— Гэта вы фільмаў пра Індыяну Джонса нагледзеліся! – фыркнула Арсенія. – Магчыма, кубак меў такое вялікае значэнне для ўладальнікаў, бо калісьці выкарыстоўваўся як пацір, для прычасця. – На дзяўчыну сышло натхненне. — І тое, што такі сакральны сасуд нехта рассек напалам – магло адбыцца толькі ў надзвычайных абставінах. Падчас вельмі важнай трагічнай падзеі…
— Напрыклад, забойства Язэпам Варановічам свайго старэйшага брата Юрыя Варановіча з дапамогай вернага слугі Вяжэвіча! – прапанаваў версію Вячка. – Таму Вяжэвічам гаспадары і давалі прывілегіі – за саўдзел у злачынстве. Таму і ненавідзелі – як сведкаў. І часткі кубка былі напамінам пра агульную тамніцу!
Версія актыўна не спадабалася Корб-Варановічу, якому за гонар роду было крыўдна. Нічога, на крыўдлівых ваду возяць… Ася не бачыла нічога заганнага ў тым, каб стацца нашчадкам якой-небудзь сярэднявечнай ледзі Макбет беларускага разліву.
— Гэта таму, што ў вас адмерла гістарычная памяць! – безапеляцыйна заявіў Корб-Варановіч.
— Гэта таму, што я шаную сваіх продкаў усялякіх! Думаеце, яны ўсе павінны быць героямі?
— Ды каб і былі – вы іх не ведаеце. А прычынай — абыякавасць і непісьменнасць…
Ася адчула, як кроў кінулася ў галаву. Гліняныя медалі, развешаныя на матузках па сценах настаўніцкай хаты, завібрыравалі...
— Прабачце, але калі хто зацыклены на гонары роду – неадменна няздзейснены сам па сабе!
Дзесьці на варыўні імбрык пачаў закіпаць на выключаным агні.
— У такім выпадку лепшыя людзі свету былі такімі нядзейсненымі! А быдла заўсёды самадастатковае…
Валасы графскага нашчадка калмаціліся, як ад ветру. Арсенія так крутанула свае пярсцёнкі, што два зляцелі на стол, грукнулі, закруціліся, быццам хацелі ў паніцы схавацца.
— Мне падалося, ці вы толькі што аднеслі мяне да катэгорыі быдла?
— Гэта не я вас аднёс! Вы разважаеце, як уласціва гэтай распаўсюджанай катэгорыі!
— Вы проста самазакаханы індывід!
— Не пераацэньвайце мяне, мне да вас у гэтым плане далёка…
Ася ўскочыла і зрабіла крок да ворага.
— Вы атрымліваеце задавальненне, калі прыніжаеце людзей! Прызнайцеся!
Корб-Варановіч таксама ўскочыў, як грэшнік з гарачай патэльні.
— Паверце, таго, хто мае ўласную годнасць, нельга прынізіць! А мяне найбольш раздражняе, калі людзі не цэняць таго, што ім дадзена! Ламаюцца пры першым подыху ветру! У вашых апавяданнях у “Маладосці” было шмат наіву, шмат пачаткоўскага пераймання, але было галоўнае – шчырае жаданне нешта данесці да чытача, здольнасць бачыць тое, што не бачаць іншыя… І куды яно падзелася? Чатыры гады прайшло – што вы напісалі?
Арсенія разгубілася… Корб-Варановіч чытаў ейныя аповеды! За якія самой сёння сорамна…
— А можа, я проста зразумела, што пісьменніцы з мяне не атрымаецца?
— А можа, вам проста не хапае самаахвярнасці? Бог даў здольнасці, але ж развіваць іх цяжка. Славы не чакаецца, грошай не плоцяць… Таму на табе, Божа, назад гэты крыж, у мяне плечыкі баляць!
Каля сядзібы здымалі чарговыя сцэны фільма пра вайну ў адпрасаваных гімнасцёрках, кабанчык Аляўціны Пятроўны дажоўваў вараную бульбачку, усе самалёты з Беларусі ў Турцыю на сёння адляцелі, а Вяжэвіч і Корб-Варановіч так глядзелі адно аднаму ў вочы, што каб між іхнімі поглядамі паставіць шкло – трэснула б… Каламутная, застаялая, старажытная нянавісць віравала ў двух шэрых позірках, Арсеніі падалося нават, што іх з гісторыкам прыцягвае адно да аднаго, як супрацьлегла зараджаныя металёвыя плыты... Дзяўчына апамяталася ад таго, што Корб-Варановіч трымае яе за запясце – няўжо яна замахнулася на паскудніка? – і ягоныя сківіцы сціснутыя да рыпення. І яе ўсю пераварочвае ад гэтага дотыку…
І тут у кішэні гісторыка зайграў паланез Агінскага…
Ася ўжо ведала, што Корб-Варановіч пачуе па сваім мабільніку. Ларыса Пампееўна Александроўская выдала чарговыя рулады. Арсенія пачала супакойвацца. Падабрала са стала пярсцёнкі… Змеявік і кашэчае вока… Вось жа, найшло! Ніколі так не “заводзілася”. Тым больш на старэйшых. Чаму адзін выгляд графскага нашчадка так на яе дзейнічае? Ды і ён на яе спакойна глядзець не можа…
Былая спадарожніца графскага жыцця працягвала спяваць. Вусны Вячкі перакрывіла з’едлівая ўсмешка. Ася зразумела, што раманіст зараз страшэнна злосны, відаць, з-за збою ў развіцці сюжэту.
— І чаму вы развяліся з такой неардынарнай жанчынай? – бязвінным тонам папытаўся Вячка, варта было Корб-Варановічу скончыць песенную размову. Той сабраўся адмаўчацца… Але Скрыніч быў настроены на карыду. Пазайздросціў, ці што, гарачай дыскусіі сваіх спадарожнікаў?