У Мастах наведаў я жанчыну, якая служыла ў падліпскага бацюшкі. Пад вечар спахапіўся, што не спытаў імя свяшчэнніка, і накіраваўся да жанчыны зноў.
Ужо бралася цямнець, калі я завярнуў на вуліцу, што аж танула ў прысадах. Стаяла восень. Дрэвы гублялі апошняе лісце, і сталі відны забытыя там-сям на галінках антонаўкі. Паміж крон — прасторныя дамы з вялізнымі вокнамі. Працавітыя сяляне з навакольных бедных вёсачак аснаваліся тут з выгодай, грунтоўна, на кожным квадратным метры атрыманай плошчы насадзілі не толькі груш ды яблынь: у іх тут сапраўдныя абрыкосы растуць!
Адчыніўшы масіўную брамку, увайшоў я на бетонную дарожку, якая хавалася ў тунель з вінаграднай лазы ды вяла да свежапафарбаванага ганка. Сюды мне ці не сюды? Тут жа ўсе дамы, ліха на яго, з такімі ж ганачкамі, сенцамі і, бытта ў Малдавіі, з густым перапляценнем вінаграднай лазы, а ўсе падворкі з аднолькавымі дарожкамі.
Ад брамкі крочыць нейкі дзядзька — у ватніку, з сумкай цераз плячо; ага, ёсць у каго спытацца.
— Добры дзень! Шукаю Марыю Макараўну. Скажыце, калі ласка, тут яна жыве?
Нізкі і моцны, як сасновы корч, стары з пілавіннем на ботах стараецца схаваць ад мяне, што выпіў.
— Ма-ры-я Мак-ка-раў-на? — цэдзіць словы ды круціць галавой.— Не-а, такой тут няма. І не было. І ў суседніх дамах таксама не чуваць, каб была такая.
Выходзіць, я пераблытаў вуліцу?! У які ж цяпер бок падацца?..
У вінаградзе я раптам убачыў дзіцячую каляску без аднаго кола — яе запамятаў яшчэ днём.
— Аднак яна тут жыве, вы проста не ведаеце! — заяўляю чалавеку ўпэўнена.
— Я-ак, Марыя Мак-ка-араўна? Яшчэ вучыць мяне будзеш?! — зазлаваў стары.— Гэта мая хата, і хто ў ёй е, ведаць мне лепш!
Здзівіцца я не паспеў.
З сянец адчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася знаёмая поўная жанчына ў зялёнай кофце. Твар у гаспадыні гасцінна распрамяніўся, яна ва ўсмешцы паказала ўсе свае моцныя зубы. З-за дашчанай сценкі сянец яна, напэўна, чула нашую размову, таму цяпер мужчыну — свайго мужа — не заўважала сумысна.
— Вы, мабыць, што-небудзь забылі? А-а-а!.. То заходзьце, захо-одзьце, калі ласка, я адно электрыку вам уключу!
Гаспадыня кінулася ў памяшканне.
І вось ужо знаёмыя мне пакоі шчодра залівала святло ды ззяла, аж пералівалася, на свежай фарбе халадзільніка, на тэлевізары «Гарызонт», лакіраванай мэблі ды на ўкладзенымі ў «пташачкі» пластмасавымі квадратамі падлозе. Я пачаў даставаць свой блакнот, але ўспомніў пра чалавека і азірнуўся. Забыты намі мужчына сіратліва стаяў у сенцах ды, бытта ўражаны маланкай, усё дзівіўся на нас. У яго, здаецца, нават і хмель ужо выветрыўся. Аднак гаспадыня не заўважала мужа і далей, злавала.
Але ж як гэта здарылася, што ён, дзівак, не ведаў, як завуць жонку?!
І тут раптам да мяне дайшло, чаго чалавек гэтак уражаны.
Сорак гадоў таму назад яму прыйшла пара жаніцца. Як рабілі ўсе на вёсцы, так і ён наняў свата ды адправіўся шукаць нявесту. Ездзілі яны ўдвух па сёлах цэлы «мясаед», выбіралі жонку старанна, каб умела шыць і прасці, не была кульгавай ці аднавокай, каб і пасаг неблагі мела. Зазірнулі ў Дубна, дзе за Канцавую Анюту давалі паўгектара, адтуль накіравалі ў Забагонскі, там за Рыжую Соньку прапаноўвалі карову і авечак... Усе дзеўкі адпраўлялі іх з носам, бо выбіралі і яны: якую будучыню мог ім абяцаць жаніх на двух гектарах пясочку?
Якраз падліпскага бацюшку пасадзілі ў турму, засталася без работы яго служанка, што рада была выйсці нават за такога кавалера. Тут жа сыгралі вяселле. Ездзячы цяпер на «шарварак», на кірмашы ці да вывазкі лесу, ён быў спакойны: дома заставаўся надзейны работнік, гаспадыня, а неўзабаве і — маці. Каб адрозніць ад другіх маладзіц, новую гаспадыню людзі сталі зваць Марысяй з Падліпак, але ён называў сваю палавіну, як і ўсе аднасяльчане,— «ты», «баба», бо мужу яе імя не было патрэбным зусім, як непатрэбным было яно адзінай яго кабыле. Ён нават сродкі пераканання для іх меў аднолькавыя: на кабылу сам віў добрую пугу з каноплі, а калі вяртаўся з кірмаша п'янаваты і жонка станавілася папярок, даваў бабе куксачоў, і таксама быў парадак.
Так і цягнуў бы дзядзька свой век, гаруючы ўпарта на адной «таўканіцы» і крупніку, покуль не падраслі б дзеці, з-за якіх ты хоць жывым кладзіся тады ў магілу
ды аслабані гаспадарку. Нечакана падзеі перавярнулі яго жыццё...
На фанернай фабрыцы ў Мастах спатрэбіліся людзі, і дзядзька забраў сям'ю з перапоўненай вёскі, перавёз яе ў горад. Памалу яны з жонкай абсталяваліся, пабудавалі дом, выгадавалі дзяцей ды пусцілі іх у людзі — адно аж ва Уладзівасток, другое на Брацкую ГЭС, трэцяе на аўтазавод у Тальяці. Цяпер дома ў яго багацця — куды больш, чым у падліпскага папа. Дзядзька даўно мог пайсці на пенсію, як яго жонка, але на ФАНДОКу не хапала сталяроў, і сам начальнік цэха ўпрасіў яго пачакаць з адпачынкам; зрэшты, столяр не ўяўляў сабе і дня без цэха. Адным словам, дзядзька яшчэ меў сілы радавацца спрытам сваіх мазолістых рук, упарта тэпаў кожны дзень на фабрыку ды чакаў цёплай пары, калі з'едуцца пад яблыні ўнукі.