Выбрать главу

— Мараліст нудны, перастань! — шчыпаю мужа за локаць ды кажу: — Навошта ты мяне сюды прывалок?

15

Пасля доўгага перапынку я, нарэшце, сустракаю незнаёмага і ледзь стрымліваюся, каб не выдаць сваю радасць. Ківаю на прывітанне галавой. Ён усміхаецца. Нават прыпыніўся. На нагах у яго замшавыя чаравікі.

— Дзень добры! — кажа.— Ці не пара нам пачаць вітацца?

— І я думала пра гэта! — смяюся і ведаю, што ў мяне блішчаць зубы, вочы.

— Вось і дамовіліся! — з жартоўнай дзелавітасцю кажа ён.

— Дамовіліся! — у тон крычу і я.

Убягаю ў нейкі пад'езд, аглядаю сябе ў люстэрка. Ух, як усё атрымалася проста і натуральна! Перабіраю ў памяці, як усё адбылося, і зноў радуюся — лепш і быць не магло!

З таго дня мы вітаемся і нават абменьваемся нязначнымі словамі. Тое, што гавару я,— заўсёды з клічнікам; тое, што кажа ён,— дакладнае, нешматслоўнае, лагічнае і, як мне здаецца, разумнае. Голас у яго мяккі, спакойны, поўны затоеных пачуццяў, страсці і сілы.

«Ён — незвычайны! — кажа кожны раз пасля такой сустрэчы маё сэрца.— От бы пазнаёміцца з ім бліжэй, запрасіць дадому, звесці іх з Косцем...— прыкрываю ўсё фігавым лісточкам і раблю выгляд, што нічога кепскага не адбываецца. І радуюся, бо знайшла прычыну для размовы.— Я павінна яго павіншаваць са святам, гэта будзе наш першы крок да збліжэння! Потым запрашу дадому, і будзем мець новага сябра!»

Муж адставіў машынку і пачынае гартаць газеты:

— Хоць кінуць вокам, халера, што на свеце робіцца! Мо там ён перавярнуўся дагары нагамі, а ты і ведаць не будзеш!

Дарэмна ён апраўдваецца. Я задаволеная, што Косця не звяртае на мяне ўвагі. Саджуся пісаць цётцы ліст. Механічна выводжу словы, а сама мяркую, як выканаю задуму.

Толькі чаму ён у замшавых чаравіках?.. Страшэнна не люблю мышэй і мужчын у замшавым абутку!.. Чаму?..

Але ж гэта глупства: такі абутак, як кожны іншы!..

Ужо гадзін дванаццаць ночы. Выходжу на вуліцу, каб кінуць канверт у паштовую скрынку. Можна кінуць і заўтра, але хочацца на свежае паветра, пабыць са сваімі пачуццямі.

Ад нашага ганка нехта зашлёпаў ботамі на босую нагу.

— Гэта мы! — чуецца вінаваты Тосін голас.

Калі я вяртаюся з вуліцы, Тося ляжыць ужо ў ложку.

— Цёця Іра...— шэпча.

Да гэтай простай дзяўчыны ў мяне шчырая цікавасць і спачуванне. Прысядаю на раскладны ложак.

— Уцёк пасля адбою з казармы праз плот! — са шчаслівым смехам і захапленнем, бытта хлопец да яе пралез праз пекла, хваліцца мая Тося і пырскае: — У адных трусах і шынялі!

«Вось табе і Тося!»

«А з-за мяне ўжо не будуць так сябе падстаўляць пад небяспеку! Ой, няўжо ніхто і ніколі не будзе?!»

— Яго не пакараюць за гэта?

— Ён кажа: «Днявальны — свой хлопец. У крайнім выпадку — дванаццаць сутак губы, падумаеш! Той не салдат, хто на губе не сядзеў!» Яшчэ летам прабілі трактарам дзірку ў плоце, прыкрылі дошкамі і бегаюць...

Тосю маю не пазнаць.

16

Школа рыхтавалася да Кастрычніцкага свята. Трэба было маляваць транспаранты, прыбіраць класы, выводзіць ацэнкі за чвэрць, тэрмінова выпускаць насценную газету. Устала я ў гэты дзень, можа, гадзіне а пятай. Мяне напаўняе таямніца, радуе прадчуванне новага, абуджаецца якаясьці ненатуральная чуласць.

— І ты ўстаеш?! — з пяшчотай звяртаюся да Косці.

— Ага!

— Паспаў бы! Сядзіш і сядзіш, нельга ж так! Мяне вымушае свята. А цябе?..

— А па-твойму, як? — нагінаецца ён па гантэлі.— У мяне чартоўская прага да работы і радасць ад таго, што магу рабіць, што хачу!

— Геній аб'явіўся! Колькі разоў табе гаварыла: не хваліся, усё роўна састарышся...

— Во-о!.. І ў старасці жывуць. Тады, можа, толькі і атрымліваюць асалоду ад паўнаты жыцця, пільнасці вока, пачуцця меры з'яў!.. Давай старасць, я ведаю, як мне жыць, я — бачу неба! Якія ж вы ўсе... Не можаце адчуць нешта падобнае!

— О, зноў!

— Навошта мне хваліцца? Пабачыш, калі гэтая мая праца шугане на ўсю краіну!

— Тады што?

— Як — што? — застывае з узнятымі гантэлямі.

Гляджу на разгубленую постаць у адных трусах, на спіну і грудзі ў карычневых шрамах — слядах вайны — і адчуваю, які ён мне блізкі, родны і наіўны ў сваёй упартасці. Нібы Віця... Хочацца гэтаму роднаму і магутнаму зубру, што дзень і ноч заўзята працягвае сваё, перадаць частку свайго шчасця і радасці. Падыходжу і чула дакранаюся да рубца старой раны.

— Дзяўчынка, знайшла час!..— бянтэжыцца ён і грыміць жалязякамі аб падлогу.