Выбрать главу

На гэтыя вечарынкі часта заходзіў Васіль Захаравіч — пагаварыць, параіцца з землякамі, паслухаць, хто што бачыў, дзе што чуў. На адной такой вечарынцы Васіль Захаравіч сустрэў маладую настаўніцу Ніну Пятроўну Грышчанка. Падсеў, распытаў, як жывецца, што думае рабіць далей.

— Куды вы, туды і я падамся. Хопіць хавацца ад гэтых чорных анёлаў смерці. Ведаю, нялёгка будзе: Алачцы маёй толькі гадок мінуў, але сярод сваіх і паміраць весялей.

— Навошта паміраць? Жыць трэба, змагацца за будучае вашай Алачкі... Вас у атрадзе якраз і не хапае — грамацей патрэбен нашай газеце.

Угаворваць Ніну Пятроўну не прыйшлося. Яна стала карэктарам «Палескай праўды».

— У нашу рэдакцыйную зямлянку часта заходзіў Васіль Захаравіч,— праз трыццаць гадоў успамінае Ніна Пятроўна.— Цікавіўся, ці не цячэ страха, ці не галодныя мы, ці хопіць паперы на наступны нумар газеты.

Паперу нам здабывалі партызаны ў разгромленых гарнізонах, у занятых вёсках раздавалі нашу газету, праз падпольшчыкаў перадавалі ў Пінск і ў Столін. Гэта даводзіла гітлераўцаў да шаленства.

У часе блакады Васіль Захаравіч у першую чаргу выводзіў у бяспечнае месца жанчын і дзяцей. Не толькі мая Алачка, сотні партызанскіх дзяцей абавязаны жыццём Васілю Захаравічу і яго злучэнню.

У кожным нумары газеты мы друкавалі зводкі з фронту і заклікі партыі да народа.

Восенню 1942 года пачаўся новы масавы прыліў насельніцтва ў партызанскія атрады. Прыходзілі групамі і па адным, з вінтоўкамі і аўтаматамі, здабытымі ў фашыстаў і іх служак. Нават два свяшчэннікі папрасіліся ў партызанскі атрад Камарова. Яны хадзілі ў разведку, удзельнічалі ў баях і заклікалі веруючых брацца за зброю, бязлітасна біць «пякельных ірадаў», каб абараніць родную зямлю ад крыважэрнай нечысці.

У адной вёсцы Хорастаўскага сельсавета партызаны забілі здрадніка. Але як пахаваць веруючым хрысціянам «убиенного», калі ва ўсім наваколлі не засталося ніводнага папа? Бацькі нябожчыка паслалі на партызанскую заставу свайго родзіча прасіць камандзіра, каб адпусціў на пахаванне бацюшку. Пасланец запэўніў, што ні з кога і волас не ўпадзе.

Васіль Захаравіч здзівіўся такой незвычайнай просьбе. Паклікаў абодвух «святых айцоў» — няхай вырашаюць самі. Айцец Аляксей адразу замахаў рукамі: «Ирода нечестивого» хаваць не буду.

— Я паеду. Нельга ж адправіць фашысцкага ваяку ў пекла без божага «напутствия»,— сказаў протаіерэй Раманушка. Ён ўзяў аблачэнне, крыж, кадзільніцу і з двума аўтаматчыкамі выехаў у суседнюю вёску. На могілкі сышлося ледзь не ўсё сяло. Кожнаму хацелася паслухаць, як гэта партызанскі нон будзе адпяваць фашысцкага нягодніка. Усё пачалося па рытуалу. Але замест «Рыдания надгробного» і «Упокой, господи, душу раба твоего», свяшчэннік заспяваў: «Анафема забойцу і адступніку, душагубу праведнай паствы гасподняй...» Закончыўшы адпяванне, нон заклікаў усіх прысутных «не шкадуючы «живота» свайго, бараніць родную зямлю ад паганай навалачы. А здрайцам усім праклён на векі вечныя! Нішто не ўратуе іх ад пякельных пакут на страшным божым судзе!».

Протаіерэй заклікаў усіх парафіян узняць карны меч справядлівасці супраць лютых ворагаў чалавецтва.

Спачатку знямеў, потым загайдаўся і загаманіў натоўп.

— Калі бацюшка ў партызаны падаўся, дык і нам пара боскую волю спаўняць,— казалі веруючыя і прасілі аўтаматчыкаў:

— Хлопчыкі, мы ж свае, вазьміце і нас. За святое дзела і загінуць не страшна.

З дзесятак мясцовых хлопцаў кінуліся да свірнаў. З падстрэшша, з застаронкаў выцягвалі здабытую зброю і станавіліся поплеч з партызанскімі аўтаматчыкамі. Раманушка і яго спадарожнікі прывялі ў штаб злучэння цэлы ўзвод новых байцоў.

Доўга потым смяяўся Васіль Захаравіч, слухаючы протаіерэя Аляксандра Тодаравіча Раманушку і яго спадарожнікаў, а айцец Аляксей зайздросціў свайму калегу і шкадаваў, што не ён правёў гэту «пахавальную аперацыю».

— Усе сумленныя сродкі ў справядлівай барацьбе падыходзяць, — разважаў камандзір і праз сувязных і падпольшчыкаў перадаў пінскаму архіепіскапу матэрыялы 3-га Усеславянскага мітынгу і свае парады, як лепей весці работу сярод веруючых супраць акупантаў.