Выбрать главу

Знайшліся людзі, што з-за рыжанькіх звяркоў нават пуцёўку бралі не на мора, а ў гэты дом творчасці.

Дзеці і ўнукі пісьменнікаў знайшлі радасную забаву — частаваць вавёрачак арэхамі.

Вядомая аўтарка, назіраючы за жвавымі стварэннямі праз акно, напісала некалькі апавяданняў.

Другі аўтар прынадзіў іх да сябе на веранду і Ў выніку — вавёркі далі яму тэму на цэлую кніжачку...

Раптам у доме замянілі дырэктара. Памянялі і загадчыка гаспадаркі. Ім стаў малады энергічны хлопец, якому — што там дом творчасці! — першым чынам захацелася паказаць сябе ў вачах дзяўчат, якія загаралі ля рэчкі. Дзеля гэтага хлопец не прыдумаў нічога лепшага, як справіць сабе з вавёрчыных шкурак... плаўкі.

На незвычайную абнову заўгасу пайшло адзінаццаць звяркоў, і, кажуць, эфект на пляжы быў каласальны.

Тады загадчык гаспадаркі з такога ж матэрыялу вырашыў пашыць і куртку.

Не хачу затрымліваць увагу чытачоў падрабязнасцямі, як малады гіцаль лавіў звяркоў і які ў яго потым быў выгляд — з магнітафонам ды ў рыжай куртачцы з дваццаццю пяццю вавёрчынымі хвосцікамі. Скажу толькі, што ўсё гэта рабілася на вачах перапоўненага дома творчасці.

Зрэшты, нагаворваць лішняга на людзей не стану, жыхары слаўнага дома ўсім гэтым абураліся.

Аўтарка некалькіх апавяданняў пра вавёрак мелася ўжо нават ехаць у горад, каб паскардзіцца на гіцля ў Саюз, але якраз у машыне заставалася мала бензіну ды адпачынак у гэтым годзе яна мела кароткі. Яна пашкадавала траціць цэлы дзень немаведама на што ды псаваць сабе настрой.

Аўтару ж кніжачкі пра вавёрак жонка не дазволіла думаць пра тое, што рабілася за сценамі, бо пры хваляванні ў яе мужа павышалася кіслотнасць, здавалі нервы, а прафесар ёй казаў, што клеткі нерваў болей не аднаўляюцца. Жонка ледзь уталкавала яму, што надта смешна рабіць дабро кожны дзень, яшчэ нават — і ў час адпачынку; жыццё чалавека даражэйшае за нейкіх там смярдзючых катоў, сабак ці нават — вавёрак!

Толькі афіцыянтка Зіна спрабавала дзейнічаць.

Бачачы, як загадчык гаспадаркі вынішчае апошніх вавёрачак, а ніякія ўгаворы на яго не дзейнічаюць, Зіна спадарожным «Рафікам» адправілася ў Саюз, каб паскардзіцца на сучаснага варвара.

У горадзе, на жаль, афіцыянтка нікога не застала. Дзяжурны сакратар Саюза ў той дзень, кажуць, быў якраз на пасяджэнні Камітэта па ахове прыроды.

У ЗААПАРКУ

Макака-рэзус нарадзіла мёртвае малое, а ў вальеры запанавала ўзбуджаная весялосць, бытта яно на свет з'явілася жывое. Сяброўкі падлізваліся да маці, спрабавалі яе іскаць, каб тая адно дала ім патрымаць дзіця; да малога падбіраўся самец, каб яго ўшчыпнуць, і ўсё дзівіўся — чаму яго сын не пішчыць, не дурэе; спрабавалі з ім пагуляць падлеткі — маці не падпускала нікога.

Два дні малпа не выпускала дзіця з рук, туліла да грудзей, цалавала ды лашчыла, а то піхала малому ў роцік сасок і скуленнем як бы клікала ў сведкі сябровак, што вось — стараецца, робіць усё, а гэты няўмека ўпарціцца, хоць ты трэсні. Яна і спала з ім так, што трупік нельга было адабраць.

Калі я падышоў да вальера, там збіліся якраз уражаныя прыбіральшчыцы, а ветэрынарны ўрач адмыкаў дзверцы. Бабкі ў сініх камбінезонах не спускалі спагадлівых вачэй з няшчаснай маці ды паціху абменьваліся заўвагамі.

— Бедная, як мэнчыцца,— бы парадуха!..

— Ого, не ўсе так убіваюцца і парадухі! Іншая знясе малое ды стараецца хутчэй у дзіцячы дом спіхнуць!.. Тыцнуць бы носам такую верціхвостку ў гэтыя краты ды сказаць: «Во як трэ дзіця любіць!..»

Прыбіральшчыца вальера не прамінула пахваліцца сваімі ведамі:

— А гэтая мартышка якаясь надта важная — амэрыканцы на ёй адкрылі хваробу рэдкую! Ой, дальбо, забыла, як называецца...

— Не хваробу, а — рэзус-фактар! — кінуў малады хлопец у белым халаце ўжо з вальера.

— Во-во. Ён — спірант, лепш ведае...— апраўдвалася бабка.

Толькі цяпер я разглядзеў, як у маці ад малака набрынялі грудзі. Ад болю мартышка не знаходзіла сабе месца і каторы раз запіхвала сасок у маленькі роцік. Няўклюдна падышоў важак, стаў абнімаць самку ды заглядваць ёй у вочы; палёгкі ад яго залётаў малпа не адчула і маркоўнага колеру сасок яна ўзяла ў рот ды з прагнасцю пачала высмоктваць малако сама.

У гэты момант ветэрынар у белым халаце спрытна выхапіў у малпы трупік, скочыў назад ды зашчоўкнуў за сабой дзверцы.

Што тут пачалося! Макака-рэзус кінулася на краты ды так закалаціла імі, што нельга было зразумець, адкуль у маленькім цельцы бярэцца такая сіла. Малпа ўзняла такі гвалт, што ўзняла на ногі ўсіх звяроў заапарка. Тонкія малпіны пальчыкі на жалезных прутах, жудасны мацярынскі крык ды звар'яцелыя вочы мне і цяпер часам сняцца.