— Алёшка, браўнінг у цябе?
Я адразу здагадаўся, што ён задумаў, і амярцвеў. Не змог выціснуць з сябе нават слова.
— Маеш яшчэ браўнінг? — нецярпліва паўтарыў ён пытанне.
— Не-а! — матнуў я легкадумна галавой.
— Брэшаш? — ужо больш рашуча і з пагрозай прыстаў Вінцак.
— Даўно ўжо не маю, што-о ты!..— стаў я апраўдвацца.— Ён быў не мо-ой, я мусіў адда-аць!..
Хлопец адразу страціў да мяне цікавасць.
Вінцак не развітаўся, а, нездаволены мной, павярнуўся і пакрочыў да пераезда сваёй энергічнай паходкай.
6
Саратаўскага самародка забілі ноччу.
Юлік сеў за стол вячэраць. Падняў лыжку са стравай да рота — і ў той жа момант ад стрэлу ва ўпор з паляўнічай стрэльбы пырснулі падвойныя шыбы, згасла лямпа. Юлік атрымаў кавалак волава ў скроню ад былога сябра, з якім правёў не адзін мітынг, разам сядзеў у халоднай на пастарунку.
Вінцак яшчэ ў тую самую ноч, не астыўшы ад забойства, стаў новым сакратаром падпольнага райкома.
— Сабацы — сабачая смерць! — з жахам пачуў я ад Марціна каментарыі да трагедыі.
— Запаганіў адно вёску, заменак,— са шкадаваннем падсумаваў бацька.— Дагэтуль Страшава прадажнікаў не мела!
А я ў яго хацеў для Юліка шукаць ратунку!
Бацька на нейкі час мне стаў чужым і страшным, як тады, калі выгнаў з хаты Зубкоўскага Рамана.
Страшаўцы былі не такія кепскія людзі, я бачыў, як сардэчна адносіліся яны да хворага Доўгага Мікалая.
Немагчыма было зразумець паспешлівасць, з якой людзі паверылі ў здраду чалавека, перад якім яшчэ ўчора схіляліся. Мне было крыўдна, мучыла бяссілле, што нічога не зменіш.
Не звышпразорлівасцю і не асаблівым талентам я дайшоў да таго, што Юлік невінаваты. Часамі ў складаных і заблытаных справах дастаткова звычайнага дзіцячага ўспрымання (як з Кавалішынай іконай), каб адрозніць фальш ад праўды.
Зрэшты, уся трагічнасць выпадку дайшла да мяне значна пазней, калі я сам сабе зарубіў на носе, што жыццё — суровая барацьба за праўду, да якой увесь час заблытанымі і цяжкімі шляхамі імкнецца чалавецтва.
Адразу пасля стрэлу заляцеў я адным з першых у асірацелую хату Цішэўскіх і з жахлівым недаўменнем застыў над трупам свайго настаўніка і друга.
Ён валяўся на падлозе ў лужыне крыві з прастрэленай галавой.
Ніяк не хацелася паверыць, што свет такі бесталковы, бязлітасны, помслівы і суровы.
У хату ўвайшоў паліцыянт Бурсевіч, які выпадкам апынуўся ў вёсцы. Паліцыянт патрымаў хлапца за запясце, паспачуваў:
— Юлік, Юлік, да чаго давяла цябе палітыка... Ці я табе не раіў кінуць усё да д'ябла?!
У наступную ноч стараста вёскі вызначыў людзей вартаваць труп. Чарга выпала на нашу хату і Настусіну. Бацька на варту выправіў мяне, а Настуся паслала дачку. У кампаніі страшаўцаў паўночы прахадзілі мы з Веркай у Цішэўскіх пад акном, у якім замест шыбаў тырчалі падушкі.
Перад зменай наблізіўся я да Сахарышынага акна. У хаце нехта натужліва шастаў нажоўкай.
— На, ты пілуй, а то я ўвесь спатнеў! — пачуўся голас фельчара з Гарадка.— Ну і моцны ж быў хлапец — як корч!
Камісія ўскрывала Юлікаў чэрап.
Мокрыя шніты нажоўкі і захапленне працавітага медыка засталіся ў маёй памяці назаўсёды, як крык недарэчнай ахвяры.
7
Занятыя звядзеннем разлікаў людзі зусім забыліся, што ўрад пілсудчыкаў не дрэмле. А ён ужо даўно ў Беластоцкую акругу КПЗБ заслаў правакатара — Якава Стральчука.
Выхадзец з-пад Бельска, гэты тып, будучы сакратаром падпольнага райкома камсамола, яшчэ ў 1928 годзе завербаваўся на службу ў дэфензіву — тайную паліцыю.
Якава Стральчука як віднага камсамольскага дзеяча ў 1931 годзе паслалі нават у СССР на вучобу. Вярнуўшыся з Мінска, стаў ён ужо інструктарам ЦК. На гэтай пасадзе правакатар за пару гадоў выведаў і вынюхаў многае.
У хатах, дзе Стральчука, інструктара ЦК, хавалі ад паліцыі, кармілі яечняй і скваркамі, нягоднік пакідаў пасля сябе след, каб потым, вярнуўшыся сюды з паліцыяй, было лёгка дзядзьку абвінаваціць, калі той пачне адмаўляцца. Гаспадары пакідалі яго аднаго ў хаце, а мярзотнік запіхваў у шчыліну запіску або перакульваў стол і на дошцы алоўкам выводзіў: сёння, такога дня, тут быў сход камуністаў, на ім прысутнічалі...
Падрыхтаваўшыся гэтак, дэфензіва ў адзін дзень правяла масавыя арышты. Членаў партыі і камсамола забралі з усяе акругі. Толькі Вінцаку Грабцэвічу ўдалося ўцячы.
Арыштавалі мяне, бацьку.
Першую ноч правялі мы ў Кушнерчынага Юліка ў Бялявічах. На падлогу Юлік наслаў саломы, нас паклалі ў радочак, апрануты ў цывільнае паліцыянт з наганам стаў на варту. Пакуль што я не адчуваў бяды. Ляжаў і думаў. З кухні даходзіць цьмянае святло ад газовачкі — там плачуць дзеці. За намі прыглушана шапталіся страшаўскія і бялявіцкія мужчыны. Ля дзвярэй — дрэмле на табурэтцы паліцыянт з наганам. Так і ў Меляшках, кажуць, драмаў ён, а Вінцак цішком дапоўз да дзвярэй і — нырнуў у цемру, толькі яго і бачылі!