Выбрать главу

Яна толькі баялася, каб Дрозд не паехаў куды, не быў заняты, не адмовіў і тым не адабраў у яе апошнюю магчымасць утрымаць іх. Але сонца апусцілася ўжо нізка, марудна садзілася ўдалечыні за шырокую хмару над лесам, — у такую пару, ведала яна, служачыя ў мястэчку разыходзіліся з устаноў і займаліся сваімі справамі. Праўда, яна спахапілася, што нічога не ўзяла з сабой, усё ж трэба б прынесці які-небудзь гасцінец ды і бутэльку таксама. Але за ёю не прападзе, няхай толькі паможа.

Ён быў дома, яна адразу сцяміла гэта, як толькі збочыла з вуліцы ў вузенькі абсаджаны вішаннікам завулак да яго ладнай з трысценкам дамоўкі. З двух расчыненых вокнаў неслася гучная музыка, і за радам вазонаў на падаконніку варушылася нейчае мужчынскае з пагонам плячо.

Яна яшчэ раз паправіла на галаве хусцінку, скарэлымі ад заўсягдашніх мазалёў рукамі крадком выцерла вочы і, як мага цішэй, узышла на ганак. Дзверы ў хату былі расчынены, ён сядзеў на ўслоне і адразу павярнуў да яе насаты голены твар, на якім перш-наперш адзначылася здзіўленне.

— Што табе, цётка?

Тое, што ён назваў яе звыкла па-вясковаму цёткай, надало ёй смеласці, пад ягоным строгім, нібыта нават зласнаватым позіркам яна ступіла па засцілцы ад парога і сказала:

— Прыйшла да цябе, Пятровіч, па дзелу.

Патэфон на канцы стала змоўк, хтось павярнуў у ім блішчасты рычаг, і некалькі мужчын з насцярожанаю ўвагай уставіліся ў яе. Яна крыху збянтэжылася пад гэтымі поглядамі і не ведала, як ёй вытлумачыць сваю такую, здавалася, простую і зразумелую патрэбу. Недзе ў адчуванні яе на імгненне варухнулася прыкрасць, нават шкадаванне, што прыйшла сюды, але якога іншага выхаду на запас у яе не было.

— Ды я каб параіцца. Сыны ў мяне…

— Што сыны? Гавары канкрэтна.

Яна пакутліва шукала словы, каб як мага карацей і зразумела растлумачыць ім, што яе прывяло сюды.

— Ну гавары, гавары, не бойся. Тут усе свае.

— Сыны ў мяне… Нядобрае ўдумалі.

— Што, з бандытамі знюхаліся?

Яны ўсе разам нібыта страпянуліся за сталом, павярнуліся да яе, а Дрозд рашуча ўскочыў — рослы цяжкі мужчына ў сподняй блакітнай майцы — і дошкі ў падлозе хістка зазыбаліся пад ім.

— Ну, гавары!

Яна, выразна разумеючы, што павінна адважыцца на самае галоўнае, дзеля чаго гатова была на ўсё, амаль узмалілася:

— Пятровіч, родненькі, толькі ж прашу, не зрабі ж ім благога. Ну, можа, напалохай іх, не карай толькі. Маладыя ж яшчэ, блазнота зусім, старэйшаму васемнаццаты пайшоў са ўздвіжання. Хіба ж яны разумеюць…

— Ага! Так-так. Ну ясна. Дзе яны цяпер?

— Дома. Я ж запёрла іх.

— Запёрла? Маладзец, цётка. Хадзем!

Ён таропка нацягнуў на сябе свой паліцэйскі мундзір, сарваў са сцяны вінтоўку. Іншыя таксама вылезлі з-за стала, і ў хаце адразу зрабілася цесна. Яна адступіла, у сярэдзіне ў яе нешта здрыганулася і апала, і пакуль Дрозд падпярэзваўся тоўстай вайсковай дзягай, яна, сашчапіўшы на грудзях рукі, прасіла:

— Пятровіч, сынок, толькі ж вы па-харошаму каб…

— Мы па-харошаму! Культурна! Барсук, прыхапі канец.

Яны выйшлі на двор і, каб было бліжэй, хутка пусціліся па мяжы ў поле. Сонца ўжо схавалася за хмарай, па-вясноваму голае шэрае поле тужліва азмрочылася, але яшчэ было відно і ціха.

Тут, на волі, яна лепш разгледзела іх. Апроч Дразда, яшчэ двое былі ў нямецкіх мундзірах і пілотках, а адзін, задні, у сваім — пінжаку і шэрых картовых штанах навыпуск. Гэты, у штацкім, здалося, быў ёй знаёмы, і яна, забегшы трохі наперад, спытала:

— Гляджу гэта і пазнаю быдта. Ці не з Залесся будзеце? — З Залесся, матка, — проста адказаў ён басам, але размовы не падтрымаў. Яна прыгледзелася да астатніх двух крутых стрыжаных патыліц, але гэтыя, бадай, былі чужыя.

Так яны перайшлі пагорак, клін сенажаці, мінулі лазовыя зараснікі ля ручая. Каля балотца-выгарыны калупаўся з плугам кульгавы Пракапчук, селянін з іх вёскі, ён прыпыніў каня і доўга глядзеў здаля на жанчыну і чатырох паліцаяў з вінтоўкамі. Яна нічога не сказала яму, нават не азвалася і прайшла міма, але зараз жа ёй стала ніякавата ад гэтай насцярожанасці знаёмага чалавека. Праўда, яна тут жа перасіліла ў сабе гэта непрыемнае страхавітае адчуванне. Хай, хай папалохаюць, не заб'юць жа, бо немцам яны благога яшчэ не зрабілі, завошта ж караць іх?