Яна ж, у сэнсе эйфарыя, цягнецца з вечара пятніцы, калі адбыўся канцэрт, да сямі гадзін раніцы панядзелка, калі загадчыка аддзела культуры разам з дырэктарам Дома культуры тэрмінова выклікаюць у райвыканкам.
Дырэктара Дамінжанку звальняюць адразу, а загадчык Павароцін яшчэ пэўны час змагаецца за сваё працоўнае месца — пры сувязях, набытых за дзесяцігоддзі, не так проста «скалупнуць» яго з пасады. Аказваецца, на пятнічны канцэрт прыходзіла нейкая ідэялагічная грымза і выгледзела ў кагосьці ці то з публікі, ці то з удзельнікаў падазроную сімволіку напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Магчыма, гэта была пікантная татушка ў адной з танцоўшчыц пад сцэнай, якая выпадкова адкрылася для непажаданых назіральнікаў? Ці стужка з падазронымі колерамі ў іншай дзяўчынкі на валасах? Уяўляеце, да чаго дайшоў прагрэс палітычнай думкі таго самага «афіцыйнага боку»— аказваецца, ёсць небяспечныя для народа колеры!
Карацей кажучы, ідэалагічная віжоўка (як пасля высветлілася — прозвішча яе было Дзяржынская і, што самае цікавае, мужа яе звалі Фелікс) выкрывае сапраўднае злачынства дзяржаўнага ўзроўню — рок-канцэрт у мястэчку Ранак-Туманны! Зразумела, што абсалютна выпадкова яна адразу пасля выбараў ідзе на павышэнне па службовай ідэалагічнай лесвіцы, а яе муж займае месца кіраўніка ў пэўных органах.
Ад такіх супадзенняў па-сапраўднаму гідка на душы. Таму што пацярпелыя ад гэтай гісторыі — і загадчык аддзела культуры, і яго калега — нармальныя, слушныя кіраўнікі, якія працавалі ўсё жыццё, дзясяткі гадоў, на сваіх месцах і досвед іхні пераацаніць немагчыма.
Перамены патрэбныя, нават неабходныя! Але абставіны з гэтымі пераменамі складаюцца не на карысць спецыялістам і проста добрым людзям.
Атрымліваецца, што незразумелы каламутны вецер прыносіць усё выкінутае смецце назад?
Х
З гэтым усё ж не хочацца мірыцца. Неяк не па-чалавечы ўсё складаецца. I вось з Санем (тым самым, што дапамагаў перавозіць гару металалома перад канцэртам з «Брамай»), са сваім сябрам і аднагрупнікам, які сядзіць зараз за стырном, Лёха едзе ў напрамку да вёскі Галаўлічы, дзе размяшчаецца выбарчы ўчастак № 13. Сёння ў краiне свята — дзень выбараў.
Яшчэ ўчора і пазаўчора, праз дапамогу Апгрэйдзера і Гулі Шлоймана, «Blues Of The Misty Моrning» сыгралі наступныя два канцэрты, пасля незабыўнага канцэрта з «Брамай». З выдатным складам ужо іншых гасцей на адной сцэне — знакамітых і аўтарытэтных, нават міжнародна вядомых артыстаў: гуртоў «Elfs Come Look», «Вежа», «Boгdeau Cotes de Castillon Louгd Blues» («Цяжкі Блюз ад Бардо Кот дэ Кастыльён»).
Канцэрт учорашні прайшоў проста на вышэйшым узроўні — у выдатнай канцэртнай зале абласнога цэнтра, дзе не было заўважана ніводнага пагона; пры наяўнасці дастатковай колькасці гледачоў, што пратанчылі ўвесь канцэрт перад сцэнай; з прадстаўнікамі прэсы і здымачнай групай, якія зафіксавалі і канцэрт і паслявыступовыя інтэрв’ю.
А вось пазаўчорашні канцэрт меўся правесціся на ўласным участку Лёхавага прыватнага дома за пяцьдзясят кіламетраў ад абласнога цэнтра на захад. У выніку гледачы хаваліся па кустах, а замест здымачнай групы, хроніку на службовую камеру здымаў судмедэксперт мясцовага аддзела.
Пасля выдатнага для гледачоў і нязручнага для ўладаў канцэрта разам з «Брамай», ніхто з афіцыйнага боку не дазволіў падчас перадвыбарчай кампаніі арганізаваць у межах раёна яшчэ адно такое сумнеўнае мерапрыемства, як рок-канцэрт. Таму і вырашылі самі пабудаваць сцэну і сваімі сіламі зладзіць выступленне. А што ж тут такога? Маем права у сябе дома рабіць, што пажадаем! Сцэна на Лёхавым двары атрымалася шыкоўная. Шырокая, высокая, накрытая на выпадак дажджу, абсталяваная панарамай і маніторамі ад Гулі Шлоймана і з абсалютна цвярозым Віталём за вялізным мікшэрскім пультам пад асобным навесам для гукарэжысёра.
Па дарозе ў Галаўлічы, Лёха з сумнай усмешкай узгадвае, як першым замест гледачоў прыязджае ўчастковы Маньякін на матацыкле з люлькай. Маўляў, давай збірайся, трэба з’ездзіць у райаддзел! З якой нагоды не тлумачыць, толькі паўтарае, што начальства выклікае. Кажа, там такое музычнае шоу — ты не ўяўляеш!
Лёха і сапраўды збіраецца, якзаконапаслухмяны грамадзянін. Але ў апошні момант нешта грукае ўсё ж у галаву: навошта і куды ён павінен ехаць? Участковаму Лёха так і гаворыць: выбачаюся, маўляў, давайце я заўтра пад’еду — забыўся, што трэба важныя справы дарабіць! А справы і сапраўды важныя, неабходна гасцей з Мінска сустракаць. Гуля Шлойман абы-каго не параіць — паважаныя артысты з хвіліны на хвіліну павінны прыехаць. Ды і мясцовыя гледачы вось-вось пачнуць падыходзіць.