Выбрать главу

І тут раптам адчула сябе зусім-зусім здаровай.

«Чаго я вылежваюся? У мяне там у клубе ўсе перахварэлі».

Вінаватая, бытта злоўленая на злачынстве, хаваю раскладушку, зрываю просціну з вяровак, валаку на кухню посуд, нацягваю панчохі і рашуча кажу малым:

— Будзем рыхтаваць вячэру!

4

Неўзабаве з'яўляецца насцярожаны муж.

— Быў доктар? — пытаецца вінавата.— Я званіў у «Хуткую» ад суседзяў...

Я маўчу — трэба ж паказаць яму характар! Загадваю дзецям пакласці кубкі і прыборы, а сама нясу на стол смажаную бульбу і чайнік.

— Мамка, ты больш не хворая? — дапытвае мяне расчараваная Іначка.

— Заўтра іду на работу.

— У цябе ж бюлетэнь яшчэ на шэсць дзён! — разглядвае Васіль сіненькую паперку.

— А там як без мяне? Пайду. Кажуць, грып — хвароба арыстакратаў. І ты, сыночак, збірайся на заўтра ў школу — тэмпературкі ў цябе няма!

— Твой градуснік сапсуты! — бурчыць Валерка.

— А ён гаворыць — як кашляне, так аж іскры проста з шыі сыплюцца! — дапамагае брату Іначка.

Мы з мужам смяёмся.

— Ы-ы-ых, ты шчэ й не верыш, што мне бок баліць?! У нас толькі ты адна маеш права захварэць! Ні я, ні Іначка, ні тата хварэць не маюць права, толькі — ты адна!

Мацаю ў Валеркі шыю.

— Мо ў цябе свінка? Ладна, заўтра пабачым!

А чаму новая сукенка на крэсле валяецца? Зірнула ў люстэрка: ой, ад прычоскі засталіся адны ўспаміны! Дзе электрабігудзі, што муж мне купіў на дзень нараджэння? Пашукаю іх потым і пачаплю на ноч! Эх, зусім малое люстэрка!..

Не магу дачакацца, як буду выглядаць заўтра ў новай сукенцы — патанчэлая за хваробу, памаладзелая... Хутчэй бы тая нарада была, хутчэй бы выздаравелі людзі!..

БАЦЬКА І СЫН

— Ідзі сюды, буду цябе лупцаваць!

— О-ёй, та-атачка, баюся!

— А я кажу — хадзі! Кладзіся!

— О-ой, міленькі, не трэ-эба!

— Сам не ляжаш? Дык я табе памагу! Шчэ і брыкаеш, упіраешся? Нічога не памо-ожа, пакладзём цябе сюды во та-ак!.. Ну, трымайся цяпер, шэльма, будзе табе зараз нямала!

— Ой, ой, родненькі!..

— А што «ой», што «ро-одненькі», калі ты гэтага заслужыў?! Я ж табе, паганец, пакажу цяпер за ўсё! Я нават не пагляджу, што ты такі худы! Ну, паехахалі — раз! два! тры!..

— О-ох! о-ох! о-ох! А та-атачка, а мі-іленькі, а ро-одненькі, ужо хо-опіць, не вы-ытрываю!

— А навошта кацячай бабцы акно мячом учора пабіў?!

— Я ж ненаро-окам, тата!.. Мішка Баксёр мяч падаў, а я...

— Шчэ і Мішку Баксёра сюды ўблытваеш? А двойку па англійскай ад мамы хто ўтаіў? На табе за гэта! на! на!..

— Уй-й, уй-й! Аж дыхаць не маю чым, так пячэ!.. Та-атачка, я не таіў, мамка сама не спытала ў мяне пра англійскую!.. Ой, не магу болей, не магу, не магу!..

— Не спыта-ала? А пяцёркай па фізкультуры нябось пахваліўся? Такі з цябе будаўнік камунізму расце?! Ах, хітрун ты. На! на! на! на!.. Павярніся на другі бок, шэльма, я з цябе блін зраблю!

— Ужо хо-опіць, не магу болей цярпець!

— Кажу — павярніся, я лепш ведаю, колькі табе ўсыпаць! О так! А на! а на! Будзеш болей хітраваць?

— О-ёй! о-ёй! Чэснае піянерскае, не буду!

— Ладна, паверым! Тады злазь, чаго прыліп да лаўкі як банны ліст?! А зараз на, сячы мяне!, што ж мух ганяеш, добра лупцані, каб аж скура у бацькі сшорхла!.. Мацней, кажу, яшчэ! яшчэ! яшчэ!.. Ну, старайся!..

— Я стара-аюся, тата!..

— А ты яшчэ націсні, сын! Бі свайго бацьку, не шкадуй яго, абармота! Бі за тое, што мала табой займаецца, не карае цябе!.. Што адзіны раз зайшоў у тваю школу і то пераблытаў класы — не ведаў, у якім займаецца сын, бачыў ты такога? Бі, што ў рэйсах доўга затрымліваецца і мамцы мала памагае!..

— Я б'ю, тата!.. Толькі мне стра-ашна, ты ўвесь

бурачковы!..

— А ты не бойся — так яму і трэба!.. О так яго! та-ак! та-ак!.. Ніжэй, ніжэй лупі яго, не шкадуй і не лянуйся!..

— Я не лянуюся, тата!..

Праз паўгадзіны я іх убачыў ужо ў вестыбюлі. Вялізны і няўклюдны, як мядзведзь, дзяцюк з мокрымі валасамі прадзіраўся праз чаргу і вёў дзевяцігадовага хлопчыка са стрыжанай галавой. Яны былі так задаволены сабой, што нічога навокал не заўважалі. Малы ў сетачцы нёс голы дзяркач — усё, што засталося ад бярозавага веніка, каб на мокрыя дубцы падзівілася мамка ды ўявіла сабе, як мужчыны яе адзін аднаго лупцавалі. У распаранага на кроў з малаком хлопчыка блішчалі ад шчасця вачаняты; ён, бы на вежу, задзіраў на бацьку галаву ды з захапленнем пытаўся:

— Уй-й-й, та-ата, як ты церпіш такую пару?! Я на тры паліцы ніжэй ляжаў, і мне аж у вухі пякло!..