— Асцяро-ожна ты яго! — раіў нехта Зіне.
— Яму баліць жа! — закрычалі ўжо з усіх бакоў.
Лётчык прыязна ўсміхаўся, перавёў позірк са штыка на Зіну, на яе рукі, якія з паспешлівасцю бінтавалі далонь, на Люсю. Вакол моўчкі тоўпіліся вучні, у іхніх вачах я заўважыў не толькі здзіўленне, але і захапленне.
Яшчэ я злавіў сябе на тым, што калі мы адышлі ад перапуду і ўсвядомілі — з неба ўпаў нам у рукі жывы нямецкі лётчык,— нам страшэнна захацелася перад ім паказацца, якія мы культурныя, гуманныя і незлапомныя.
— Не тапчыце парашута! Васілеўскі, збяры яго! — закамандаваў Іваноў ды кінуўся з шашы таксама.
Пасыходзіліся ўжо і сяляне. Дзядзькі таксама глядзелі, як Зіна перавязвала немца. Каторыя стаялі бліжэй, шапталіся, нібы не хацелі немца абразіць. Маладая жанчына ў сіняй сукенцы падняла дзяўчынку гадоў чатырох:
— Во, Манечка, немец, глядзі!
— А чаму ён — не-емец?
— Такія людзі, дачушка, так называюцца...
Селянін з бутэлькай алею ў кошыку заўважыў кабеце:
— Ты бачыш, як на ім усё блішчыць?! Халера яго не ўзяла, ладны, нічога не скажаш...
— Але, фа-айны! — згадзілася і маладзіца.
Дзядзька папрасіў Зіну:
— Сястра міласердзя, спытайся ў яго па-нямецку, чаго яны супроць нас вайной ідуць, якога ражна ім трэба?
І тут мяне нібы ўкалолі.
Вось цяпер і настаў той момант, з якога пачалася для нас вайна.
4
Ля сонца я хутчэй адчуў, чым убачыў, злавесныя цені, і ногі самі нанеслі мяне з шашы. Я паспеў толькі віскнуць нейкім танклявым і не сваім голасам:
— Самалёты!
І зараз жа пачуў за сабой напружаную і напалоханую тупатню.
Не памятаю, як даляцеў на агнявую. Калі падаў у ровік, над намі ўжо раўлі чужыя самалёты. Паспеў яшчэ заўважыць, як злева з разбегу ныралі ў ровікі хлопцы — нібы яны былі гумавыя. Іншыя лёталі па полі, не ведалі, куды падзецца. Я зараз жа страціў сяброў з вачэй, забыўся пра іх — пачало адбывацца нешта жудаснае.
У момант паветра напоўнілася злосным выццём, дымам і пылам. Страшэнна забухала, ходырам захадзіла зямля і застагнала, бы перапалоханы чалавек:
— Ух! Ух! Ух! Ух!..
Наступіў канец свету.
Рэшткамі свядомасці я адчуў, як у мяне мутнее розум, знікае воля, а душы цесна ў целе ад бяссілля, што нічога не магу зрабіць, каб адхіліць гэтае страхоцце. Здавалася, самалёт са смяротным ладункам наязджае менавіта мне на плечы. Я нават злаваў, чаму пясок не расступаецца, не дае магчымасці глыбей залезці ў зямлю. Ля вуха адчуў цвёрды прыклад кулямёта, мільганула кволенькая, як цень, думка — дзеля чаго ён тут, ды нехта подлы і ўсёмагутны, бязжаласны і злы з лёгкасцю гэтую думку змахнуў ды прымусіў клапаціцца толькі аб сабе. Ногі былі наверсе, я ўцягнуў іх у ровік, галаву накрыў рукамі.
Не ведаю, колькі часу быў у палоне жаху.
Праз грукат і землетрасенне, памалу, вельмі памалу мной авалодала здагадка, што з цэлага педвучылішча на ўсім гэтым прасцягу поля паміж дубровай і Навагрудкам толькі ў мяне кулямёт, і трэба з яго страляць.
Я паступова прачынаўся ад страху.
Ну і што, калі бамбяць? Неяк жа страляюць і пры такіх умовах!.. Праз суцэльнае выццё і грукатанне я ўжо стаў вылучаць выбухі, шастанне кінутых з магутнай сілай веерчыкаў пяску, мяккі ўдар грудак. Стала не так страшна.
Я ўжо нават спалохаўся за баязлівыя думкі і паніку і тут жа ўзрадаваўся — ніхто іх не бачыў. Пацягнуў «дзягцяр», адчуў цяжкасць жалеза і вагу поўнага дыска, прыставіў адпаліраваны прыклад да пляча.
Адразу зрабілася лягчэй.
Чамусьці не на стрэльбішчы, а толькі цяпер так сваім нутром адчуў сілу, скрытую ў мікраскапічнай дакладнасці сталёвага механізма, у жоўтых патронах са злосна наёжанымі чорнымі кулямі, якія эканомна сціснула затоеная спружына ў талерцы дыска. Ужо нецярпелася, каб сіла гэтая сіганула ўверх па самалётах. Я сеў, развёў ногі, узняў рулю і стаў угары шукаць ворага.
Нарэшце ўбачыў цэль: ля сонца — маленькі чорны крыжык. Ліха на яго, няўжо гэты пыл і грукат праб'юць кулі і даляцяць вунь туды і зробяць яму шкоду?! — закралася сумненне.
З узнятым кулямётам цэнтр цяжару прыходзіўся мне па плячы — корпус валіла назад, задзіраліся ногі. Пры стральбе будзе яшчэ аддача. Не цалкам перакананы ў карысці таго, што раблю, узлез на бруствер і сеў. Тады ўпёрся наскамі чаравікаў у сценкі ровіка, паклаў локці на жывот і пачаў вадзіць ствалом за машынай, трымаючы мушку, як мяне вучылі, на цэлы корпус самалёта ўперад...
Ліха на яго, мушка таўсцейшая за чорны крыжык!»»
Стрымаў дыханне, націснуў спуск. Прыклад не ўздрыгануў, кулямёт не стрэліў.