Аднак, обер-яфрэйтар быў ужо часткова задаволены і ранейшай злосці да чалавека не адчуваў. Цяпер ён мог бы нават выканаць яго апошняе пажаданне, паказаўшы сваю велікадушнасць: завязаць яму вочы перад расстрэлам, даць пакурыць цыгарэту ці чаго-небудзь напіцца, але не было часу. Ды і з падворкаў за імі напружана сачылі дзесяткі пар вачэй. Не то што Ліке іх вельмі баяўся, але хацелася хутчэй скончыць гэты спектакль.
Недалёка ад іх пасвілася прывязанае да коліка пярэстае цяля. Устрывожанае крыкам, яно падняло сваю вільготную мысачку і нявіннымі вачыма здзіўлена глядзела на людзей ды пускала сліну.
«Цікава, пра што яно думае?» — спытаў сам сябе Ліке, але зараз жа выкінуў гэта з галавы.
Яму здалося, што ў яго цяпер вельмі маляўнічы выгляд. Усё яшчэ адчуваючы на сабе напружаныя позіркі вясковых людзей, Ліке нагнуўся да мяжы, сарваў васілёк і панюхаў. Знаёмы з дзяцінства пах... Эх, каб убачылі яго ў гэткай ролі родныя!.. Фэрфлюхтэ, як шкада, што не захапіў фотаапарата, атрымаўся б цудоўны здымак!.. Ладна, наступны раз будзе разумнейшы... Хацелася есці. Мабыць, даўно пара абедаць. Каторая гадзіна?
Обер па звычцы зірнуў сабе на руку, але там бялеў незагарэлы след ад раменьчыка. Адно цяпер ён успомніў, што збіраўся ехаць у ваўкавыскае гета к яўрэю па адрамантаваны гадзіннік — жыць без яго нельга. Ваўкавыск побач, вярнуўшыся ў Ізабелін, абавязкова папросіць у лейтэнанта дазволу, толькі змазаць трэба будзе заднюю вось у веласіпедзе, нешта заядае.
Ліке ўявіў сабе, як вяртаецца ў гарнізон. Дакладвае па форме амтскамісару пра выпадак, кладзе на стол планку. Амтскамісар з той няўлоўнай ваеннай грацыяй і спрытам, якія былі ўласцівыя толькі Вернеру, падносіць да казырка руку і ўхваляе яго ўчынак. Затым з маўклівай павагай сустракаюць яго астатнія: пакуль яны адсыпаліся, яму ўдалося знішчыць таго, хто кінуўся на нямецкіх салдат з кіем. Такі потым ліха ведае што мог бы натварыць — поезд узарваць ці машыну!.. Зайздрасць сяброў для Ліке — проста шчасце. Ён цэлы дзень ходзіць з узнёслым настроем. Вернер абавязкова пусціць яго ў Ваўкавыск. У Даніі ён з сябрам злавіў яўрэя, то яны атрымалі па тыдню пабыўкі... Вярнуўшыся вечарам з ваўкавыскага гета, ён сядзе пісаць дамоў. На гэты раз будзе што апісваць. Але ж як гэта ён не захапіў апарат, паслаў бы заадно і фота, доннэрвэтэр!..
Тым часам Гофман, трымаючы карабін напагатове, умудрыўся разглядаць сябе ў люстэрачка з фатаграфіяй дзяўчыны ў купальніку і, здавалася, нікога больш не бачыў. А Брумель, прычасаўшы мокрыя валасы, пачаў церці ўджаленае месца. Гэта не дапамагло, таму ён выцягнуў з похвы плоскі штык і паспрабаваў прыкласці да патыліцы халоднае жалеза.
А Грыцук усё так жа моўчкі капаў яму.
Вось і жоўценькі пясок. Рыдлёўка прывычна ўлазіла ў мяккую вільготную зямлю, і чалавек рытмічна выкідваў яе наверх. Ад таго, што з вёскі глядзелі людзі, яму было як бы лягчэй. З імі яго яднала варожасць да немцаў і ўпартая зацятасць. Гэтае пачуццё было магутным, у ім ён бачыў працяг сваёй сутнасці, якая мала мела адносін да таго, будзе ён жыць ці не. Толькі часамі ў яго ад страху млела цела, аднімаліся ногі, перасыхала горла, і чалавеку многа каштавала, каб не выдаць сябе.
Халаднаватая і вільготная яма была ўжо яму па калена.
Грыцук раптам спахапіўся, што ў яго зусім мала часу. Няўжо так і не ўбачыць нікога са сваіх?! Баючыся, што не паспее пра ўсё нават падумаць, ён пачаў ліхаманкава ўспамінаць. Перад вачыма паўстала Галя — яна абнімае дачку.
«І трэба ж было мне на яе так напаследак накрычаць!» — папракнуў ён сябе.
Пад ногі шлёпнулася жаба. Грыцук падчапіў істоту на рыдлёўку, узяў у жменю і пусціў на раллю. Упершыню да гэтага стварэння не паспытаў агіды і адчуў, якое халоднае, моцнае і трапяткое ў яе цельца...
Ад хутара, выбіваючыся з апошняй сілы, цяжка бегла маці. Убачыўшы яе, Грыцук адчуў аблягчэнне і надзею. Зямлю стаў выкідваць павальней.
8
Сына старая ўжо застала ў яме па пояс.
— Пано-очку, за што-о вы яго?! — кінулася маці к Брумелю і ўпала перад ім на калені.
— Вэг! — вызверыўся салдат, запіхваючы штык у похву.
— Што ж гэта ро-обіцца?! Пашкадуйце вы хоць мяне-е — ён адзіны ў мяне, адзінае ў мяне дзіця!.. І ў вас недзе ж таксама е мацяркі!.. Сын мой пагарачыўся, так з кім гэта не бывае!.. Не пралівайце нявіннай крыві, дзеці, што вы ўзду-умалі?!
Раззлаваны салдат накіраваўся да старой і замахнуўся на яе падкутым ботам. Грыцук выскачыў з ямы. Гофман і Ліке кінуліся яго пераняць.
Калі старую з рассечаным тварам жанчыны адвалаклі на бліжэйшы падворак, Брумель ужо пра яе забыў. Але жанчына крычала на яго і адтуль: