Людзі папрыходзілі з вёсак, з Гарадка. Прыйшла і мая кампанія — Міша Толуць, Мікалай Яроцкі, з якімі хадзілі біць штрэйкбрэхерам вокны ў Вераб'ях, з Ванем Кулешам, Сашкам Кандрусікам, Толікам Парэмскім — вучыліся. Іхніх твараў у цемры не пазнаць, але кагосьці шукаць нам не дазвалялі законы канспірацыі.
З'яднаная напружаным чаканнем і ўсведамленнем сваёй значнасці гурма ўзбуджана калыхалася, шаста ла сухой травой, напаўняла змрок нервовым шэптам. Усё было таямніча, незвычайна, да жудасці рамантычна і незабыўна, давала прастор рызыцы, будзіла фантазію, пачуццё салідарнасці.
У гушчы змоўшчыкаў, з'яднаных адной мэтай і небяспекай (удзельніку сходкі пагражала чатыры гады турмы), сваіх сяброў я адчуваў толькі сэрцам.
— Ты чаму шапку не зняў! — вынырнуў з цемры Вінцак Грабцэвіч і збіў з мяне кепку.
— Навошта ён так?
Вінцак — нібы яго бацька. Ішоў я калісьці са школы, а стары Грабцэвіч ехаў паражняком. Толькі я пачапіўся на задок, а Грабцэвіч мяне — пугай!..
Але кепку трэба было зняць самому, я вінаваты. Добра, ніхто нас не бачыў. Такі тут важны, а от браўнінга не маеш!..
Не паспеў яшчэ я праглынуць крыўду ад Вінцака і прыдумаць помсту — Цішэўскі Юлік нешта аб'явіў. Стогалосы шэпт і шорганне ботаў раптоўна сціхлі. Яшчэ малады інтэлігентны мужчына абапёрся плячыма аб сасну, нацягнуў для канспірацыі шапку на вочы, пачаў лекцыю. Словы яго паліліся гладка, нібы ён чытаў з паперкі.
Гэтую працу Леніна я асвоіў толькі пасля вайны, у інстытуце. Лектар гаварыў пяць, дзесяць, дваццаць хвілін, а я ўсё нерухома сядзеў на траве, разявіўшы рот, як іншыя, і быў заварожаны магічнасцю незразумелых слоў, упіваўся такой глыбокай вучонасцю, што аж кружылася галава.
Прызвычаеныя да канкрэтных разуменняў сялянскія галовы абстракцыі не ўспрымалі. Але і астатнія слухачы пранікліся да сябе пачуццём значнасці з-за справы, якой сябе ахвяравалі. Зноў адбывалася магічнае яднанне душ і людзей.
Зачараваныя, узбуджаныя, мы забываліся на камароў, слухалі чалавека.
«От жа-арыць!.. І хто? Не поп, не ксёндз, не пан нават, а наш, з ЦК, з СССР! Прывядзі сюды самога войта і — ні шыша не зразумее!»
Лектар скончыў. Цішэўскі аб'явіў:
— Хто да таварыша мае пытанні?
Дзівак, хіба яны могуць быць? Пытацца — ставіць пад сумненне. Гэта ж — словы Леніна: крыштальна чыстая, неўміручая, адзіная і канчатковая праўда.
— Ну, каму што незразумела?
Ліха яго ведае, задасі пытанне, пакажаш, які з цябе дурань...
Пакуль загадаць разыходзіцца па адным рознымі дарогамі, Юлік з цеплынёй сказаў:
— Дзякуй вам, таварыш...
Усім сэрцам адчулі мы промні, якімі праз гэта слова дакрануўся ён незвычайнай асобы.
Каб Юлік загадаў памерці за тое, пра што лектар гаварыў, або знікнуць са свету за камсамол, партыю, то кожны з нас палічыў бы гэта за вялікае шчасце.
Горды, шчаслівы, прабіраўся я з мітынгу напрасткі полем, ля застылых у глыбокім сне суседскіх хутароў. Ляцеў як на крылах, бо нават не пачуў мяне сабака Грушэўскіх. Справа маячыла хата Марціна, злева — Настусі.
Удава мела толькі адну прызваную рэч — бляшаную шыльдачку для паштальёна, якая вісела на шчытавой сцяне хаты. Нумар Настусінага дома і прозвішча на шыльдачцы былі акуратна намаляваны белай фарбай на сінім фоне, польскія паліцыянты за гэтым сачылі. У астатнім — ні хлеўчыка, ні кусціка, ні калодкі не было ля Настусінай хаціны, бо нават дровы яна з дочкамі секла на парозе, ад чаго і высеклі ў ім за шмат гадоў седлавіну.
Браўнінг, які мы з Сашкам калісьці прынеслі з зуброўскага хвойніку, убачыў дзядзька Марцін і цацку адабраў. Нядаўна Сашка палез чысціць калодзеж, знайшоў яго і зноў прынёс мне. Малайчына, цяпер яго халоднае жалеза адтапырвала мне кішэню. Спі сабе, Вера, спі, Сашка. І ты спі, Косцік. Я займаюся справай і за сябе і за вас...
...Вынік чытанняў і слуханняў быў такі, што некаторыя хлопцы лавілі на ляту вучоныя фразы, потым імі бравіравалі, а мы зайздросцілі сябрам, лічылі сябе нікчэмнасцямі.
Дружна мы білі правакатараў на музыках або лупцавалі іх, падпільнаваўшы на вуліцы.
Падпальвалі будынкі прадажнікаў, іхнія стагі сена.
Не ў кожным выпадку браў я ўдзел. Але кожны выпадак я так перажываў, што мне здавалася, нібы і я быў удзельнікам.
3
Ацэньваючы сябе цяпер крытычным вокам сталага чалавека, я бачу, што падзеі для нас тады былі галоўным чынам гульнёй, выпадкам, каб быць на відавоку, паказаць сябе арыгінальным, самасцвердзіцца, без чаго жыццё юнака траціць сэнс. Над намі патрэбна была рука, але нашым бацькам было не да нас.
Парадак з намі трэба было навесці даўно. Я не ўпэўнены, ці рабіць тое, за што браліся, мы мелі маральнае права.