Моrning». I вось аграмадная афіша перад залай местачковага кінатэатра вельмі сур’ёзна паведамляе, што акрамя мясцовых музыкаў у канцэрце прымае ўдзел яшчэ і запрошаны госць — легенда беларускага рока, гурт «Брама» (Лёхаў гурт на разагрэве, легенда — хэдлайнер).
Звярнуўшыся да знаёмага сталічнага прамоўтара Гулі Шлоймана, Лёха атрымлівае ў карыстанне камплект апаратуры, што называецца, — вам і не снілася: адзін з найлепшых па ўсёй рэспубліцы. Не параўнаць з гарой смецця, якое не так даўно давялося тэставаць на той жа самай сцэне з Ваванамі.