Апгрэйдзер тут таксама актыўна падключаецца і цалкам апраўдвае сэнс свайго другога імені. Яго мянушку можна папросту замяніць на больш зразумелае «Мятла». У значэнні прадмета, які выносіць вонкі смецце.
Так падаецца ў той момант музыкам і арганізатарам — што зараз яны сваімі дзеяннямі і сваёй творчасцю пакажуць, што час змяніўся. Што смецце ў выглядзе рудыментаў мінулых эпох і перажыткаў даўніны будзе выкінута назаўсёды.
IX
Лёха з’яўляецца ў зале за пяць хвілін да пачатку канцэрта з вялізным тэатральным сафітам у руках. Няма часу абыходзіць вакол, праз грымёркі ды розныя службовыя ўваходы, таму ён горда ступае па чырвонай дарожцы паміж крэсламі са здзіўленымі гледачамі — ад цэнтральнага ўвахода прама да сцэны. Чамусьці яму падаецца (відаць ад вялікага хвалявання перад канцэртам), што толькі менавіта гэтага сафіта не хапае, каб належным чынам упрыгожыць сцэну і ў апошні момант расфарбаваць каляровымі промнямі артыстаў, якія вось-вось павінны сюды выйсці. Лёхава дэфіле з пакрытай пылам і павуціннем прыладай светлавога абсталявання ў нейкай ступені апынаецца сапраўдным элементам перформанса. Публіка заінтрыгавана.
Падключыўшы сафіт і накіраваўшы сноп каляровага святла на барабанную ўстаноўку пад вялікім белым экранам, стваральнік надыходзячага шоу задаволена аглядае кампазіцыйнае рашэнне ў аздабленні сцэны. Магчыма падсвядома ўяўляючы, а можа быць і не надта заўважыўшы, што шоу ўжо пачалося.
Лёхаў канцэртны касцюм амаль не пацярпеў — наш галоўны герой адзеты зусім не ў шырокія чорныя нагавіцы ды не ў бліскучы канцэртны пінжак з кацялком на галаве. Iмідж рок-музыкі — гэта звычайныя джынсы ды чорная цішотка. З большага абтросшы пыл з адзення, Лёха тут жа бярэ гітару і аб’яўляе ў мікрафон, што, маўляў вось яна — доля музыканта — пакуль сам не зробіш, ніхто і не парупіцца.
Публіка недаўменна пераглядаецца, але з сентэнцыяй моўчкі пагаджаецца — што рабіць, шоу ёсць шоу. Выходзяць музыкі Лёхавага гурта і бадзёра ўдараюць па струнах ды бубнах. Першая кампазіцыя сыграна ўдала. На сцэне ў каляровых промнях з’яўляюцца невялікія дымавыя хвалі і крышачку пахне палёнай ізаляцыйнай стужкай. Але ніхто на гэта не звяртае ўвагі — пачынаецца другая кампазіцыя. Бліжэй да коды дым на сцэне адчуваецца ўжо больш істотна, а смурод ад падпаленай пластмасы спрабуе збіць з нармальнага ўспрымання рэчаіснасці.
Як толькі пачынаецца трэцяя кампазіцыя, наш прыўкрасны сафіт, відаць вырашыўшы да канца адыграць галоўную ролю ў гэтым перформансе, выдае гучны пляскач і моцную ўспышку, пасля чаго зала адразу ж паглыбляецца ў абсалютную цемру. Хтосьці з супрацоўнікаў кінатэатра, падсвечваючы запалкамі сабе пад ногі, бяжыць да рубільніка і... Шоу зноў працягваецца, шаноўнае спадарства! Праўда ўжо не ў каляровых промнях падступнага сафіта, а пры ўключаных звычайных лямпах сцэны.
Праграма аднаўляецца з новай сілай. Аўтарскія песні разбаўляюцца парай класічных блюзаў ды рок-н-ролаў, а напрыканцы гучыць рок-балада. Першы самастойны канцэрт адыграны! Музыкі «Blues Of The Misty Моrning» пакідаюць сцэну. На іхняе месца выходзяць мэтры — гурт «Брама».
Месца за пультам займае іхні ўласны рэжысёр Лабус. А ўладальнік камплекта апаратуры і пратэжэ Гулі Шлоймана Віталя (па сумяшчальніцтву ён жа гукарэжысёр Лёхавага выступу), вызваліўшыся ад працы, вырашае выпіць чагосьці з моцных напояў. Што рабіць яму катэгарычна забараняецца з нагоды непрадказальных паводзінаў. У выніку Лёху даводзіцца лавіць Віталю ў самых нечаканых месцах кінатэатра, таму што той канчаткова губляе галаву ад недзе набытай і ўжытай вадкасці і з цяжкасцю разумее, дзе ўвогуле знаходзіцца.
Зала ў гэты час адрываецца пад музыку «Брамы»: людзі танчаць і каля сваіх месцаў і перад сцэнай. Публіка ўзрушана! Купка маладых дзяўчат у экстравагантных адзеннях танчыць прама перад вакалістам і разам з ім спявае, ведаючы словы амаль усіх песень. Здаецца, што сваёй энергіяй яны разам з музыкамі зараджаюць усю астатнюю залу. Больш за гадзіну «Брама» без перапынку выдае свае хіты. А пасля канцэрта народ яшчэ з хвілін сорак збірае аўтографы ва ўдзельнікаў.
Тут жа да Лёхі падыходзяць загадчык аддзела культуры Павароцін разам з дырэктарам Дома культуры Дамінжанкам і кажуць: «Канцэрт выдатны! А ці не зайграць табе і тваім сябрам на раённым мерапрыемстве, якое адбудзецца праз месяц на адкрытай пляцоўцы?!»
Гэта перамога! Нават кіраўнікі мясцовай сферы культуры ў захапленні ад канцэрта! Вы хацелі выдатны перадвыбарны канцэрт? Вось, атрымайце, калі ласка! Усё прайшло супер! Усё атрымалася! Эйфарыя!