Выбрать главу

Муж настаўніцы, пан Станіслаў, быў высокім брунетам. Гэта ад яго я навучыўся вастрыць аловак доўгімі, смелымі зрэзамі, маю ўяўленне аб гарызантальнай і вертыкальнай перспектыве, ведаю ноты ды асновы нямецкай граматыкі...

Мама аднойчы вярнулася з мястэчка, усхвалявана гаворыць бацьку:

— Ой, слухай, Нічыпар, то ж Стражынская развялася з мужам! Увесь Гарадок толькі пра гэта і гаворыць!.. Такі файны пан, а яна — захацела і кінула яго!.. Ты чуў калі-небудзь пра такое?!

Я ўпершыню бачыў маму такой. У яе бойкім голасе было захапленне ўчынкам настаўніцы ды выглядала на тое, бытта ва ўчынку Стражынскай — частка і мамінага геройства.

Так і я не дазнаўся потым, ці Стражынская разводзілася з мужам сапраўды.

У канцы 1942 з беластоцкага гета ўцяклі Цукерманы. Дабраўшыся нейкім чынам за ноч да нашай вёскі, на світанні дачку і жонку хірург павёў грэцца да Дзямідка, якога некалі выбавіў ад смерці. Дзямідавы бабы ўзнялі гвалт ды выперлі гасцей з хаты, а гаспадара пагналі на паўстанак у нямецкі бункер. Хутка два салдаты з аховы пуці, дапіўшы сваю каву, ускінулі карабіны на плячо ды адправіліся па свежых слядах Цукерманаў. Стомленую сям'ю немцы дагналі за тры кіламетры ад Страшава, пад лесам Дубава...

Я ўжо не памятаю, за што тады бралі ў Гарадку заложнікаў, у лік якіх трапіла і Стражынская. Потым арыштаваных павялі на конскія могілкі і далучылі да іх сям'ю хірурга. Дыгендышаў пляменнічак, які ў ролі паліцая для фашыстаў быў знаходкай, папрасіў дазволу ў фельдфебеля расстраляць настаўніцу. Стары Цукерман над ямай трымаў аслабелую жонку, а яго Соня абнялася з настаўніцай...

Тое ўсё адбылося вельмі даўно, але сёння Стражынскую ўбачыў я так выразна, што нават разгледзеў кожную нітку на посцілцы, а ў вушах яшчэ гучыць яе голас. Сон разварушыў ва мне злы боль, аднавіў страсці, гукі і пахі дзяцінства ды так мяне ўскалыхнуў, што ляніўства ды неспакой некуды ў момант выветрыліся, увесь я напоўніўся прагай да працы ды з жахам падумаў: «О-ей, як я мог цэлы месяц біць бібікі?!»

ВЫПАДАК З ХЛОПЧЫКАМ

1

Удава сынам давала наказ.

— Мішка, на грошы, схадзі ў палітмахерскую ды пастрыжыся, покуль шчэ рана і калейка там малая. Паедзеш у Ваўкавыск на экскурсію з настаўніцай, то хоць на чалавека падобны будзеш! А ты, Вася, пагуляй у двары з Коляй! Толькі не лезце да рэчкі! Вернецца Мішка, папасеце на выгане карову!

Шчарбаты брат з круглымі ад жаху вачыма ўдакладніў :

— Мам, а ў палітмахерскай будуць Міску дусыць духам?!

— Духі, сынок, для жанчын выдуманы. Для вас, мужыкоў,— адэкалон.

— А генералам пырскаюць на валасы «Шыпр»! — пахваліўся сваімі ведамі суседчын Коля.

Удава ўзяла з этажэркі скрыначку ад халвы, стала перабіраць у ёй капейкі.

— Дзесяць, дваццаць, трыццаць, трыццаць пяць... Мо даволі? — жанчына заклапочана паўзіралася на сына і пяць капеек прытрымала.— За такія грошы і праўда генералаў стрыгуць з гэтым самым «Шыпрам», а ты ж у мяне шчэ не генерал, хопіць з цябе і «Трайнога»?.. Ладна, бяры ўсе, калі застануцца — рэшту прынясеш!

— Мам, хай мне марозанае купіць! — падказаў Васіль.

— Я ж табе ўчора купляла — не такі пан, каб кожны дзень прысмакі выядаць!.. Мішачка, толькі не згубі грошай! І не баўса там! Памятай, што ўжэ не маленькі — у другі клас перайшоў і цяпер у мяне гаспадар ты!.. А захочаце, хлопцы, есці — каструля ў духоўцы!..

Маці вярнулася ўжо ад парога:

— А-га, а што ты, Міша, скажаш, увайшоўшы туды, там жа на цябе розныя людзі глядзецімуць!..

Навучыўшы сына, як у «палітмахерскай» казаць «дзеньдобры», як спытацца, хто апошні ў «калейцы», ды правёўшы з ім яшчэ і рэпетыцыю, каб размова з людзьмі ў сына выглядала хораша, маці кінула:

— Ну, я пайшла!

2

Адзіная ў пасёлку цырульня змяшчалася ў цэнтры — паміж магазінам і сельпо.

Калі Міша адчыніў шкляныя дзверы ў вестыбюль, там у «калейцы» стаяў толькі дзядзька Барыс, які гэтаксама, бы Мішаў бацька, на самазвале вазіў з кар'ера на камбінат жвір. Калі Мішаў тата трапіў у аварыю, дзядзька Барыс быў на памінках, саджаў братоў на калені і суцяшаў. Цяпер ён тырчаў ля вушака ды гаварыў у другі пакой да абкладзенага прасцінай чалавека.

Дзядзька Барыс на прывітанне не адказаў, бо голасна выхваляўся, як з сябрам учора раздабыў паўлітра і што з гэтага атрымалася. Размовы такой хлопчык не любіў, а мама казала — каб не праклятыя паўлітры, тата з машынай не перакуліўся б. Міша не стаў пытацца пра «калейку», бо і дурань разумеў бы, што стрыгчыся яму пасля дзядзькі.