Страшаўскія камуністы, камсамольцы і сімпатыкі сталі шукаць ворагаў вакол сябе. Сусед пачаў насцярожана прыглядацца да суседа, таварыш не верыць таварышу, а сын — бацьку. Настаў спрыяльны момант для парахункаў. Уступіў у дзеянне механізм самаабароны нашай псіхікі — у асабістым ворагу хутка мы пачынаем бачыць і ворага грамадскага.
5
У дзяцінстве мне давялося бачыць дзіўную з'яву.
Паяўляўся ў вёсцы значны чалавек — і вёў яе за сабой. Людзі да яго гарнуліся, пераймалі. Галоўную ролю тут, мабыць, адыграла імкненне да лепшага. З маленства маці вучыць цябе браць прыклад з чалавека, у якім яна мо падсвядома адчувае штосьці асаблівае.
Такім героем зрабілі ў нас людзі Юліка Цішэўскага. Самі яго зрабілі, самі потым з ім і расправіліся.
...Вярталіся аднаго разу нашыя хлопцы ноччу праз стойбішча ў Каралеўскім лесе. Юлік чагосьці адстаў, і ў гушчары на яго накінуўся згаладнелы ці ашалелы воўк. Покуль сябры дабеглі, Юлік задушыў звера голымі рукамі. Пра здарэнне нават пісала беластоцкая газета і паслала хлопца на бясплатныя ўколы ад шаленства.
— Што-што, а ваўкоў ведаю до-обра,— апусціўшы галаву, казаў мой бацька.— Хлусяць усе. Юлік сабаку задушыў.
Пры людзях бацька маўчаў. Як бы і ён знаходзіў выгоду, здавальненне і прыгажосць у Юлікавым гераізме.
Бацька таксама лічыў, што з мужчын Юлік найлепш ведае, што робіцца на свеце, не палезе ў кішэню па слова ні перад войтам, ні перад паліцыянтам.
Аднойчы з Юлікам счапіўся Іван Антончык. Бацька хлопцаў расцягнуў. Разняў іх лёгка, як кацянят. Праўда, Юлік за бацьку ростам быў ніжэйшы, але бацька лічыў яго асілкам.
Летам мы вячэралі. Зайшоў Юлік, і бацька запрасіў хлапца да стала.
— Ужо вячэраў. Ледзь не тры талеркі морквы на малацэ выхлябаў, жывот — як барабан!
Адкуль брацца той сіле?
Страшаўцы трызнілі веласіпедамі, ды машыны былі надта дарагія.
— У Беласток прывезлі савецкія — амаль задарма! — прынёс аднойчы Юлік вестку з Гарадка.
Хлапцу надта хацелася мець свой веласіпед, і ён паверыў плётцы. Паверыў лёгка, як цётка Кірыліха.
Запомніўся яго погляд і на літаратуру.
Аднаго разу я вярнуў Юліку нудны для мяне томік. Хлапец выслухаў маю крытыку і ажывіўся:
— Разумееш,— не спадабаласа і мне!.. Прывёз яе з Гарадка, вечарам сеў чытаць і бачу — прыпсаваная. Усё ідзе ў ёй добра, добра, і раптам пісьменнік пачне выводзіць заход сонца, і, здаецца, ты бачыш, як сядае яно за гарызонт!.. Спахапіўся — цьфу! Каму гэта патрэбна?.. Не меў, далібог, чалавек што рабіць!
Адным словам, Юлік быў крыху больш разумнейшым страшаўцам, ды на яго долю выпала пачэсная роля быць прыкладам, духоўнай апорай людзям. Хлапец гэта добра адчуваў і, шануючы веру землякоў, не даваў прычыны для расчараванняў.
Збяруцца жанчыны ў нядзелю пад плотам і зайздросцяць сяброўцы:
— Цётко Сахарыхо, як гэта вам, удаве, на пяці гектарах пясочку ўдалоса выгадаваць такога файнага сына?
Сухая жылістая Цішэўская з гордасцю маўчала. Толькі яе вочы свяціліся маладым шчасцем.
І вось закахалася ў Юліка Казлова Надзя з Бялявіч — непрыгожая, мо яшчэ «мікалаеўская» дзеўка. Яна працавала ў Беластоку служанкай у багацеяў. Юзіку яна не падабалася. Ён пакахаў Надзіну сяброўку і ажаніўся.
Аднаго разу паліцыя арыштавала Юліка, але не было доказаў віны, і мусіла выпусціць. Тады нехта подла шапнуў:
— А-а, выпусцілі!.. Думаеш, так?! Бо, мабыць, Юлік ім прадаўса!
Ніхто чамусьці не хацеў заўважаць, што найбольш старалася разнесці па людзях гэтую чутку помслівая і зайздросная Надзя Казлова.
Як бы настала такая мода. Некаторыя нібы гэтага толькі і чакалі, з бруднай падазронасці ўраз зрабілі «праўду» і паверылі ёй.
Пасаромлены некалі Юлькам меляшкоўскі Вінцак Грабцэвіч надта любіў уладу. Ён прагна хацеў яе. Яго раздражнялі Юлікава разважлівасць і аўтарытэт. Цяпер Грабцэвіч аж узрадаваўся:
— Памятаеце Вераб'і?! — нагадаў ён усім.— Памятаеце, як Цішэўскі абараняў шляхту, не даваў біць ёй вокны?! Я ведаў — ён яшчэ тады знюхаўся з панамі!
І фанатычная галава вызвалася пакараць «здрадніка». Яшчэ спрабавала ўцягнуць і мяне ў злачынства.
Аднаго зімовага вечара паіў я ля студні быдла і ўбачыў, што ад чыгункі нехта ідзе. Адставіў я вёдры, пайшоў да брамкі.
Увабраўшы галаву ў кажушок, да нас крочыў сваёй спружыністай паходкай меляшкоўскі Вінцак Грабцэвіч. Ля плота ён спыніўся, насцярожана абвёў вачыма падворак. Пераканаўшыся, што мы ўдваіх, хлапец павярнуў да мяне хударлявы твар, кіўнуў на прывітанне галавой ды прыступіў да справы.