Выбрать главу

Ого, ён цяпер быў чалавекам сучасным — кожны дзень у канцы работы наведваў душ (на фабрыцы — свой, бясплатны!), любіў выседжваць, як пан, перад тэлевізарам, у рабочых ботах не ступаў нават у кухню, прычашчаўся не якой-небудзь самагоначкай, а «Экстрай» ды «Сталічнай», у нядзелю апранаў імпартную кашулю, адно жонка па-ранейшаму была для яго бабай. Гадоў з дваццаць таму, калі іх абоіх настаўніца запісвала на выбары, спатрэбілася ведаць імя і імя па бацьку яго гаспадыні, аднак болей агітатары не прыставалі, прозвішчы пераносілі са старых спісаў, а пра той выпадак ён паспеў забыць. А сёння — на табе навіну, яго баба — Марыя Макараўна, бы дакторка з ФАНДОКа ці якая адвакатка!!!

У беднага дзядзькі ў галаве адбываўся цэлы пераварот.

Гэтым часам жонка шчодрым сэрцам мнагадзетнай і мудрай кабеты па яго вінаватых вачах ужо даўно ўбачыла, што да мужа нешта такі дайшло, і вырашыла — пакарання хопіць. Яна па-мацярынску ўсміхнулася яму ды, падаючы тапачкі, сказала, як малому:

— Волесь, а ты будзеш там ўсё стаяць, бы чужы? Вешай торбу, пераабувайся, мый хутчэй рукі ды ідзі ў хату, госць во які ў нас!

СУСЕДЗІ

У доме цёткі Насці калісьці партызаны ў любы час знаходзілі не толькі сала ды квашаную капусту — яна лясных хлопцаў лячыла, абмывала, а калі трэба, то аж у Маладзечна, у Смаргонь хадзіла на разведку. Падраслі дзеці — і гэты самы дом зрабіўся цесны ад моладзі. Выехала на цаліну старэйшая дачка, пацягнула за сабой другую, і абедзве выйшлі там замуж. Затым шафёр з суседняй вёскі павёз у Карэлію самую маладзейшую, а сын застаўся ў войску кадравіком. Пахаваўшы мужа, цётка засталася адна. Не раз забівала яна ў хаце вокны ды выязджала назаўсёды да дзяцей, але няўмольная сіла як магнітам цягнула бабку назад. Нацешыўшыся ўнукамі, яна пасылала зяця на станцыю даставаць білет ды вярталася зноў у вёску.

Побач з хаткай цёткі Насці вырас дом начальніка нейкай канторы — размаляваны, як цацка, з двума ганачкамі, з адмысловай тэлевізійнай антэнай ды спляценнем правадоў на белых ізалятарах. Яго гаспадара цётка бачыла два-тры разы, бо ён вечна калясіў на сваім «газіку» па раёне, затое часцей трапляла цётцы на вочы яго жонка, Лілія Барысаўна,— дыпламаваны спецыяліст.

— Ал-ла, на дварэ халаднавата, ідзі дамоў і адзень бручны ансамбль! — крычала яна часамі дачцэ з ганачка.

У гарачыню ж мажная кабета ў калматым халаце часта выходзіла ў агародчык і да непрыстойнасці агаляла сваё тлустае цела. Цётка Насця спрабавала з суседкай загаварыць, але размова не атрымалася, і бабка сябе пераканала, што, вядома, вучонай жонцы начальніка гаварыць з простай сялянкай няма пра што і нічога ўжо на гэта не параіш.

Яшчэ часамі на двары ў іх бегаў за пакаёвым сабачкам сямікласнік ды ўсё лавіў момант, каб сфатаграфаваць свайго бобіка, калі той падыме нагу на слупок. Убачыўшы гэтую сцэну, бабка кожны раз плявалася, ківала галавой ды спяшалася дамоў, каб не паганіць сваіх вачэй.

Усё пачалося мінулай вясной, калі бабка ў баковачцы пасадзіла на яйкі квактуху. На праданне цётка не трымала нічога — хапала пенсіі; куранят ёй захацелася мець проста для таго, каб насалодзіць душу жывымі галасамі.

І вось настаў запаветны дзень. Пад квактухай пачулася спачатку кволенькае ціўканне, а неўзабаве кураняты зазвінелі на ўсю хату; жанчына заснула ў гэты дзень шчаслівая, як у дзяцінстве. Раніцой прыпякала сонца, і цётка квактуху з дзеткамі выпусціла на двор — хай яны парадуюцца сонейку, пагрэбаюцца ў пяску.

Рыхтуючы на сняданне бульбу, бабка пачула нейкі лямант. Яна выцерла падолам рукі, выглянула на парог.

За плотам з куранём у руках стаяла Ліля Барысаўна.

— Гэта тваё?! — раз'юшана закрычала суседка.— То курыца твая лезла мне ў агарод, а цяпер цэлы вывадак сюды наслала? Будзеш цяпер ведаць, другі раз не пускаць!..

Маладая жанчына хапіла куранятка за ножкі, разарвала жоўты камячок на дзве палавінкі ды жывыя кавалачкі шпурнула цётцы пад ногі.

Старая спачатку не паверыла сваім вачам. Апрытомнеўшы, яна загаласіла на ўсю вёску:

— Ах, вы-ылюдак ты-ы, што ж ты нарабі-іла?! Так толькі немцы ў вайну з людзьмі-і рабілі-і!.. Ах, фашыыстка ты пракля-атая!..