Участковы Маньякін з’язджае раззлаваны. Праз пятнаццаць хвілін пасля яго ад’езду з’яўляецца намеснік па палітычнай частцы спадар Бадэн. Ён настойліва, але вельмі спакойна, просіць Лёху праехаць з ім разам. А Лёху зараз ужо прынцыпова нельга пагаджацца! Тым больш, што прыехала першая машына са сталічнымі музыкантамі ды з’явілася некалькі чалавек з першых мясцовых наведнікаў.
Пасля спакойнага ад’езду ўраўнаважанага Бадэна, у хуткім часе з’яўляецца разнерваваны начальнік раённага аддзела па прозвішчу Першамайскі (ці гэта ягоным іменем потым назвалі абласную ўстанову ці наадварот — ён сам узяў сабе прозвішча ад назвы тамтэйшага аддзела (кшталту, «як карабель назавеш...»), — пакуль яшчэ высвятляецца гісторыкамі). А неўзабаве вакол участка незаўважна матэрыялізуюцца і Маньякін, і Бадэн, і сусед Лёхі па дзяцінству Мойша Кронберг (які не так даўно атрымаў пагоны старэйшага лейтэнанта ды ўсімі сіламі імкнецца адзначыцца перад начальствам), і судмедэксперт, ды шмат яшчэ якіх «пагонаў». Машыны з музыкантамі пад’язджаюць адна за адной. Судмедэксперт усё фіксуе на камеру.
Першамайскі адкрыта кажа, што не дасць правесці канцэрт на Лёхавым участку. А каб разагнаць публіку — ён нібыта вымушаны зараз выклікаць АМАП (быццам бы падраздзяленне сядзіць у аўтобусе дзесьці побач і чакае толькі каманды на выезд). «Я сам сабе адарву пагон і скажу, што гэта вы мне адарвалі» — сумленны афіцэр раскрывае прафесійныя сакрэты дзеянняў сілавых структураў у экстрэмальных умовах. Таямніцы яго прафесіі толькі раздражняюць патэнцыйную публіку. Натоўп, які складаюць у большасці жанчыны, пачынае сварыцца з афіцэрам, маўляў, чаму ён забараняе ў прыватным сектары, на ўласнай зямлі ўладальніка, правесці тое, што лічыць патрэбным гаспадар? Афіцэр спрабуе выкруціцца і нясе ахінею. Відаць, па яго думках, яна (ахінея) — апошні сродак на выратаванне. Але гэты сродак у дадзеным канкрэтным выпадку не надта і выратоўвае.
На ўчастку з’яўляецца спантанны ініцыятар Лёхавай бурнай дзейнасці — намеснік старшыні райвыканкама па прозвішчы Ленінскі. Той самы, які не так даўно прапанаваў Лёху паўдзельнічаць у перадвыбарнай кампаніі. Публіка і сталічныя госці з цікавасцю назіраюць за разгортваннем падзей.
На Лёхавым участку назбіралася нямалая колькасць тэхнікі. Чатыры машыны з мінскімі нумарамі побач са сцэнай. «Уазікі» розных колераў са спецнумарамі — ад зялёнага да жоўтага з палосамі па баках, як жукі, абляпляюць узгорак перад заездам на падворак. Асоба каўказскай нацыянальнасці па імені Мустафа, каларытны вусаты мужчына гадоў сарака пяці, прыганяе свой бус-шапік (даведаўшыся, што будзе шмат народу і можна будзе пагандляваць шашлыкамі), чым раз’юшвае людзей у пагонах самага ніжэйшага рангу. Яны не даюць беднаму гандляру нават блізка пад’ехаць да плоту, які агароджвае Лёхаў двор. Для пачатку прабіваюць Мустафу кола, а потым ледзь не за грудкі выцягваюць яго з кабіны і з пагрозамі пачынаюць тлумачыць, чаму яму нельга тут знаходзіцца. Паколькі гэта таксама службовая ахінея, Мустафа нічога не разумее, але вымушаны з’ехаць моцна пакрыўджаны і расстроены.
Ён не выпадкова патрапіў да Лёхавага дома. Гэтаму спрыяе цікавая перадгісторыя. Справа ў тым, што нешматлікая дыяспара каўказцаў, якая воляй лёсу сфармавалася ў мястэчку Ранак-Туманны, напярэдадні выбараў сама праяўляе ініцыятыву і нечакана запрашае вядомага ўжо нам персанажа па мянушцы Апгрэйдзер да сябе ў госці. Апгрэйдзер з’яўляецца каардынатарам каманды незалежных назіральнікаў ад розных арганізацый па ранак-туманаўскім раёне. Захоўваючы свае традыцыі — і патрыархата, і абмеркавання агульных праблем грамадой, — каўказцы вызначаюцца, на якім баку яны хацелі б застацца. I бок гэты апынаецца бокам Апгрэйдзера.
Калі Апгрэйдзер прыязджае да месца сустрэчы, да крамы аднаго з землякоў Мустафы, унутры ўжо вызвалена месца пад вялізны стол, які ломіцца ад каўказскіх страваў і напояў. Дзверы тут жа зачыняюцца знутры, Апгрэйдзера садзяць на ганаровае месца побач з аксакалам. Аксакал паказвае рукой на маладога чалавека, які сядзіць непадалёк, дазваляючы яму сказаць тост. «Шьто я хацель бі сказат? Мі аказалісь далэко ат Родіна, далэко ат наша зэмля. Но наша втарая Родіна стала здэсь і эта зэмля нас прыняла, дала нам вазможьнаст жыць і работаць, лечыць наші раны і учыць нашіх дэтей. Спасіба этай зэмле, спасіба людзям, каторые прынялі нас! Так выпем жэ за самастыйнаст Беларусі!»
Наступае кароткая паўза і раптам аксакал папраўляе выступоўцу:
«Нэ самастыйнаст, а нэзалэжнаст...»
ХІ
Пад’язджаючы да Галаўлічаў, Лёха ўспамінае яшчэ шмат эпізодаў тога незабыўнага дня, вартых Галівудскай экранізацыі. Калі Мустафу ўжо прагналі людзі ў пагонах, а эстафету спрэчкі з Першамайскім перахапляюць выкладчыцы музычнай школы (дзе Лёха працуе выкладчыкам гітары), раптам увесь праём Лёхавых варотаў займае вялізны чырвоны аўтамабіль і на двор, прама да сцэны, пад’язджае пажарны разліку поўным складзе.