Выбрать главу

– Я чытаў той дзённік. Вельмі шчыры, дужа эмацыйны… Але, згадзіцеся, і суб’ектыўны. Не ўсё так проста, спадар Даніла, – мякка прагаварыў Вячка, адпусціўшы нарэшце Асю, якая спыніла парыванні выскачыць з кабінета. – Ведаеце, я чытаў следчую справу і Алеся Вяжэвіча. І там цытуюцца лісты ў дэканат Корб-Варановіча, у якіх студэнт Алесь Вяжэвіч называецца зацятым нацыяналістам, вузкалобым фанатыкам, які служыць інструментам тых, хто адрывае беларускую мову ад славянскіх каранёў. Як вы ведаеце, Алесь Вяжэвіч сам быў арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання неўзабаве пасля таго, як загінуў ваш прадзед.

Арсенія разгубілася – яна ніколі ні ад маці, ні ад бабулі пра лёс свайго продка не чула.

– Так, ён загінуў, – на вуснах Корб-Варановіча крывілася жорсткая ўсмешка. – І татачка яго не выратаваў. Вы не гаварылі гэтай спадарыні, што адзін з яе продкаў, а менавіта бацька згаданага пакутніка Алеся, працаваў у НКУС? І якраз у той час, калі там канаў ад катаванняў мой прадзед.

Арсенія схаладнела і павярнулася да Вячкі… Гэта не можа быць праўдай!

– Ён быў проста ўрачом у турэмнай бальніцы, вы ж ведаеце…– ціха прагаварыў Скрыніч.

– Вы таксама ведаце, што такое турэмная бальніца трыццаць сёмага года! Працяг катавальні,— гарачыўся гісторык.

– У вас няма доказаў, што доктар Вяжэвіч прымаў удзел у допытах, – запярэчыў Скрыніч. –А можа, наадварот, ён нечым дапамог вашаму прадзеду?

– Ага, дапамог… Магу ўявіць. Вы проста не разумееце…– Корб-Варановіч усхвалявана счапляў-расчапляў пальцы. – Вяжэвічы і мы – гэта…

– Ну чаму ж, разумею, – перабіў Вячка. – Вечныя антаганісты. Глядзець спакойна адзін на аднаго не можаце. Паны і прыслуга. Законныя нашчадкі і бастарды. Каталікі і праваслаўныя. Заходнікі і ўсходнікі. Каты і ахвяры, якія мяняюцца ролямі. Але ў вас, вы самі гэта прызналі, адна кроў. Паглядзіце абодва, вам гэта нічога не нагадвае?

Скрыніч дастаў з тэчкі аркуш і паклаў на стол. Ася зацікаўлена схілілася. На пажаўцелай паперы быў намаляваны чорнай тушшу кубак... Каржакаваты, з гравіраванай паляўнічай сцэнай – хорт ляціць за лемпардам між дзівосных дрэў, на фоне востраверхіх дамкоў і цэрквачак. Выявы грубаватыя, трохі наіўныя, але непаўторна-выразныя, відавочна мясцовага майстра, не вучанага ў італійскіх майстэрнях.

– Пазнаю. Гэты кубак… дакладней, ягоная палова, дасюль захоўваецца ў сям’і Корб-Варановічаў, – ганарыста прамовіў графскі нашчадак.

– У бабулі ў буфеце таксама…– няёмка прамовіла Арсенія.

– Што? – недаўменна перапытаў Даніла Раманавіч. Ася сабралася з духам і прамовіла больш гучна:

– У маёй бабулі ў буфеце стаіць палова такога кубка. Яго некалі вось так, вертыкальна, рассеклі. Ён срэбны, толькі на ім вершнік з мячом, а не гэтая… пантэра.

– Лемпард, – аўтаматычна паправіў Корб-Варановіч. І зараз жа зноў усхадзіўся, як паверхня ракі ад вясла чоўна:

– Па-першае, гэта наш фамільны кубак, і я не разумею, чаму яго фрагмент павінен захоўвацца ў сям’і прыслугі. Па-другое, адкуль вы, спадар Скрыніч, пра гэтую рэч даведаліся?

– Са следчай справы Апанаса Іванавіча Корб-Варановіча,— адказаў Скрыніч, і памаранчавыя літары на ягонай майцы ў чаговы раз нагадалі, што не варта ўчыняць вайны. Гісторыка гэта не супакоіла:

– Выбачайце, але ўсё, што можна было знайсці пра майго прадзеда, я знайшоў, і гэтага аркушыка нідзе не…

– Запэўніваю, вы знайшлі далёка не ўсё, – перабіў Скрыніч. – У мяне, так бы мовіць, свае крыніцы і сувязі… Таму й кажу – вы павінны далучыцца да маіх… нашых далейшых росшукаў.

Маніпулянт Вячка дастаў яшчэ адну пажаўцелую паперку, спісаную ад рукі сінім атрамантам, няроўным, нервовым почыркам:

– Вось, зірніце… Уласна кажучы, з гэтай паперкі і пачалася мая задума рамана. Вы маглі чытаць скарочаную версію следчай справы, перададзеную на захаванне ў агульны архіў органаў. А мяне дапусцілі яшчэ і да такіх-сякіх папер з канфіскаванага архіва Апанаса Іванавіча, якія дужа зацікавілі следчых. Сярод іх – тастамент Алехны Корб-Варановіча, складзены ў час княжэння Жыгімонта Аўгуста. У справе захоўваўся спіс з яго, зроблены вашым прадзедам.

Вячка працягнуў аркуш. Граф прагна схапіў яго і пачаў чытаць, прамаўляючы ўслых:

– Так… Тэкст сапраўды падобны да шаснаццатага стагоддзя… “То ест тестамент остаточное волі моее… Естлі бы пан Бог смерть на мене допустіл рачіл, так водле волі моее хочу меті, а не іначей…“ Ну, гэта не вельмі цікава… Абавязковыя формулы… “Тело мое мае быць погребено і поховано ведля обычаю, одна прецесея в шесть свечок ляных у Ройно, у царкве святого Іосіпа, прадедом моім паном Іосіпом Вороновічем будованою. А куфар мой поставіць у царкву светого Юры, до магілы прадзеда майго Юры Вороновіча, уваход жа туды тылько пану Богу і старейшым од роду ведомы, дзеля таго, каб было чым справджваць запаведанае”. Нічога не разумею… – Корб-Варановіч нават апусціў аркуш з тастаментам. – У шаснаццатым стагоддзі ў Ройна Язэп Варановіч пабудаваў царкву ў гонар свайго нябёснага апекуна Святога Язэпа… Яна прастаяла да часоў Хрушчова. А Юры Варановіч, брат Язэпа, загінуў рана, і пра царкву святога Юрыя ў ваколіцах Ройна я ніколі не чуў. Магілы Корб-Варановічаў усе былі ў царкве святого Язэпа. Праўда, праверыць не магу, калі царкву ўзарвалі, то і сутарэнні вычысцілі ад княскіх парэшткаў… Прырабілі да руінаў дах і бульбу там захоўвалі. – І пачаў чытаць далей. – “Его кролевской мілості, пану моему мілостівому, два кубкі позолотістые с коралевымі рогамі. І два кубкі одностайные роботы нурумбергское между іншымі моімі наболшіе, зверху і знутра позлотістые, а к тому налівка з медніцаю сребраные”… Так, гэта наўрад пра той самы кубак… Ага, вось… “Потомкові моему Андрею, естлі ему пан Бог здоровье рачі дать, все іменье мое стоячое, што навечность маю в местском праве в Городеі, Жеславлі…”