Выбрать главу

Партызанскі камандзір узвода прарваўся-такі праз варожыя акопы ды забег на станцыю. Там з гарачкі ён уляцеў у будынак вакзала пад ахову мураваных сцен. Ачухаўшыся крыху, давай разглядацца.

Карбідныя ліхтары. Блокі акумулятараў. Радочкі доўгіх рычагоў для пераключэння стрэлак і семафораў, сігнальныя шчыты, яшчэ нейкія прылады. Непачатыя кніжкі квітанцыяў, даведнікі — малыя і вялікія. Тэлефонныя апараты. На тумбачцы — радыёпрыёмнік «Тэлефункен» і кубачак з недапітай кавай.

Цікаўны партызан уключыў прыёмнік, і шкала, на дзіва, загарэлася. Па-нямецку, вядома, хлопец разумеў няшмат, але «Москаў» прачытаў ды пачаў дакручваць ручку...

Яшчэ звечара ад «Тэлефункена» немцы правялі на перон гучнагаварыцель — вайсковы, магутны, яго чуваць радыусам у дзесяць кіламетраў; пад гэты гучнагаварыцель яны танцавалі. І трэба ж было так супасці, што ў гэты момант якраз у Маскве скончылася перадача на французскай мове (у Парыжы было яшчэ толькі 23 гадзіны), а маскоўскі дыктар запусціў пласцінку з песняй.

І вось ляжаць партызаны перад варожымі акопамі, мерзнуць, бедныя, на голым снезе пад кінжальным агнём, ды раптам — сваім вушам нават не вераць! Над Чавусамі ўпэўнена прабілі да болю ў душы знаёмыя куранты Спаскай вежы, а затым рускі густы бас загрымеў так, што ўмерзлая на камень зямля задрыжала:

Встава-ай, страна огромная! Встава-ай на смертный бой! С фаши-истской силой темною, С прокля-атою ордой!..

Партызан бытта ўзняло ветрам. Без ніякай каманды яны ўскочылі, закрычалі ды, узбіваючы ботамі сухі снег, як на крыллях, ламанулі на фашыстаў: для іх перасталі ўжо існаваць агнявыя запоры, зробленыя чужаземнымі афіцэрамі.

На грэбені ўсё той жа эмацыянальнай хвалі партызаны занялі станцыю на працягу дваццаці хвілін.

* * *

На шматпакутнай беларускай зямлі ўзняліся пасля вайны помнікі.

Штыкі-сілуэты — сімвалы мужнасці гаротнікам-пехацінцам, царыцы палёў.

Т-34 — героям-танкістам.

Які і Ілы, «кукурузнікі» і По-2 — сокалам-лётчыкам.

Гаўбіцы, «ЗІСы» і «саракапяткі» — меткім артылерыстам.

Нават пастаўлены на вечны пастамент звычайныя кулямёты.

Усе гэтыя сімвалы народ шануе і беражліва перадае з пакалення ў пакаленне.

Але камплект сімвалаў няпоўны.

У бліжэйшы час у Чавусах узнікне яшчэ, вядома, і помнік савецкай ваеннай песні. Унікальны за ўсю другую сусветную вайну выпадак, замяніўшы легенду старажытнай Элады, яшчэ ўвойдзе ў школьныя хрэстаматыі ўсіх краін і народаў, знойдзе ўвасабленне ў мастацтве — як залаты праменьчык таго высакародна-святога ды бязмерна гарачага па напале агню, якім гэтак гарэў наш народ у часы цяжкіх выпрабаванняў,— і праз ланцужок пакаленняў панясе па ўсім свеце яго неўміручую сілу.

ПАТРОН

У апошнія дні штосьці пачало тварыцца на чыгунцы. Немцы на Усход перлі эшалоны з нейкімі бутлямі ды цюкамі сена, хоць кавалерыі ў іх там не было, мы ведалі дакладна.

Неабходна было абавязкова разнюхаць, што ўсё гэта азначала.

Адправіліся мы на разведку. Пахаваліся ля чыгункі ў кусты, паслалі ў будку паклікаць памочніка машыніста. Невядома было, калі ён прыйдзе, таму стомленыя хлопцы адразу пазасыналі, а я сяджу на варце ля дарожкі, выглядаю чыгуначніка, а каб не задрамаць, выразаю сабе на кіёчку ўзоры.

Раптам налазіць на нас групка хлапчукоў і дзяўчынак з торбамі арэхаў. Што ж, вясковыя дзеці — не немцы, ад гэтых падшыванцаў нікуды не дзенешся. Тоўпяцца, разглядаюць нас вялікімі ад здзіўлення вачыма.

Лепш было б, каб яны нас не бачылі, ды цяпер ужо нічога не зробіш.

— Ну, здрастуйце! — стараюся супакоіць амярцвелых малых.

— Здра-а!..— шэпчуць хорам.

— Першы раз партызан бачыце?

— Пе-ершы!..

— То прыглядайцеся, прыглядайцеся добра, каб і ўнукам сваім расказалі!

Маўчаць.

Я пытаю:

— У школу ходзіце?

— Не-а, немцы закрылі. Ужо год! Дзядзя, а зімой, калі блакада на партызан была, немцы з бобікамі ўсе нашыя парты папалілі!

— Няўжо?!

— Ага! Есці сабе варылі!

— І ліпу з буслоўкай спілавалі на бункер!..

— Бо яны, дзеткі, фашысты! Нічога, хутка на іх згон прыйдзе, і буслы на школьны двор вернуцца ды новую буслоўку сабе зробяць — на даху, яны такія!.. А вы піянерамі былі?

— Ага!..

— Не ўсе-е...

Якраз гэткія самыя і мае, недзе пад Віцебскам. Мо калі засталіся жывыя, які-небудзь партызан і з імі праводзіць падобную палітгутарку.