Шурка Казёл з Меляшкоў зацягнуў новую савецкую песню:
Нашы галасы дружна паплылі ў маўклівую летнюю ноч, напаўняючы нас хмелем.
Я выразна бачыў сябе з вінтоўкай на Валілскай станцыі — развітваўся з Веркай. На вайне могуць забіць, аднак я мушу ехаць — абавязак!
Верка гаварыла мне гэта сардэчна, чула, і такая разбірала жаласць да сябе, што хацелася плакаць.
«Я вярнуся, абавязкова!» — крычаў я ёй праз грукат колаў.
Наступіў момант той душэўнай еднасці і спакою, які дае людзям харавы спеў. Хвіліну ўсе пасядзелі, памаўчалі. І тут нехта спахапіўся — дванаццатая гадзіна ночы, запаветны час!
Пары накіроўваліся ў цемру лесу.
Я не пабег за імі, як некалі, каб з узбуджанай цікавасцю выглядваць за хлопцамі і дзяўчатамі.
Але і не асмеліўся за цэлы вечар падысці да Веры, сказаць ёй хоць слова...
6
Па бялявіцкай дарозе плёўся я з Купалы апошнім.
Узышоў месяц. У цьмяным яго святле пад бэзам сядзела Лушка.
— Кіруй сюды, Алёшка, яшчэ зойдзеш!
Ад яе ласкавага і настойлівага голасу зрабілася страшнавата. Некуды падзелася стома.
І тут я перапалохана падумаў пра Грабцэвіча, але ўжо нічога не мог з сабой зрабіць. Я з жахам убачыў, як мае ногі міма маёй волі зварочваюць з дарогі, а я ўвесь аж устрапянуўся ад чакання.
— Прысядзь, адпачні! — паказала яна на лаўку каля сябе.
У Лушчынай хаце вокны адчынены насцеж; адтуль чуваць, як храпе яе бацька.
І Верка спіць там? Трэба ўцякаць.
Але я насцярожана, баязліва сеў. Валасы ў Лушкі былі распушчаны, з-пад расхрыстанай кофты відаць была бессаромная белізна. Убачыў я гэта, і ўсё астатняе для мяне перастала існаваць. Сядзеў я ўжо ў нейкім узбуджаным стане, слухаў ласкавы, мацярынскі голас і не мог паварушыць нават рукой. Адно нешта бясконца гаварыў. Гэта было трызненне чалавека ў ліхаманцы... Лушка слухала мяне паблажліва, па-апякунску.
Нейкай часцінкай мозгу я добра разумеў трагізм дзяўчыны. Яны з Вінцакам гулялі гадоў чатыры. Вінцак не хацеў вянчацца ў царкве, а на іншы шлюб старыя нявесты не згаджаліся. Нарэшце Лушка бацькоў угаварыла, рыхтавалі ўжо вяселле, ды паляцела ўсё к д'яблу. Ці Грабцэвіч калі вернецца, невядома, а каму патрэбна такая дзеўка? За цэлы вечар ні адзін хлапец не прамовіў да яе і слова, ніхто яе не праводзіў. Лушка ўзрадавалася і мне. Але якраз мяне гэта і абражала. Хацелася давесці — я такі ж, як і ўсе, хлапец, і не патрабую скідак: адукаваны, два разы мяне паны судзілі, было так, што на граніцы трое сутак нічога не меў у роце...
— Бо-ожа, як ты прапах дымам увесь! — перабіла яна мяне, нахілілася, пацягнула носам.
І зноў я плёў нешта далей, і ўсё здавалася — мала.
Гэтак выхваляючыся, я схлусіў, што маю не абыякую звычку — гавару праз сон. Праз сон якраз гаварыў Лушчын брат, а яе маці выпытвала ноччу ў сына, што хацела.
— Чаму ты мне ране-ей не сказаў? — з жахам адсунулася дзяўчына.
Я зразумеў: яна збаялася маёй мамы. Усхапілася з лаўкі і прагнала такога кавалера дамоў.
Ішоў я далеў і трывожыўся — Лушка раскажа Веры ці не, што сядзеў з ёю на лаўцы? А калі не вытрывае, пахваліцца?..
Спатканне з Лушкай я ўспамінаў ужо з непрыемнасцю, як кепскі сон. Валокся ў Страшава і сярод бляску вогнішча бачыў толькі жывы тварык з бліскучымі ад цікавасці ды напалоханымі вачыма.
Я не дамоў ішоў! Мы шукалі папараць-кветку, былі толькі ўдваіх на свеце, нам было жудасна добра, а ў твар свяцілі — мяккія промні.
А гэта ўзышло сонца.
Я і не заўважыў, што з-за нашага плота падае таямнічыя знакі напалоханы Валодзька.
У брамцы з адкляпанай касой у руках чакаў мяне ашалелы ад злосці бацька.
— Дзе ты валэндаецца цэлую ноч? Ты што — Шастаковічаў сын?!
— Дай яму добра, Сцяпан, няхай другі раз ведае, валацуга! — ад калодзежа азвалася маці.
Я не паспеў адскочыць, і бацька мяне нечым перацягнуў па плячах.