— Ну ты, браце, і спіш! – удавана весела прамовіў дацэнт, здушыўшы кашаль. – Сеў проста ў лужыну – і захроп. Тут такія парушэнні дысцыпліны праходзяць?
Калантай злосна азірнуўся на Вяжэвіча, на былога сябрука, на ўласныя мокрыя штаны… Пацёр шыю… І адчайна застукаў у дзверы, увесьчасна кідаючы позіркі на Корб-Варановіча, нібыта чакаючы, што той зноў яго ўкладзе спаць.
У камеру ўварваліся трое.
— Ты, і ты! – чарнявы вартаўнік тыцнуў пальцам на Калантая і Вяжэвіча, – На выхад! А ты, контра, сядзець! – раўнуў у бок Корб-Варановіча.
Былы дацэнт і ягоны былы вучань не развіталіся нават позіркамі. Няхай каты застаюцца ва ўпэненасці, што шавініст і нацыяналіст па-ранейшаму варагуюць.
Турма жыла сваім нялюдскім жыццём, напоўненым болем, нянавісцю і крыкамі. Калантая павялі далей па калідоры, а Вяжэвіча ўпіхнулі ў маленечкі пакой справа. Кінулі чаравікі, чыстую кашулю, пінжак… Нават кальсоны. Прынамсі, падлога тут была сухая, і замест цурбаноў – нары… Алесь з задавальненнем расцёр знямелыя ногі. Пераапрануўся, абуў чаравікі – якраз па памеры… Прайшла гадзіна, дзве… На якое кола дантава пекла яго кінуць далей? Дзверы расчыніліся, вязня зноў некуды павялі, цяпер ужо на другі паверх. Тут былі не камеры, а кабінеты. Зноў допыт? У пакоі, утульным, цёплым, нават з парцьерамі на закратаваных вокнах, з паркетнай падлогай і ляпнінай на столі насустрач падняўся з крэсла турэмны лекар.
— Тата!
Старэйшы Вяжэвіч змрочна глядзеў на сына.
— Падпісвай пратакол, і пайшлі…
— Які пратакол? Куды… пайшлі?
Справа, за пісьмовым сталом, сядзеў малады нкусавец, сыты, як млынарова карова, і з засяроджаным выглядам чытаў нейкія паперы. Ён і падазваў Алеся.
— Вось тут распішыцеся.
Вяжэвіч недаўменна наблізіўся. Схіліўся над аркушамі… Гэта была распісаная па рэпліках ягоная нядаўняя размова з Корб-Варановічам.
— Давай, Алесь, падпісвай… Цябе вызваляюць, – адрывіста прагаварыў старэйшы Вяжэвіч.
Увушшу выкладчыка педтэхнікума зашумела, нібыта зноў нехта роў яму ў вушы праз папяровыя варонкі.
Вось чаго ён чакаў дзве гадзіны – пераздымалі стэнаграму!
— Я не хачу…
— Заткніся! – скрозь зубы прашыпеў лекар і сілай уклаў у руку сына пяро. – Удалося паўдзельнічаць у раскрыцці ворага – радуйся. – І дадаў яму на вуха амаль бязгучным шэптам. – Калі табе на нас з маці напляваць, падумай пра жонку з дзіцем. Ну!
Алесю падалося, што зямля сыходзіць з-пад ног. Так і бачылася, як Корб-Варановіч, прачытаўшы імя пад пратаколам, крывіць вусны і шыпіць з пагардай: “Вяжэвічы…”
І цяпер ён цалкам будзе мець падставу адносіцца да іх з пагардай… Але як жа гэта?... Няўжо сусед па карцэры іх з прафесарам падмануў?
А гэта выйсце…
— Няхай Калантай падпісвае.
— Пры чым тут ён? Калантай абмішурыўся, як дурань, — патлумачыў з брыдкай усмешкай нкусавец. – Даў сябе адключыць гэтаму белагвардзейцу… Так што ваша дапамога неацэнная, Вяжэвіч. У тым карцэры акустыка добрая, але мы не ведалі дакладна, хто праб’е гэтага хітравана на шчырасць: былы сябар ці былы вораг. Колькі гадоў не маглі раскалоць яго наконт бандыцкага логавішча! Трымаўся, як сталёвы, некаторыя следчыя нават паверылі ў версію наконт “проста легенды”. І вось, калі ласка – за паўгадзіны вам удалося! – нкусавец пакруціў светлавалосай галавой, як быццам яму далі пакаштаваць нешта смачнае. — Вядома, шкада, падрабязнасцяў не выцягнулі… Але гэта ўжо справа тэхнікі. Цяпер расколем суку, як гнілы арэх! Але ж трэба, як гэты ваш контрык... сваіх жа... ажно шэсць штук умарыў!
Службовец шчыра зарагатаў. Алесь зразумеў, што з ім ужо гавораць, як са сваім…
— Дык навошта вам тое сховішча?
— На то! – важка адрэзаў следчы. – Вораг – нават мёртвы застаецца ворагам. Дакументы пры іх нейкія будуць. Асобы ідэнтыфікуем. У кожнага ж сваякі, злачынныя сувязі… Гэта, таварышы, раскрыццё цэлай банды!
Тлусты твар нкусаўца свяціўся ад шчасця.
— Трэба толькі тыя паловы кубка канфіскаваць… Вы ўжо пашукайце ў сваіх сямейных хованках.
Лекар схапіў сына за бязвольную руку з заціснутым пяром і гвалтам змусіў паставіць нейкую закаручку.
— Пайшлі!
Алесь ачомаўся і кінуў пяро, як гадзюку:
— Сволачы! Я ніколі…
І сагнуўся напалам, бо бацька моцна ўдарыў пад рэбры.
Лекар трымаў сына ў абдоймах і цягнуў да выхаду.
— Усё нармальна, таварыш лейтэнант! У яго шок…
— Ну, шок дык шок… — абыякава пагадзіўся нкусавец. – Падлячыце, і будзьце гатовыя. Калі што, мы яшчэ звернемся да паслугаў вашага сына. У яго добра атрымліваецца.
Ужо ў калідоры Алесь упаў на калені і захлынуўся плачам.