Мяне здзівіла: калі ён паспеў? Нядаўна ж толькі быў дома, забіў бязвіннага паляка.
За матацыкламі павалілі разведчыкі на сытых і вялізных конях і — таксама юнакі — салдаты першага эшалона. Затым пайшлі тылы. Гэтыя салдаты былі ўжо самавітыя і падцягнутыя бюргеры, рабочыя і крамнікі, узятыя па мабілізацыі. Яны сталі падыходзіць да нас,
ціснуць нам рукі:
— Вайсрусіш?.. О-оу, Москаў гу-ут!
— Нікс крыг!
— Гітлер унд Шталін — оу!
— Фрондшафт!
— Дрюжба!
І паказвалі газеты і фатаграфіі, на якіх новы нарком замежных спраў Молатаў зняты ў час гутаркі з Рыбентропам.
Тады падаставалі фота сваіх жонак, дзяцей...
Цяпер ужо звярнулі сваю ўвагу на нас і маладыя. Яны падлабуньваліся да Веркі — так жа, як гэта рабілі нашы хлопцы.
Але чаму з імі Лукашоў Іван?..
А крывавая расправа з рэспубліканскай Іспаніяй?!
Няма чаго ім верыць! Во, з такімі я меўся спаткацца за Пірэнеямі. Яны прыйшлі сюды...
Буржуазнай Польшчы не стала. Для Страшава адышла яна неяк лёгка, без болю і ўспаміналася ўжо, нібы сон. Але што будзе далей?
Дзесьці па-геройску яшчэ змагалася абкружаная Варшава. Паранены, які прыехаў адтуль, бачыў Кірылішынага Валодзьку з падпольшчыкамі. Выйшаўшы з турмы, хлопцы добраахвотна засталіся бараніць польскую сталіцу ад фашыстаў...
Вярнуўшыся з Гарадка, мы з Валодзькам адправіліся ў Ліпнікі збіраць польскія вінтоўкі.
Семнаццатага верасня рушылі з усходу да нас савецкія войскі. Паляцела чутка, што Чырвоная Армія заадно ўдарыла і па гітлераўцах, вызваліла блакіраваную Варшаву, маршыруе на Берлін. Мы згаварыліся ноччу напасці на нямецкі гарнізон у Гарадку.
Нарэшце нехта здагадаўся ўключыць радыё на Мінск. Дыктар пералічваў, дзе адбылася мірная сустрэча нашых войск з нямецкімі: у раёнах Брэста, Беластока, Гродна...
3
Праз тыдзень немцы спакавалі свае абозы, паздымалі кулямёты з агнявых пазіцый і адышлі.
Яшчэ пасля іх не абсеў у Валілах пыл, як на маленькіх і шустрых мангольскіх конях выскачылі з Ліпнікаў насцярожаныя і пранырлівыя разведчыкі Чырвонай Арміі.
Следам за разведкай павалілі бранявікі, танкеткі і танкі, машыны — грузавыя і легкавыя. Мы з Валодзькам пабеглі да страшаўскай дарогі, ва ўсе вочы прыглядаліся да іх, хацелі знайсці сляды куль з-пад возера Хасан, Халхін-Гола. Машыны былі новенькія, пакрытыя свежай зялёнай фарбай. Так жа пафарбаваны гарматы на прычэпе ў машын і ствалы счацвяроных кулямётаў у кузавах.
Неба запоўнілі незлічоныя эскадрыллі самалётаў.
Цяпер ехала на машынах матарызаваная пяхота. За бартамі ў кузавах у строгіх цесных радочках — тысячы шэрых шынялёў і будзёнавак, адкрытых і запыленых, ды як бы даўно знаёмых, славянскіх твараў, маладых і сталых мужчын.
Разбягаліся вочы, не ведаў, на чым спыніць увагу.
Самае галоўнае ў маім жыцці адбылося!.. Вось Чырвоная Армія!.. На пілотках, фуражках, папругах, самалётах — пяцікутныя зоркі, серп і молат.
На душы рабілася лёгка, утульна і бяспечна.
Калоны байцоў у шэрых шынялях і вастраверхіх будзёнаўках, незлічоныя машыны, магутнае выццё матораў, таўшчыня гарматных ствалоў і лістоў сталі на танках, чорныя фігуркі грозных самалётаў — цяпер твае плечы, моц, апора. Гэ, зараз не толькі ялоўскія паліцыянты — ніхто ў свеце табе не страшны!
Каля Грушэўскіх спыніўся танк. З яго вылез малады танкіст, і мяне ўразіла, што рукі яго замазучаныя і рудыя ад масла.
У мяне быў даўно вынашаны вобраз савецкага камандзіра — элегантнага мужчыны ў скуранцы, у начышчаных да люстранага бляску ботах, з чырвонай кукардай на фуражцы і з маўзерам на баку.
На самай справе камандзіры цяпер зусім былі не такія. Шынялі, фуражкі, планшэты і партупеі мелі і сапраўды новыя, але самім было не да форсу. З заклапочанай дзелавітасцю меркавалі, кудой лепш праехаць, дзе размясціць людзей, дзе нарыхтаваць харчоў, як не нарвацца на засаду...
Я быў і расчараваны і ўзрадаваны.
Гэтыя камандзіры былі бліжэйшымі, выклікалі пашану, спагаду. Не любавацца імі хацелася, а дапамагчы.
4
Мінуў дзень-два — і ўжо закіпела ўсюды работа.
Гаваркія і прыветлівыя вайскоўцы ўзяліся за рамонт дарогі. Ставілі ўказальнікі, пракладвалі тэлефонныя кабелі, укопвалі трыганаметрычныя вышкі.
У калодзежы сыпалі нейкі парашок — дэзінфіцыравалі ваду. ~ * "
Тэрмінова аж на дзевяць сантыметраў пашырылі пуць. Замянялі рэйкі, шпалы. Умацавалі насып — вагоны сталі хадзіць пяцідзесяцітонныя. Аграмадны «Сярго Арджанікідзе» валок эшалон з такіх вагонаў ледзь не на кіламетр даўжынёй.