Хлопчык з цікавасцю пачаў азіраць залу.
Пасярэдзіне вестыбюля тырчаў голы стол, за ім на сцяне вісеў градуснік. Хлопчык падышоў і прыгледзеўся.
Дакладна такі самы красаваўся ў іхнім класе — з чырвонай кропелькай на канцы шклянога аловачка. А Колька гаварыў, што ў горадзе, адкуль ён з мамай пераехаў, маразы бываюць па тысячы градусаў! Яшчэ Колька расказаў, бытта там пры такіх, як тут, маразах — трава зелянее і людзі ў кашулях ды босыя ходзяць, а градуснікі там вялізныя, бы тэлеграфныя слупы!
Няма таты, не спытаеш, ці можа такое быць.
Зрэшты, звычайным тысячу градусаў напэўна не змераеш. Нават школьны градуснік яны выносілі зімой на снег, і ён ніякага марозу не паказаў — чырвоная сэрцавінка некуды апала, і ўсё...
Са жмутам газет з вуліцы якраз зайшоў сярдзіты дзядзька.
— Хто апошні? — спытаўся ён.
За дзядзькам Барысам цяпер стаялі два мужчыны.
— Я! — кінуў крайні з іх, бытта Мішы тут і не было.
— Буду за вамі! — чалавек паднёс стол да акна, прысеў да яго, выняў акуляры і пачаў гартаць газету.
Пакрыўджаны Мішка паўзіраўся на вішню за акном, пачаў лічыць зялёныя пупышкі, але пасля сотні збіўся. На сучку застыла бліскучая смаляная кропелька.
Тут Міша праз акно заўважыў Васю з Колем і кінуўся займаць «калейку». Цяпер у ёй тырчала аж пяць заклапочаных мужчын, хлопчык вымушаны быў далучыцца да іх.
Праз хвіліну адчыніліся раптоўна дзверы, і на секунду паказалася Колькава галава.
— Генерал! — крыкнуў ён у залу, і вось ужо Колька з Васем давалі драла за магазін. Сярдзіты мужчына, які дагэтуль чытаў газету, зыркнуў з-пад акуляраў і хітравата яму ўсміхнуўся, ад чаго хлопчык адчуў у сабе прыліў гордай сталасці ды на момант спазнаў, як прыемна быць дарослым.
Увайшоў дзядзька з новай касой. Мужчыны як бы ажылі, пачалі кончыкам касы стукаць па батарэі ды вызначаць — мяккая ці цвёрдая, а тады яшчэ сталі на касу хукаць ды прыглядацца — ці хутка зыходзіць з яе раса. Нагледзеўшыся на ўсё гэта ўволю, Міша пайшоў да вушака, заглянуў у другі пакой.
Чалавек у белым халаце нарабіў з парашку мыла і на бараду ды шчокі дзядзькі Барыса наклаў ужо столькі пены, што можна было ёю кідацца. Пена была белай-белай. Хлопчык здзівіўся.
«Ты глядзі, а зробленая з жоўтага парашку — як гэта атрымліваецца?! Альбо яшчэ большае дзіва — як у каровы з зялёнай травы атрымліваецца малако?!»
Міша пашкадаваў, што не спытаўся калісьці ў таты. Ён многа пра што не паспеў спытацца. Напрыклад — пра «кнігу», якая, кажуць, знаходзіцца ў кароўім жываце. Да Красулінага боку на днях ён прыкладваў вуха і доўга прыслухоўваўся, як у неабсяжным чэраве нешта перакатвалася і грымела, булькала ды напружана скрыгітала...
А малако робіцца ніжэй.
Мішу раптам прыйшло ў галаву пусціць карову на выган ды прыкласці да вымені вуха. Не можа таго быць, каб ён не падслухаў які-небудзь сігнал вялікай таямніцы!
Мішу ўжо не цярпелася дамоў, толькі ж абавязкова трэба было пастрыгчыся, інакш маці не пусціць на экскурсію.
Хлопчык адно цяпер спахапіўся, што ў «калейцы» стаяла ўжо чалавек сем. Дзядзька, які з'явіўся з касой, жаліўся суседу, што ў яго зламалася брытва і ён вельмі спяшаецца. З гаспадарчай сумкай у руцэ зайшоў яшчэ чалавек і спытаўся:
— Хто апошні?
3
Жыў тады я ў Свіслачы на правах дачніка.
Адной раніцы зайшоў я ў цырульню ды заняў чаргу. Неўзабаве маю ўвагу прыцягнуў хлопчык, які з бездапаможнай паныласцю таптаўся ў вестыбюлі. Калі ж малы заплакаў ды пайшоў на двор, я адклаў газету ды кінуўся следам.
Мішу ўдалося перапыніць за магазінам.
— Пусці-іце! Пусці-іце!..— выбухнуў хлопчык яшчэ большым плачам ды забарабаніў кулакамі мне ў грудзі.
Нямала я патраціў часу, покуль малы выдавіў з сябе сваю крыўду.
Выйшлі мы потым з цырульні сябрамі ды адправіліся шукаць Мішавага брата. Васю з Колем удалося знайсці ў полі. Хлопчыкі прывалаклі на мяжу літровую бутэльку з вадой і, бытта цераз лупу, разглядалі цераз яе мурашак. Яны так захапіліся сваім доследам, што нас не адразу і заўважылі.
А што было б, калі б і я ў цырульні вельмі спяшаўся ці меў кепскі настрой, што часта са мной здараецца?!
Ці менавіта не з такіх выпадкаў, які перажыў Міша, хлопчыкі пачынаюць адыходзіць ад дарослых, а то яшчэ і горш — рабіцца кепскімі людзьмі?