Самалёт гайданула, варухнуўся і адразу як бы некуды знік прапелер, а вецер пагнаў ад яго хвалі травы. У ілюмінатары ўжо паказаўся бок дэсантнага велікана з літарамі «ДОСААФ» на баку. Праплыў радочак аранжавых парашутаў на мурагу. За парашутамі — паўнагрудыя і гарэзлівыя дзяўчаты рыхтаваліся да скокаў. Адкрываецца даль лётнага поля.
Пажылая жанчына спаўзае з сядзення ды сядае на праходзе ў кабіны пілотаў. Гэта яе лётчыкі ўносілі на руках. Самалёт набірае хуткасць да ўзлёту. Агорнутыя страхам, ушчаперваемся ў металёвую лаўку, каб не зляцець пры старце, сашчэмліваем зубы, уцягваем жываты, насцярожваемся ў нейкім адчаі і мы. Толькі жанчына не выказвае ніякага хвалявання. Яна зручна выцягнула на падлозе ногі, плячыма абаперлася ў абшыўку самалёта і глядзіць на нас з лагоднасцю ды спакоем. Твар і вочы ў яе такія, з якімі малююць мацярок-гераінь, заслужаных настаўніц — самавіты, мудры і бывалы, свеціцца дабратой ды пашанай да ўсяго, што ў самалёце.
«Хто яна?» — зацікавіла мяне, калі АН-2 пайшоў раўней і страх наш некуды знік.
Самалёт павярнуўся ды лёг на курс. Адчынілася кабіна, і на лабавой сценцы ў ёй паказаліся на секунду незлічоныя прыборы, размешчаныя ў строгім шахматным парадку. Неўзабаве з кабіны выходзіць юнак у мундзіры авіятара, не гледзячы на жанчыну, сядае з ёю побач. Кабеціна нават не зварухнулася. Яна бытта чакала, што ён выйдзе.
Уладкаваўшыся на падлозе, авіятар паварочвае да жанчыны галаву. Абое скупа ўсміхаюцца: ён — вінавата і пакора, яна — шчасліва, з любоўю. Абое здаюцца падобныя. Жанчына дастае хустачку і, хоць хлопец не даецца, выцірае яму спатнелы лоб, тады вачыма паказвае на кіцель. Хлопец яго паслухмяна здымае ды вешае на вінцік, застаецца ў белай накрухмаленай кашулі з чорным гальштукам.
Жанчына пасядзела некалькі хвілін спакойна, покуль хлопец не глянуў на гадзіннік. Юнак заклапочана ўстае і спяшаецца ў кабіну.
У Навагрудку мы вылазім на канюшыннае поле аэрадрома. Я заходжу біплану наперад і праз ліхтар самалёта бачу, што хлопец у белай кашулі з чорным гальштукам — адзін з пілотаў.
Праз пяць хвілін наш АН-2 зноў нясецца па полі. За намі пагналіся навагрудскія хлапчукі. Але, калі мы ўзняліся, яны, знясіленыя, пасталі, бытта разам з намі адарваліся ад зямлі і іхнія душы.
Самалёт цяпер лёг курсам на Мінск. Ад матора ўсё вібравала. Як басавыя струны, дрыжалі і гулі тросы, якімі была перакрыжавана кабіна. Мы паспелі ўжо абвыкнуцца. Хто дрэмле. Хто задумана глядзіць у ілюмінатар. Хто ўткнуўся ў газету...
Толькі з ранейшым выразам твару сядзіць жанчына. Думаючы, што яе ніхто не бачыць, яна крадком гладзіць з любоўю цёмна-сіні кіцель.
КУЛЬГАВАЯ
Да былога адваката ў Ваўкавыску стаў на кватэру маладзенькі шафёр. У адваката — вялікі асабняк, у доме дастатак. У яго адзіная дачка, але яна кульгавая.
Прайшоў нейкі час — і дачка адваката нарадзіла адно дзіця, другое.
На танцах у гарадскім парку шафёр закахаўся ў каравокую Жану ў спаднічцы, як сподачак (такая была тады мода), ажаніўся з ёй ды пераехаў да жонкі. Дачка адваката нікому не паскардзілася.
І зараз яна жыве ў бацькі. Старэйшага сына выпраўляе ў школу, маладзейшага — у дзіцячы сад. Да былога шафёра, які цяпер працуе на аўтабазе, нічога не мае. Толькі нейкім чынам даведваецца, калі ён выязджае ў камандзіроўку. Тады жанчына прыходзіць пад вакзал і цераз плот глядзіць да той пары, покуль поезд не знікне за семафорам.
ШЧОДРАЯ АДПЛАТА
Каля аптэкі стаіць чатырохгадовая дзяўчынка са смешным рабаціннем на твары. Адной рукой яна гойдае каляску з дзіцем, якое надрываецца ад плачу, а з другой — ліжа марожанае. Малочныя струменьчыкі цякуць па пальцах, падбародку. Вочкі яе бездапаможна ловяць прахожых.
Нарэшце малая заўважае, што я ўсміхаюся.
— Цёця, ён пла-аца! — скардзіцца даверліва.
Я калыхнула каляску, паправіла пялюшку.
— Як жа цябе зваць?
— Валянціна Іванаўна.
— О-го!.. А дзе ж твая мама, Валянціна Іванаўна?
— У аптэцы.
— Я пакалышу тваю сястрычку, а ты скокні па яе!