Выбрать главу

Нарэшце, згаладалыя, перамёрзлыя і аслабелыя, апынуліся мы ў Свіслацкай дачы ля загарады з тоўстых жэрдак. Брыгада, распаліўшы вогнішча, мелася чакаць, покуль мы асвяжуем ды прывалачом з разведчыкамі тушу, але партызаны нечакана парушылі план. Сто дваццаць хлопцаў раптам ажывіліся ды на чале з Вайцяхоўскім палезлі цераз жэрдкі.

А вось і звяры.

Статак бурых аграмадзін бесклапотна адпачываў сабе на снезе. Тырчаў толькі на кароткіх ножках ды спакойна жаваў жвачку барадаты самец з абледзянелай поўсцю. За імі дурэлі шустрыя цяляткі. Трэцяе маці аблізвала, і з яго валіла пара.

Пачуўшы шастанне ботаў, зубры неяк даверліва ды з цікавасцю павярнулі да нас макраватыя мысы і не крануліся з месца. Бытта лічылі зусім натуральным, што тут апрача іх — яшчэ хтосьці. Адно цяляткі пазадзіралі хвасты ды памчалі да матак. Барадаты ж волат праз хвіліну нязлосна набычыўся на нас, грэбнуў капытамі, абдаў сябе клубамі снежнай крупы і страсянуў бародкай, ад чаго заляскаталі ледзяшы на баках. Тады зубёр пругка выгнуў спіну, раскошна пацягнуўся ды гучна, нібы паравоз, уздыхнуў, бытта сказаў:

«Эх, хлопчыкі, а сілы, халера, колькі накапілася ва мне!.. Што зробіш, няма куды яе падзець!..»

Ад відоку самаўпэўненых і бяспечных волатаў партызаны анямелі.

— Да-а! — толькі праказаў у цішы начальнік нашай разведкі Міцька Табуноў.

— Гэта дык гэ-эта!..— дадаў нехта другі.

Раптам мне зрабілася сорамна: няўжо і праўда,— я думаў забіць зубра?! Усім адхацелася ўжо есці. Стала нават бы цяплей. Мы ж з Вайцяхоўскім не маглі глядзець адзін аднаму ў вочы.

Сорамна — падвёў камбрыга.

Але Вайцяхоўскі, здаецца, не злаваў. Не злавалі і астатнія. Мінут з пяць усе яшчэ падзівіліся на зуброў ды сталі пералазіць агароджу назад.

— Да пабачэння! — па-панібрацку кінуў звярам Табуноў ды памахаў ім рукой.

...Неўзабаве наша брыгада размясцілася дняваць у ельнічку. Я з разведчыкамі адправіўся на месца спаленых Борак шукаць адзічэлых кароў.

ТОЛІК

Паміж Нетупай і Юзафовам, у лесе, стаяў хутар, дзе цяпер толькі кусты дзікага бэзу ды астаткі цэментовага калодзежа. Гісторыя хутара такая.

З пачатку вайны па юзафоўскай дарозе вялі палонных. Адзін баец уцёк і забег на гэты хутар пераадзецца.

Праз гадзіну на веласіпедах ехалі жандары з паліцаямі. Дзядзька запіхнуў байца ў падполле.

У хату ўвайшоў спатнелы паліцай напіцца вады, а пяцігадовы Толік яму кажа:

— А от я цябе не баюсо і не сказу, сто ў насай яме дзядзя хаваецца!

Жандары вывалаклі ды расстралялі палоннага.

Затым вывелі з хаты ўсю сям'ю — бацькоў, хлопчыка, дзве дзяўчынкі і паставілі пад гумно.

Мацеры захацелася ўратаваць хоць сына. Яна ўпрасіла немцаў дазволу паслаць яго па ваду. Малое, вядома, уцячы не здагадалася.

Хлопчык падышоў да калодзежа, дзе два паліцаі стаялі ля веласіпедаў, ды пачаў дужацца з калаўротам. Бабка Тэкля якраз несла з лесу ягады; жанчына з-за плота давала хлопчыку знакі, паказвала на густое жыта, але ён упарта спрабаваў крутануць корбу.

Паліцай, які выдаў палоннага, моршчачыся ад сваёй дабраты, наліў паўвядра свежай вады. Затым падаў бляшаную конаўку ды буркнуў:

— Бацька твой думаў, што надта разумны, а хтосьці дурны!.. Цяпер будзе мець!.. Нясі, хоць напіцеся шчэ!..

Ужо крыху разумеючы, што ён натварыў, Толік пацікавіўся ў другога паліцая:

— Дзядзя, а вы таксама за немцаў? Ці вы за рускіх?

Знаёмы бобік гыркнуў:

— Ідзі, заменак, хутчэй назад, калі натрапіў на добрых немцаў!..

— А ты, старая ведзьма, чаго тут растапырылася? — пагнаў другі старую Тэклю.— Хочаш таксама яму заскварыць?!

Ля гумна два жандары — мажныя мужчыны ў жоўтых мундзірах і ў касках са ссечанымі вярхамі — нарыхтавалі ўжо аўтаматы ды з нецярпеннем азіраліся. Калі Толік, нарэшце, прыйшоў, адзін з немцаў дзелавіта, бытта збіраючыся падсадзіць хлопчыка на каня, падагнаў малога:

— Ком, ком! Прэндко! Нінэль!

Вядро і кружку Толік паставіў на мурог пад ногі звар'яцелай ад гора, заплаканай маці. Бацька зачэрпаў вады і напаіў малых. Калі ўсе напіліся, фашысты скасілі сям'ю з двух аўтаматаў ды пачалі падпальваць будынкі.

ПРАЧНУЎСЯ