Прынамсі, ён паспее пабачыць сваіх родных…
Ад Веранічынай працы ім далі ордэр на кватэру на ўскрайку горада, на Даўгабродскай, на першым паверсе цаглянага двухпавярховіка. Два пакойчыкі і кухня – гэта здавалася верхам раскошы! На кухні, за паркалёвай фіранкай, аказалася нават ванна – вялізная, чыгунная, на жалезных ільвіных лапах, з белым эмалевым пакрыццём спрэс у іржавых плямах… Для Ірынкі – лічы, возера, калі пару вёдзер вады заліць…
— Тата! Я навучылася таньчыць, як рыбка!
Рыбка ты мая… Алесь падхапіў бялявенькае сваё цуда на рукі, пацалаваў у лобік… Ірынка не дужа ўдалася ў Вяжэвічаў – толькі валасы ды вочы ягоныя, і цяпер ужо зразумела, што фамільнай мяккасці ў рысах не будзе, і Алесь шчыра гэтаму радаваўся. З характарам дзеўка вырасце, жвавенькая…
Вераніка паказалася з другога пакою. Як яна ўсё-ткі схуднела, аж пад вачыма – цёмна… Але ад гэтага яшчэ прыгажэй.
Можа быць, удасца неяк уберагчы яе, каб не перажываць ёй зноў грукат у дзверы, ператрус, арышт мужа… Вар’яцкая думка – пайсці самому ды здацца “ў апрацоўку”… Не засільвацца ж – маці ніколі не даруе. Колькі разоў паўтарала: няма страшнейшага граху, як адмовіцца ад дару Боскага, ад жыцця… Нават на крыжы ёсць надзея!
Калі б ён мог маліцца, як у дзяцінстве! Шчыра, з верай непарушнай і шчаслівай, звяртацца не да пагрознага цара нябёсаў – а да ўсёдаравальнага, усёразумеючага Айца…
…Калі магчыма, пранясі гэтую чару паўз мяне… Але няхай будзе, як ты хочаш…
Усё-ткі добра, што маці ўпотай ад усіх пахрысціла сваю ўнучку – прыйшла ў галаву настаўніка крамольная думка. Пахрысціла тут, побач, у Аляксандра-Неўскай царкве, якая адна й засталася дзейнічаць з усіх культавых пабудоваў… Алесь і Вераніка доўга абураліся, але супакоіліся – што ж, забабоны жывуць доўга, а дзіцяці шкоды няма. А цяпер Алесь быў рады, што ў дачкі нябёсны заступнік… Не, Вяжэвіч не збіраўся апраўдваць цемрашальства. Але… А раптам усё, у што ён верыў у дзяцінстве, рай і апраметная, анёлы-ахоўнікі і дэманы-спакушальнікі, Прасвятая Багародзіца і сонм святых угоднікаў, насамрэч існуе, як і Усёдаравальная Любоў і Страшны Суд?
Каб жа гэта было так…
Званок разануў па вушах, як пугай. Яшчэ раз, яшчэ… Няўжо так хутка?... Вераніка пайшла адчыняць. Алесь схіліў галаву над пісьмовым сталом, ператварыўшыся ў слых. Вось бразгае замок… Рыпяць дзверы… П’яны голас бацькі.
Даўно ўжо ягоны голас не звязваўся для Алеся з радаснай палёгкай.
Старэйшы Вяжэвіч стаяў пасярод вітальні, трымаючыся рукой за сцяну. Ён усё яшчэ быў дужы і прыгожы, калі не прыглядацца, і старонні чалавек мог і не зразумець, наколькі ён ва ўладзе шклянога бога. Ды Алесь выразна бачыў: твар азыз, скура робіцца пергаментна-жоўтай, на носе праступаюць юлёвыя прожылкі, цёмныя валасы адбягаюцца ад высокага ілба ўсё далей, а у светлых вачах – жудкая пустэча, як у наўца, які загінуў гвалтоўнай смерцю. Алесь чытаў пра вучоных, што намагаліся здабыць выяву, якую нібыта захоўваюць вочы мерцвяка – тое апошняе, што ён бачыў у жыцці. Што ж давялося пабачыць бацьку, пасля чаго ён, колішні, памёр?
Лепей не ведаць.
Антон Антонавіч Вяжэвіч упёрся цяжкім паглядам у сына.
— Што ж ты нарабіў, Сашка? Праўду кажуць – ратавалі вадзяніка ад вады, затапіў вадзянік гарады… Каму стала лягчэй ад тваіх палымяных прамоваў? Што зменіцца да лепшага? І да булавы трэба галавы…
Трэба ж, якая аператыўнасць… Даклаў нехта, куды трэба, пра сённяшні сход.
Вераніка спалохана спытала ў свёкра:
— Няўжо… зноў?
— Зноў! – злосна пасміхнуўся лекар. — І яшчэ як пракукарэкаў наш пястун паэтычны! Да Масквы дайшло. І на гэты раз ніхто не дапаможа. Ні мае сувязі, ні… твае, Вераніка.
Алесь змрочна прамовіў:
— Я не зрабіў ніякага злачынства.
Бацька засмяяўся, быццам ламалася сухое дрэва.
— Паляванне на ведзьмаў – вясёлы занятак,
Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў.
Нарадзіўся на свет —
дык ужо вінаваты…
Вінаваты стакроць, хто ў загон не пайшоў.
Та-ак, калі бацька пачынае цытаваць вершы, значыць, справа зусім дрэнь…
— Ты не сябе сёння загубіў… Ты ўсю сям’ю загубіў. Ты хіба сабе належыш? Дзеля чаго я і твая жонка душы свае заклалі, сябе прадалі, каб цябе, боўдзілу, ад смерці выкупіць? Каб ты героем непрызнаным беспакаранна над травою лунаў, нехта мусіў у гразі папоўзаць! Ты пра гэта не задумваўся, лятун? І што, усё дарэмна?
Бацька стаяў, злёгку пахістваючыся, пасярод вітальні, вялікі, роспачны, варты жалю… А ягоныя словы, як кроплі кіслаты, раз’ядалі свядомасць, дастаючы да жывога…