Обер заўважыў, як паліцай пра нешта дамаўляўся з жанчынамі. Слоў ён не разумеў, але і так было ясна — пракляты паліцай з гэтымі басаногімі бабамі заадно. Заўважыўшы, як збялеў акамянелы Буднікаў твар, обер адчуў мсцівую асалоду — нарэшце настаў час правучыць гэтага смярдзючага тыпа і даць яму добра зразумець, з кім мае справу.
Ліке вёў веласіпед і рабіў выгляд, што нават не заўважае паліцая. Вочы яго спыніліся на крайнім гумне. Стрэху абляпілі разамлелыя ад спякоты вароны. Пры набліжэнні людзей птушкі паспрабавалі падняцца, нават узмахнулі крыллямі, але тут жа іх апусцілі — відаць, не чакалі ніякай небяспекі.
Ля дарогі рос тытунь, а паміне ім і гумном чарнела свежая ралля. Обер успомніў здымак расстрэлу партызан, які бачыў на стале ў Вернера. Саломай крыты рускі хлеў з такімі ж варонамі на страсе. Побач — свежая яма. На краі ямы — голы мужчына і белыя, як цеста, целы жанчын. З пісталетамі, настаўленымі ў патыліцу асуджаных, вясёлыя салдаты...
Ліке надта пашкадаваў, што не захапіў апарата.
— Гін! — обер махнуў рукой у бок гумна.
Немцы прыставілі веласіпеды да жэрдак, якімі быў агароджай тытунь, і накіраваліся да паказанага месца. На дарозе застаўся адзін паліцай — ён бытта думаў і вырашаў, што яму рабіць.
Грыцук ішоў спакойна і ўпэўнена, яму яшчэ не хацелася і верыць, што болей ніколі не ўбачыць гэтага расцёртага на муку сотнямі пакаленняў і высушанага на попел дарожнага пяску, выгаралай травы, што апошні раз дакранаўся да яловых жэрдак, якімі сам гарадзіў яшчэ ўчора тытунь.
Грыцук сябе суцяшаў: не можа быць, каб яго расстралялі. Ён жа адзіны мужчына дома, гаспадар, як жа будзе жонка з дзецьмі, са старой маці?.. І рамкі для вулляў не паспеў зрабіць, цяпер мёдабранне якраз!.. Вечарам з Замкавага лесу меліся прыйсці на хутар тры байцы, што хаваліся два месяцы ў гушчары.
Грыцук яшчэ не ведаў, што двое з іх мінулай ноччу напароліся на ізабелінскіх немцаў, якія сядзелі ў засадзе, і загінулі.
Хлопцы прасілі, і ён падрыхтаваў дзесяць галовак квашанай капусты... Учора і ліпу спілаваў на клёпкі!..
Немцы не дурні, не павінны за нішто ўзяць ды і расстраляць здаровага мужчыну, яны ж ад яго карысць могуць мець. Нічога не зробяць, напалохаюць і пусцяць...
Грыцук быў і рэалістам. Адначасна ён бачыў і разумеў, што сапраўды вядуць яго на расстрэл. Успамінаючы падобныя выпадкі ў суседніх вёсках, ён адчуў — няма ратунку.
Што рабіць?
Стукнуць таго, якога пчала ўкусіла, рыдлёўкай па галаве, вырваць карабін, перастраляць здыхлякоў і — да рэчкі, у кусты! Покуль ізабелінскі паліцай зніме вінтоўку, покуль пачне паліць — да алыпынкі дабяжыш, адтуль — у Замкаў лес!.. А куды падзецца Галі з дзецьмі?.. А Біскупцы?!. Хіба не так было ў Шаўлічах, за што потым знішчылі ўсю вёску?..
Няўжо няма выйсця?! І няма!
Грыцука агарнула жудасная трывога, у галаве ліхаманкава паўставалі абрыўкі вобразаў.
Учора вечарам вярнуўся ён з лесу ад хлопцаў, а Тася ўжо спала з маткай. Перакладваючы малую да бабкі, ён заўважыў — яна трымае нешта. Расшчаміў кулачок, а з яго выпала фасолька...
Прасіцца ў немцаў?.. Ліха іх бяры, дзеля дзяцей
трэба застацца жыць...
— Шнэлер, гунд! — Гофман стукнуў яго ў плечы кантам акутага прыклада, а ў голасе пачулася такая варожасць, што ў Грыцука прапала ўсялякая надзея.
Цяпер ён не прасіў бы літасці, калі б расстрэльвалі і цэлую сям'ю,— усё роўна дарэмна. Калі Грыцук набліжаўся да паказанага месца, сэрца яго абліваў халодны страх.
Брумель пабег наперад. Вось ён спыніўся і з маўклівай згоды обера пачаў крэсліць ботам на мяккай зямлі квадрат: два метры на паўтара.
Ліке падвёў Грыцука і загадаў:
— Гір грабэн! Лёс!..
У обера злосць паволі праходзіла. Яму гэты мужчына станавіўся нават сімпатычны. Чалавек так спакойна і незалежна ўзяўся капаць сабе магілу, як гэта адно рабілі французскія камуністы перад расстрэлам, што паказвалі ў кінахроніцы. А як гэты мужык схапіў загрудкі выскачку Брумеля?! Гэтаму чалавеку тут можна паставіць помнік — Ліке лічыў сябе культурным чалавекам, паважаў гордых і смелых ворагаў.
Але обер-яфрэйтар быў перапоўнены пачуццём абавязку, а сімпатыі да гэтага селяніна былі не такімі моцнымі, каб адпусціць яго. Ліке быў цвёрда перакананы — перад ім сапраўдны вораг, а вораг мусіць быць бязлітасна знішчаны, гэта ясна. Нечуванае нахабства! Што атрымаецца, калі кожны паршывы славянін пачне кідацца на нямецкага салдата з кіем?! Толькі кулю і бізун заслужваюць гэтыя насякомыя, адно так можна іх выхаваць і прыручыць, каб былі нам карысныя!
Пра тое, што Брумель мужчыну абразіў, Ліке і не ўспомніў: па цвёрдым перакананні обера, не мог той пратэставаць, хто на гэта не меў права.