Каб не заплакаць, каб не зараўці, я кінуўся ў фальшывую злосць.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
1
Быў звычайны поўдзень 22 чэрвеня 1941 года — бясхмарны, спякотны і з густым летнім паветрам.
Настаўнік вайсковай падрыхтоўкі нашага педвучылішча ў Навагрудку, яшчэ царскай службы афіцэр, старэнькі і сівы Іваноў, вывеў вучняў за горад і размясціў нас паабапал пыльнай шашы Наваельня — Навагрудак.
Вестка, што на СССР напалі немцы, абудзіла нас раніцой, і, хоць яшчэ не было відочных прыкмет вайны, за палову сутак мы мелі час зжыцца з навіной. Цяпер мы вартавалі нямецкіх парашутыстаў, каб яны не асядлалі важную дарогу, і баранілі горад ад іх з поўдня.
Дзеля гэтага ўсёй нашай групе з ваенкамата далі ручны кулямёт з двума запаснымі дыскамі і тры вучэбныя вінтоўкі з прасвідараванымі патроннікамі. Як з такімі вінтоўкамі ваяваць, ніхто не задумваўся. Усе былі ў палоне рамантыкі. Хацелася зрабіць нешта гераічнае, незвычайнае. У вылоўліванні парашутыстаў мы покуль што бачылі страшэнна цікавы занятак. Калі я сабе ўяўляў, як будзем іх, гадаў, вязаць, забівала дыханне.
Сябры мае акапаліся, выслалі вывернутую зямлю травой і са святочным хваляваннем азіраліся навокал. Я быў з кулямётам і сваю ячэйку абклаў нават дзёрнам, паслаў напарніка — аднакурсніка Ложачніка — на хутар адносіць рыдлёўку, а сам пачаў азірацца таксама.
Перад намі за шашой зелянела дуброва. Адтуль мы чакалі парашутыстаў. Злева ў летнім марыве раставалі ўзгоркі. Справа віднелася панарама Навагрудка. Там на гары ў прысадах бялелі тэрасы дамоў, вежы касцёлаў. Зіхацелі на сонцы пазалочаныя цыбуліны царквы. Выставіў два амшэлыя зубы замак Вітаўта. З жоўтай лысінай пяску на самым версе маўкліва ўзвышаўся курган Адама Міцкевіча. Я адчуў да яго цёплую спагаду, любоў.
Будзьце спакойны, там, у горадзе, парашутыстаў не дапусцім!
Поўны рашучасці і нейкай унутранай сілы ад слушнасці сваёй справы, я зноў павярнуўся да дубровы і шашы.
Была нядзеля.
На хрыбце Наваельненскай дарогі вярталіся з горада па-святочнаму апранутыя сяляне. Тарахцелі на каменнях фурманкі. Ішла моладзь, дзяўчаты мільгалі лыткамі: туфлі і панчохі па адвечнаму звычаю неслі ў руках. Усе вярталіся з горада крыху расчараваныя. Ужо ўсім вядома было пра вайну, людзі спадзяваліся ў горадзе пабачыць яе праявы, а даводзілася вяртацца ў вёску ні з чым. І тут на полі ў ровіках — ні то вайсковыя, ні то цывільныя.
Людзі з прагнай цікаўнасцю вылуплівалі на нас вочы. Мае сябры адчувалі гэтыя позіркі і раслі. Хлопцы стараліся захаваць шык.
Вунь Леве Васілеўскаму прыліпла да калашыны травінка, ён трэпле штаны, папраўляе старанна адпрасаваны кант. Коля Жураўлёў — сірата, уся яго вопратка на ім. Каб не запэцкацца ў сыры пясок і гліну, ён падкладае пад сябе газеты, лісткі сшыткаў.
Тыя, што далей, дражніліся з дзяўчатамі.
Не какетнічалі толькі старшакласнікі. Гэтыя ляжалі групкай недалёка ад мяне і стрымана гаварылі.
— Што робіцца, што робіцца!..— не мог супакоіцца Валодзя Арцюх.
— Чорт адзін ведае! — абураўся сталы мужчына Нос.— Вярнуўся мой бацька з Брэста: сваімі вачыма стары бачыў на станцыі, як у Германію ішоў эшалон пшаніцы!
— Гады! Нажэрліся нашага хлеба і пайшлі на нас вайной!
— Яшчэ невядома. Ведаеш, колькі ў Германіі было камуністаў? Шэсць мільёнаў галасоў атрымалі яны на
выбарах! А з сем'ямі палічы, колькі людзей будзе! Нямецкі народ не дапусціць да яе.
— А гэта па-твойму — што?
— Генералы.
— Ха, «генера-алы»!
— Яшчэ пабачым, як яны ўтрымаюць сваіх салдат. Тыя ж усе — з рабочых і сялян. Пяройдуць на
наш бок і хто ваяваціме?
— Можна адурманіць.
— Адурманіш аднаго-два, не мільён!
— Учора пасля экзаменаў пабралі мы з Вольгай плашчы ды пайшлі ў лес на цэлую ноч... Цёпла так, камароў яшчэ мала, салаўі заліваюцца... Ідзём назад ды раптам недзе ў Слоніме — бум! бум! бум!.. Прылятаем у горад — манеўры, кажуць. Мы, дурні, і паверылі. Разышліся па пакоях спаць...
— Манс-еўры! Колькі нашых самалётаў ляснула ў Лідзе на аэрадроме адразу!
— А ты бачыў? — на курсантаў наляцеў абвешаны значкамі «Варашылаўскага стралка», ГПА, АСАВІЯХІМА сакратар камітэта камсамола Мароз — чорны, як жук, вёрткі і нізенькі вучань першага курса.
— Параненыя казалі. Сам чуў, калі іхняя машына спынілася ля фінтэхнікума...
— Слухай, што скажуць. А будзеш плесці глупства — пагаворым з табой у іншым месцы!
— Паду-умасш, начальства мне такое!
— Ну і начальства табе сёння, зразумеў?
— Куды там!
— Пакудыкай... А ты сядзіш?