Гаспадыня прагна разгарнула верхні томік.
– “О весна без конца и без краю.
Без конца и без краю мечта.
Узнаю тебя, жизнь, принимаю,
И приветствую звоном щита”…
– Дзякуем! Як я даўно гэтага не чытала! Паўлік таксама Блока любіць.
– Гэта ад бібліятэкі майго мужа засталося, – ціха прагаварыла госця. — А вы не памятаеце мяне, Марына Паўлаўна?
Гаспадыня ўгледзелася ў гожы твар.
– А мы раней сустракаліся?
– Так, мы прыходзілі да вас у ленінградскую кватэру, на сёмай лініі, калі былі студэнтамі філфаку. Я – Вераніка Вяжэвіч, жонка Алеся Вяжэвіча.
Гаспадыня паклала сіні том на іншыя, нібыта ён апёк ёй рукі.
– Не думаю, што нам ёсць пра што гаварыць.
Вераніка сутаргава ўздыхнула, але вачэй не апусціла.
– Я прыйшла не толькі для таго, каб падзякаваць… Хаця Ірына – гэта ўсё, што засталося ў мяне ў жыцці, і даражэй за жыццё. Але я прыйшла і для таго, каб выканаць апошнюю волю вашага мужа і майго.
Худзенькая жанчына сціснула кулакі.
– Што агульнага могло быць у Апанаса з Алесем Вяжэвічам? Я помню, як Апанас мне распавядаў пра цкаванне яго ва ўніверсітэце… Колькі ён перажыў! А як ваш муж з сябрамі мяне дапытваў! Я пасля вашага візіту кожны дзень чакала арышту.
Вераніка Вяжэвіч сцягнула хустку на плечы, сціснула яе краі.
– Майго мужа расстралялі ў тым жа годзе, што і вашага. Толькі трохі пазней. Быў выпадак, калі яны апынуліся ў адной камеры. Паверце, між імі ўжо не было ранейшай варожасці. Яны… паважалі адзін аднаго. Апанас Іванавіч распавёў Алесю страшную гісторыю… Папрасіў вам пераказаць. Ды Алесь, якога вызвалілі на нейкі час, вас не знайшоў – ні ў Ленінградзе, ні ў Саратаве. А перад тым, як яго зноў забралі, загадаў мне адшукаць вас.
Марына Корб-Варановіч раздражнёна выцерла слёзы, які навярнуліся на светлыя вочы.
– А я ж толькі нядаўна даведалася, што Апанас загінуў у трыццаць восьмым. Мне ж не казалі… Я ўсю вайну думала, што ён жывы… І Паўліку на фронт пісала – жывы бацька, пра цябе пытаецца, чакае перамогі і вызвалення… Колькі запытаў ва ўсе інстанцыі… А колькі пасылак пераслала – і хоць бы адну, навалач, вярнулі… Толькі ў верасні атрымала паперку – асуджаны Апанас Корб-Варановіч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца ў бальніцы мінскай турмы. Я не сумнявалася, што хаваецца за гэтым эўфемізмам… Сардэчная хвароба са свінца… – Марына Паўлаўна зноў правяла па твары вузкай даланёй. – Сядайце… Зараз зраблю гарбаты з трускаўкамі. У нас ёсць сапраўдны цукар, не сахарын… А як вашая дачушка?
Вераніка стамлёна села на венскае крэсла, старое, вытанчана-нетрывалае.
– Дактары кажуць, што хадзіць зможа. Праўда, лячэнне зойме не адзін год. А вось таньчыць… З балетам давядзецца развітацца. А яна ж такая таленавітая… Ведаеце, нават у партызанскім лагеры канцэрты паказвала… Адзін падрыўнік у нас добра на вуснавым гармоніку граў, дык Ірынка такое вырабляла… Полечка, кракавяк, танец маленькіх лебедзяў… У вучэльню адразу конкурс прайшла, першым нумарам… Але галоўнае – жывая. Не прападзем… Яна яшчэ і шые добра, любіць строі прыдумваць. Магчыма, на мадыстку захоча пайсці.
– Мне вельмі шкада… – ціха і шчыра прамовіла гаспадыня. – Вы піце, піце гарбату… І печыва пакаштуйце.
А потым яны разам плакалі, нават не робячы спробы суцешыць адна адну.
– Вось чаму Апанас па начах крычаў нешта пра Сярожачку… – урэшце прагаварыла Марына. – Бедныя… І тыя, у сутарэнні, і Апанас… Як ён жыў з гэтым… Думаў, што я не дарую…
– Нас усіх час ламаў, – ціха прамовіла Вераніка. – Алесь мне таксама не змог прызнацца, што ягоную размову з Апанасам Іванавічам канспектавалі асабісты… Ён нічога не ведаў. А выйшла – нібыта ён правакатар. Таксама дараваць сабе не мог… Па начах плакаў…
– А вы адкуль даведаліся?
– Былі ў мяне… крыніцы інфармацыі… – глуха прагаварыла Вераніка, нібы цераз сілу, і гаспадыня заўважыла, што госцю пачынае калаціць як ад ліхаманкі. – Я не магу пахваліцца, што выйшла чысценькай. У мяне таксама было… індывідуальнае пекла.
І схавала твар у далоні.
Марына Корб-Варановіч з далікатнасці памаўчала. Потым перавяла размову на іншае.
– Вось жа і на мне ёсць правіна… Вы засталіся Вяжэвіч, а я нават прозвішча не захавала. У пашпарце я – проста Варановіч. І сына так запісала. Надта паўсюль чапляліся, што “Корб-Варановіч” гучыць арыстакратычна. А так бяспечней. Варановічаў на Беларусі як вазёраў. Толькі Паўлік не змірыўся, упарта называе сябе Корб-Варановічам. Характарам у бацьку…
На двары зноў забрахаў нястомны Рудзька, пачуліся галасы суседзяў… Сціхлі. Вераніка выпрасталася.