Выбрать главу

«А-а, вунь ты як!.. Дулю бачыў? Я табе не Госцік!.. І не ўнук Юды Іскарыёцкага!»

Бурсевіч якраз тры гады таму назад прыязджаў са старым камендантам забіраць у ваўкавыскую турму майго бацьку за забастоўку лесарубаў. Аж задрыжаў я ад радасці, калі гэта ўспомніў:

— А вы майго тату арыштавалі з-за чаго? Мо ён выступаў супраць Польшчы?.. Супраць беластоцкага буржуя, яўрэя Кацмана! Дык чый вы слуга?!

Нечакана для мяне Бурсевіч зарагатаў. Немалады ўжо і дабрадушны таўсцяк адкінуў галаву, паказаў устаўныя зубы і аж затросся ад смеху:

— Хо-олера ясна, ну і чло-овек з цябе! — штурхнуў мяне яшчэ ў бок.

Нарагатаўшыся ўволю, паліцыянт, як роўнаму, пачаў расказваць анекдоты.

Крыўдна было — нясцерпна крыўдна, што нас ніхто не чуе са Страшава. Хоць бы сядзеў тут паліцыянт Лукашэвіч з Гарадка. Або — Ігнатавага Арсэніка Нінка ці Настусіна Верка, наш Валодзька...

...Бацька мяне астудзіў:

— Пра гэта нікому ні слова! — устрывожыўся ён, калі я расказаў пра сцэну на пастарунку.— Памятаеш, што было з Юлікам?! То і маўчы!

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

1

Ліквідацыя КПЗБ і КСМЗБ адбылася адразу на цэлым ваяводстве. Каб перасаджаць камуністаў і камсамольцаў, ураду не хапіла б і камер. Прыгаворы з турэмным зняволеннем суддзі выносілі адно сакратарам ячэек і тым падпольшчыкам, якія западозрылі ў забойствах правакатараў.

Бацька не быў ужо сакратаром і атрымаў невялікі тэрмін, да таго ж умоўна. Мяне з-за малалецтва нават не выклікалі на суд. Я расплакаўся. Надта хацелася, каб засудзілі, як Кірылішынага Валодзьку, а потым і пра мяне ўсе гаварылі б як пра героя.

Лепшыя людзі апынуліся за кратамі. Пайшла чутка, што Камінтэрн распусціў КПЗБ і КСМЗБ, бо яго кіраўніцтва быццам бы складалася з адных ворагаў народа.

Ці не зашмат гэтых ворагаў? — пачалі сумнявацца людзі. Ну, Стральчук. Ну, яшчэ было пару шпіёнаў і правакатараў. Але ж нашыя хлопцы ўвесь час на людзях, калі ж маглі прадацца? І за віну аднаго-двух нельга караць усіх.

У польскіх газетах пісалі, што ў СССР арыштавалі шуцбундаўцаў.

— Не ведаю, як вашыя паслы, як тыя аўстрыякі, але наш Іван не мог, не мог прадацца, каб тут невядома што! — упарта цвердзіла сваё мама.— Сцяпан, ты ж яго добра ведаеш, скажы?!

Бацька маўчаў. Толькі курыў цыгарку за цыгаркай. Відаць, задумаўся над гэтым па-сапраўднаму.

Сяляне, да якіх даходзілі адгалоскі падзей, цяпер, як сто, як дзвесце гадоў таму назад, думалі пра сваё — адкуль узяць грошай на запалкі, соль, мыла, падаткі. Паміралі, спраўлялі хрэсьбіны, вяселлі, гналі самагонку, напіваліся...

Вясной сабраўся жаніцца Сляпенькі Іван і прыйшоў прасіць бацьку за свата. Жаніх з яго неважнецкі — бедны, у дзяцінстве выпараў сабе вока, да таго ж яму даўно пераваліла за трыццаць,— страшаўскія дзеўкі выходзіць за яго не хацелі.

У Меляшках нявесце давалі ў пасаг толькі карову.

У Грыбаўцах — яшчэ і парася, авечку. Але ж Сляпенькаму патрэбна была гаспадыня з возам, канём — не толькі з каровай. Падахвочаны мамай, бацька запрагаў кабылу — і адпраўляліся яны з Іванам на цэлую ноч шукаць па вёсках такую князёўну.

Людзям было сумна жыць без мэты.

Мо толькі такія, як Настуся, не мелі расчараванняў і былі далёка ад усяго, што адбывалася.

...Мне мінула шаснаццаць гадоў, я нібы павіс паміж небам і зямлёй.

Праца на гаспадарцы не задавальняла. Асалода здабывання плёну зямлі, творчасць селекцыянера прыходзіць да вяскоўца разам з яго сталасцю, калі чалавек здольны на цярплівае і мудрае чаканне. Паэзія і смак земляроба паспытваў мой бацька, а для мяне, нецярплівага верхагляда, работа на гаспадарцы была нуднай.

Капай бульбу, вазі ў склеп, кармі жывёлу, а вясной цягай мяшкі на поле, зноў садзі бульбу.

Цэлы май капай торф, каб за зіму спаліць і ў наступным годзе брацца капаць зноў.

Не было рамантычнага занятку, зніклі кіраўнікі, аўтарытэты, не хапала рызыкі, не было з-за чаго хвалявацца, не было чаго выглядаць.

У мае гады ўвагу можна хутка пераключыць з аднаго на другое.

Зрабіў дэтэктарны прыёмнік.

Ноччу чытаў кніжкі, покуль бацькі дазвалялі.

Фантазіраваў. То з лютасцю варочаў віламі карычневыя пласты гною з-пад кароў, кідаючы іх на воз, паспытваў ап'яняльную мускульную радасць.

Але чым бы я ні займаўся, усё думаў, думаў і думаў пра Настусіну Верку.