Забінтаваны Корб-Варановіч выйшаў за Асяй у вітальню, пасунуўся да шафы:
— Выбачайце, зараз накіну кашулю…
Пасля ні ён, ні яна не маглі ўспомніць дакладна, як усё было. Проста ў пэўныя моманты свядомасць чалавеку толькі перашкаджае, ну і адключаецца яна, лагічная наша. Вучоныя кажуць, што жарсць і стрэс праяўляюцца аднолькавымі сімптомамі, і аднолькава пакутліва і неадольна.
Іх проста прыцягнула адно да аднаго, як два па рознаму зараджаныя кавалачкі металу. Гэтаму немагчыма было супрацьстаяць. Іхні пацалунак меней за ўсё нагадваў пяшчотны пацалунак закаханых. І ён быў доўгі, як прамінулы дзень, і падгіналіся ногі, і можна было абысціся без паветра…
А потым Ася адляцела да супрацьлеглай сцяны вітальні, адшпурнутая Корб-Варановічам, як кацяня.
Граф стаяў, прыціснуўшыся спінай да сваёй сцяны, нібыта сабраўся ў яе ўрастаць.
— Ідзіце адсюль. Зараз жа. Ну! Дурное дзяўчо! Прэч!
Арсенія нават не адразу зразумела, што за шумныя цяжкія гукі чуе – а гэта дыхаў мужчына насупраць. Як загнаны звер. Яго грудзі, на якіх ляжаў пацямнелы срэбны крыж, цяжка ўздымаліся, цягліцы напружваліся, як перад смяротным двубоем. А ў вачах былі здзіўленне, адчай, злосць… Але галоўнае – нешта яшчэ…
Тое, што змусіла Асю падысці і проста няўклюдна торкнуцца тварам у яго грудзі…
Гэта было мацней за смерць.
— Я цябе ненавіджу… — разгублена, з безнадзейным адчаем прагаварыла Арсенія.
— Узаемна… — скрозь зубы працэдзіў мужчына і з нейкім звярыным стогнам зноў прыпаў да яе вуснаў — як самазабойцы кідаюцца ў агонь.
А праз паўтары вечнасці ён сурова прашаптаў:
— Што ж… Значыць, так суджана… Такі, значыць, кон... Сышліся шляхі…
І Арсенія адчула, што яе адрываюць ад падлогі, і дужыя рукі нясуць… А, няхай хоць бы і ў прорву…
Захопнікі-рымляне старанна пераймалі ўсіх багоў зваяваных грэкаў, уладальнікаў вытанчанай культуры, толькі імёны ім свае давалі… Замест Арэса – Марс, замест Зеўса – Юпітэр… А вось адзін бог быў фірменна рымскі, непаўторны… Двухтвары бог Янус. Гэты бог, акрамя іншых важлівых справаў, ахоўваў ганак дома і выпраўляў у шлях. І кожны жыхар магутнай імперыі, асабліва ў часы, калі штодзень ён мог па загадзе імператара апынуцца ва ўласнай лазенцы з перарэзанымі на руках і пад каленьмі венамі, ведаў, што мудры бог Янус дае яму слушны прыклад: мець адзін твар – для дому, другі – для грамадства, дакладней, поліса. І той твар, з якім высоўваешся за ўласны парог вонкі, мусіць быць такі самы, як ва ўсіх добранадзейных грамадзянаў імперыі, спалучаючы гонар за прыналежнасць да магутнага Рыму і адданасць вялікаму імператару, роўнаму ўсім багам…
Алесь, пераступаючы парог аўдыторыі, у чарговы раз уявіў, як у яго з’яўляецца іншы твар… Сур’ёзны, добранадзейны твар савецкага выкладчыка педагагічнага тэхнікуму… Ці мог ён яшчэ нядаўна ўявіць, што пачне прыходзіць да сваіх вучняў уласным двайніком, пачувацца з імі не так, як у размовах з сябрамі? Ён калісьці і ўзяўся за выкладанне з устаноўкай – быць заўсёды шчырым і навучаць не літаратуры, а любові да літаратуры… Якія дыскусіі ўзнікалі на ягоных лекцыях! Вочы юнакоў і дзяўчатак, у большасці з вёскі, палалі такім энтузіязмам, што верылася – справа Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Гаўрылы Гарэцкага, пазбаўленых звання акадэмікаў, арыштаваных, сасланых, і, падобна, згінулых назаўсёды, не знікне… Калісьці, калі народны ўрад пастанавіў, што навучанне мусіць быць на беларускай мове, хапіла тых, хто гэтаму супрацівіўся. “Кому нужны вместо аттестатов ваши “посьведчаньни”? Как можно преподавать “арыхметыку” на неразработанном, насильственно навязываемом населению белорусском языке”? Алесь быў яшчэ на першым курсе, калі ў “Крестьянской газете” з’явіўся ліст ад грамадзянаў горада Полацка, горада Скарыны, аб тым, што беларуская мова – вымысел купкі нацыянал-шавіністаў, 90 адсоткаў насельніцтва рэспублікі размаўляе па-расейску, і нельга ж сур’ёзна лічыць за пісьменнікаў Якуба Коласа і Янку Купалу! Як ён тады абураўся разам з таварышамі! А старыя настаўнікі сабатавалі пераход навучання на беларускую, дый самі сяляне, выпраўляючы дзетак у школу, злаваліся: гэтак мы й дома гаварыць умеем, а вы навучыце сыночка па-вучонаму! І тады сотні дзяўчат і хлопцаў з рабфаку пайшлі ў школы, выкладаць свайму народу і вяртаць яму яго годнасць, рабіць так, каб ён не знік… Бо калі знікне мова – непазбежна знікне, сальецца з іншым і народ… Алесь тады таксама з сябрамі пасля заняткаў ва ўніверсітэце бегаў выкладаць у школку…