Корб-Варановіч – да Асі паступова даходзіла, што гэта менавіта ён – падняў галаву і гукнуў уверх:
— Здаецца, без пераломаў… Толькі не шуміце, спадар Скрыніч! Пастарайцеся, каб пра гэтае месца не даведаліся пабочныя…
— Ды што ж я вас, адзін выцягну?
— І не палохайце Аляўціну Пятроўну. У ейнага брата машына ёсць, папрасіце, каб яна вам арганізавала… Прыдумайце якую прыстойную падставу. Ну і вяроўкі знайдзіце. Галоўнае – без розгаласу!
Запанавала маўчанне. Ася зразумела, што Вячка сышоў, і нястрымны жах зноў змусіў яе сэрца закалаціцца, быццам град у бляху. А калі Скрыніч не вернецца? Калі ў ягоную геніяльную галаву ўзбрыло прыкончыць галоўных герояў рамана гэткім эфектным спосабам? Быў жа такі старажытнагрэчаскі мастак, Парасій Эфескі, які, каб дасканала выявіць пакуты Праметэя на карціне, загадаў укрыжаваць проста ў майстэрні старога раба, адмыслова для гэтага купленага, і пры гэтым яшчэ прыпякаць няшчаснага распаленымі абцугамі, дзеля жывасці мімікі. Замучыў старога да смерці, і Асю больш за ўсё абурала, што гэткія садысцкія схільнасці не заміналі шаноўнаму Сакрату весці з Парасіем разважныя філасофскія гутаркі пра сутнасць мастацтва…
— Дзе… дзе мы?
— Думаю, менавіта там, куды так зацята хацелі патрапіць.
Корб-Варановіч акуратна аддзёр Асіны рукі ад сябе, устаў, пры гэтым сцішана застагнаўшы (таксама пабіўся, ці што?), і па вачах разанула святло… Гісторык уключыў мабільнік у функцыю ліхтарыка. Вузкі прамень нахабна слізгануў вакол…
Напэўна, белабандыт Карыбутовіч не супраць быў бы ўзяць Асю ў штурмавую групу ў якасці гукавой зброі. Таму што нават конь, які насіў камандарма Будзёнага, ашалеў бы і панёс вусатага гаспадара прэч ад ейнага дзікага віску. Даніла Раманавіч ледзь не выпусціў з рукі ліхтарык, прынамсі, ягоны прамень пераскочыў некуды пад каменныя зводы.
Але ў вачах Асі стаяла пабачанае відовішча ў найлепшых традыцыях готыкі: трупы. Шкілеты ў гнілых ашмётках… Чарапы… Чорныя прагалы вачэй, там-сям – наліплыя на брунатную костку пасмы валасоў… Іржавыя стрэльбы… Біклагі… З падсвядомасці ўсплыло вычытанае ў адрэдагаваным падручніку па судовай медыцыне, што пару год таму немаведама як апынуўся ў выдавецкім партфелі: згодна правіла Каспера, адзін тыдзень гніення трупа на паветры роўны двум тыдням гніення ў вадзе і васьмі тыдням гніення ў зямлі. А для даследвання неабходна ўзяць пяцьсот грамаў цягліцаў, змесціва мачавога пухіра і страўніка…
— Ды сціхніце, далібог! І не ламайце мне руку. Яны нам нічога не зробяць. Мне што, па шчоках вас лупіць?
Ася дрыжэла, як у ліхаманцы… Але патроху рабілася сорамна: вось ужо не чакала ад сябе, што ў экстрэмальных абставінах так запанікуе. Колькі разоў глядзела фільмы жахаў, і заўсёды пацяшалася над дзяўчаткамі, якія вось так па-вар’яцку верашчалі, забачыўшы шкілеты… І, вядома, думалася: дурніцы, сама ніколі не заверашчу!
Прамень ліхтарыка абшарыў сутарэнне, спусціўся пад ногі…
— Дзесьці тут шапка мая павінна быць… – гісторык неяк з цяжкасцю нахіліўся, памацаў рукой унізе, падняў і ўздзеў, абтросшы, на галаву свой стылёвы скураны шлем. Потым задраў галаву, пасвяціў уверх.
— Відаць, піратэхнікі калантаеўскія запалы побач ставілі! – з задавальненнем зазначыў гісторык. – Кладка зусім нядаўна абвалілася. Пяцьсот гадоў праіснавала – і гамон… Не ад сапраўднай бамбёжкі нават, а ад бутафорыі… — пасвяціў на Арсенію. — Але ж трэба, спадарыня, які ў вас талент увальвацца ў непрыемнасці! У цэлым полі наступіць менавіта туды, дзе яміна! Мы на хвілю нават у містыку паверылі – вось ваша жвавая постаць наперадзе мільгае, як лісіны хвост, вось – знікла… Як скрозь зямлю правалілася. І наце вам ключы ад Магілёва – правалілася ўзапраўду!
Да Корб-Варановіча вярнуўся фанабэрыста-з’едлівы тон, і гэта дапамагло Асі супакоіцца і нават пачаць злавацца.
— Між іншым, вы таксама сюды для чагосьці скочылі, замест таго, каб мяне падымаць… А я б вашу прысутнасць з ахвотай памяняла на магчымасць апынуцца наверсе! Удвух вы б мяне ўжо дасталі!
— А што б вы адна рабілі, пакуль бы мы вяроўку знайшлі? Ад жаху звар’яцелі б ужо... — з некаторай няёмкасцю прабурчэў гісторык і пачаў вадзіць промнем ліхтарыка па сценах. — А калі б вы сама не маглі варушыцца? Крывёй сцякалі? Дастануць вас усё роўна… Не хвалюйцеся… А раз ужо мы тут – дык давайце даследваць.
Асі цяпер было шчыра напляваць на ўсе таямніцы свету, нават калі б тут захоўваўся Святы Грааль… Корб-Варановіч, відаць, баючыся новага прыступу крыку, не асвятляў тое месца, дзе ляжалі чалавечыя парэшткі, вывучаў зводы скляпення. І Асі здавалася, што ўся неасветленая прастора забітая шкілетамі.