Мікалай Лявончык любіў бравіраваць фразамі з брашур і дакладаў, а мы яму зайздросцілі.
Мікалай не ведаў, як там было на самай справе на граніцы, глядзеў на мяне, як на героя.
Ляжалі адной нядзелі хлопцы пад бэзам і жарылі ў падкіднога. Як толькі канчалі гульню, Мікалай кожны раз уздыхаў:
— Хопіць, мусіць. Халера, трэба ісці ногі памыць, маці сварыцца будзе...
— Ла-адна, сходзіш яшчэ, здавай!
— Ну, хіба апошні раз...
Гэтак Мікалай дацягнуў да вечара. Там ужо не было сэнсу ногі мыць: раніцой на рабоце забрудзіш зноў, а нядзеля — прайшла.
Аднаго разу ішоў ён па вёсцы і ля Тадорыхі ўздумаў перадаць мне брашуру. Ён не падаўся са мной туды, дзе няма дамоў. Яшчэ здалёк сваім выглядам даў зразумець — нешта перадасць. Правай рукой залез у левую кішэню (хоць левая рука была свабодная) ды стаў набліжацца — напружана, нібы намерваўся секануць мяне шабляй.
Параўняўшыся, сунуў мне брашуру і са змоўніцкім выглядам пакрочыў далей.
Гэта ён рабіў дзеля Тадорышыных дзяўчат, якія, магчыма, глядзелі праз вокны хаты і бачылі, што ён не проста Мікалай, Міхалкавага Васіля сын, у якога яшчэ шасцёра мурзатых братоў і сясцёр...
Я таксама з-за Настусінай Веркі выкідваў конікі.
За вёскай, на скрыжаванні дарог, стаяў абеліск пану Златніцкаму, у якога некалі наш дзед купіў участак зямлі. Бабкі спыняліся перад абеліскам і маліліся, бо на ім стаяў чыгунны крыж з распятым Хрыстом.
Ішлі мы аднаго разу аднекуль кампаніяй, і я быў увесь заняты толькі тым — што-небудзь упароць.
— Валодзька, давай паб'ём крыж! — прапанаваў я брату.
Брат стараўся ад мяне не адстаць. Узяліся мы выдзіраць крыж і спяваць:
А мы і чорту скру-цім ро-гі,
Бо-огу вы-ырвем ба-ра-ду!..
Вера нас сарамаціла, упрошвала. І гэта мяне распаліла яшчэ болей. Я разбіў крыж аб камень на дробныя кавалачкі і радаваўся, што давёў дзяўчыну да плачу.
Праз акно нас убачыў дзядзька Салвесь, вылецеў з хаты і расплакаўся таксама. Я апамятаўся.
Дзядзька не пана шкадаваў. Ён быў і бязбожнік. Чалавек плакаў, што нягоднікі зганьбавалі сімвал, якому пакланяліся продкі.
Дома нас чакала лупцоўка ад мацеры.
Салвесь завёз кавалкі чыгуна да каваля ў Гарадок, яўрэй Мэндаль узяў іх у клямары, дзядзька ўставіў крыж у камень, заліў яго цэментам. Толькі тады ў мяне адлягло ад душы.
4
Раптам па Страшаве папаўзла жудасная вестка: быццам былыя беларускія паслы Валошын, Тарашкевіч, Мятла, Дварчанін, Рак-Міхайлоўскі, якія паехалі ў СССР,— ворагі народа!
У нашу хату пранікла чутка, што ў казанскім інстытуце арыштавалі дзядзьку Івана, бо ён быццам бы — амерыканскі шпіён.
— Та-рашке-евіч? — не верылі людзі.
— Ён пра-да-аўся?!
— Яго ж ведалі і ў Парыжы, і ў Вене!
— Во, во! Ездзіў па Парыжах і Венах за нашыя грошы і знюхаўся там!
— Не можа гэтага быць, хлопцы, брахня ўсё!
— То паслухай, што людзі гавораць! Дыму без агню не бывае!
— Няўжо прадаўся?! Такі, здаецца, правераны, свой...
— А Павел Валошын? Калі яго жулікі пабілі, то мы, пабраўшы сякеры, праводзілі яго на фурманцы да доктара. Павел думаў, што памрэ, і перад смерцю ўсе прасіў: «Хлопцы, толькі не паддавайцеся, каб не дарма была пралітая наша кроў!»
— А выходзіць?!
— Каму ж тады можна даверыцца, калі ўжо такія прадаюцца?!
— Не магу, не магу паверыць! Усё гэта паны, сволачы, выдумалі, каб збіць людзей з тропу!
— Не трэба слухаць, што брэшуць пілсудчыкі. Правакацыю пускаюць! Іхнія газеты што хочуць, тое і пішуць!
— Правака-ацыя, па-твойму?! Мне ўчора ў Беластоку, думаеш, брахалі людзі?!
Мужчыны ледзь не бралі адзін аднаго загрудкі.
— Не ведаю, як там вашыя паслы, але наш Іван пайсці супраць сваіх не мог! — цвердзіла мама.— Не мог пайсці супраць сваіх людзей, не мог быць шпіёнам, каб невядома што там было!
Прайшоў яшчэ нейкі час, і ўжо з'явіліся ў польскіх газетах артыкулы.
— Брэшуць паны, свалата...— няўпэўнена спрабаваў яшчэ бараніцца бацька.
Вёска яшчэ доўга не магла паверыць. Пра ворагаў народа загаварылі і па радыё з Масквы і Мінска. Імі сталі ўжо і Тухачэўскі, Блюхер... Дыктары паведамлялі з такой упэўненасцю, абурэннем, што мароз па скуры праходзіў.
— Што натвары-ыласа!
— Мусіць, так трэба. У Маскве — разумнейшыя за нас, ве-еда-юць, што робяць...— з болем, уздыхаючы, мірыліся землякі.
— Сталіна не правядзеш, ён усё-о бачыць...
— І навядзе парадак са шпіёнамі, як навёў з буржуямі і нэпманамі!
А з гэтым паверылі ў подласць, здраду. Пачалі адзін да другога прыглядацца, адзін аднаго баяцца, не давяраць.