Выбрать главу

Ужо забыўся на страх. Я быў у палоне азарту. Адчуваў страшэнную прагу пырснуць усю сілу дыска па ворагу. Паспешна пастукаў кулаком па затворы, здзьмуў з яго пясчынкі, пацягнуў нават па ім рукавом, прыцэліўся яшчэ раз і зноў націснуў спуск.

І цяпер кулямёт не стрэліў.

Я нават заглянуў у рулю — мо не чуў чаргі?.. У канале ствала блішчалі кроплі масла.

У адчаі я азірнуўся.

Каля мяне валялася торба з дыскамі, а побач — ні адной душы. Па-ранейшаму ўзляталі слупы чырванаватай і тлустай зямлі. Пясок ляцеў у вочы, секлі па твары каменьчыкі, а праз усё гэта, як дэманы, па небе снавалі чорныя цені.

Я зноў узяўся за кулямёт. Спускавая скаба спружыніла, я даціснуў яе да адказу.

Стрэлу не атрымалася.

5

Паступова ўсё сціхла. Некуды падзеліся самалёты. Абсела зямля. Стала чуваць, як звініць у вушах. Нада мной вырас Іваноў. Настаўнік падабрэлым і змененым голасам спытаўся:

— Алёшка, ты страляў?

— Кулямёт адмовіў!

— Не можа быць, я сам яго правяраў, пакажы!..

Стары павярнуў яго ў руках, шчоўкнуў засцерагальнікам.

Толькі цяпер я ўбачыў сваю памылку і ад сораму ледзь не згарэў.

— На! — са спачуваннем вярнуў мне зброю настаўнік.— Нічога, вайна толькі пачынаецца, другі раз напэўна не забудзеш!.. Але што ты зробіш такой зброяй ім — зенітку трэба!.. А дзе твой напарнік?

На самай справе, дзе ён?

Крануты прадчуваннем, пачаў трывожна азірацца. Хлопца нідзе не было.

Навокал дыміліся яміны з жоўтым і белым пяском на дне. Чуўся моцны смурод серы, гарэлага жалеза, бітага каменя. Над полем лена ўзнімаліся празрыстыя сіняватыя хмаркі з усечанымі конусамі. На тэлеграфным дроце гойдалася нейкае ашмоцце. У прыдарожных вербаў голле было перакручанае, лісты вывернуты, вербы здаваліся раптам пасівелымі. Па дарозе імчаў конь і ашалела хроп. У яго хамуце тырчалі кавалкі аглабель, канцы якіх бялелі свежым дрэвам.

Бомбы рваліся ўсюды, але ў ровікі не трапіла ніводная. З вучняў не хапала толькі майго напарніка. Засыпала выбухам, няйначай. Да Ложачкіна я адчуў братэрскую спагаду і жаль. Дзе яго засыпала? Перакопваць усю выварачаную зямлю не было сэнсу.

З ровікаў павылазілі ўсе нашы. Сябры выплёўвалі пясок, абтрасаліся і не верылі сваім вачам, што жывыя. Якім жа далёкім і наіўным здаліся цяпер тыя клопаты і разуменні, якімі жыў кожны з нас усяго якіх сем-восем хвілін назад!

Жыццё стала дзяліцца раптам на два перыяды — да бамбёжкі і пасля яе.

З-за шашы выглянулі дзяўчаты — запэцканыя, змененыя, ледзьве іх пазнаць. Убачыўшы свайго дзядзьку, Люся прыстала да старога з істэрычным плачам, нібы да галоўнага вінаваўцы:

— Чаго вы тут стаіце? Чаму нашых самалётаў не выклікаеце?

— Люська, ты жывая? — кінуўся да яе Іваноў, толькі цяпер успомніў пра сваячку.

Тая яго не слухала. Вочы дзяўчыны блішчалі дзікім абурэннем.

— Чаго, чаго-о вы тут стаіце?! Чаму нашых самалётаў не выклічаце? Дзе нашы самалёты?! Чаму вы нічога не робіце, каб іх выклікаць? — стала яна роспачліва малаціць кулакамі дзядзьку ў грудзі.

— Вало-одзя! — з надрывам ускрыкнула Зіна і кінулася да Касцюка.

Хлопец злавіў яе ў абдымкі.

— Паглядзі, што на шашы робіцца!.. Я нічога ўжо там не магу дапамагчы!.. Бо-ожа мой, бо-ожа, што натвары-ылі!

Мы ўзляцелі на насып і анямелі.

На бруку ляжаў селянін. З яго бутэлек павольна цякла залацістая вадкасць і тлустым пухіром збіралася паміж каменняў. Побач у сініх абрыўках і ў мокрай рудой пляміне ляжала без ног жанчына. Рот яе то адкрываўся, то закрываўся — нібы ў рыбіны, якую вынялі на лёд. З-за кювета крычала дзяўчынка:

— Мамка-а, я баюся-а! Мамка-а, у мяне кроў на ножцы-ы!..

Я з жахам здагадаўся, якую жанчыну кліча малая.

— Во дзе яны! — ужо з варожасцю сказаў Нос і паказаў у бок Навагрудка.

Над горадам, не спяшаючыся, кружылі самалёты. Яны заходзілі адзін аднаму ў хвост, выцягваліся ў ланцужок, прыцэльваліся і пікіравалі на цэль. Скінуўшы бомбы, з-над зямлі машыны рэзка ўзмывалі ўверх, натужліва вылі маторамі. У Навагрудку дуднела, бытта там хто скідаў агромністыя лісты жалеза. У пару

месцах над дамамі ўзнімаліся слупы ні то пылу, ні то дыму.

Ага, трапіць у цэль яму не так і проста, трэба раней рабіць складаны манеўр. І сектар, якому пагражае самалёт бомбай, зусім маленькі. На фоне ўсяго абшару — от, такія сабе іголачныя ўколы: адзін дом, адзін падворак, шырыня вуліцы...

Самалёты ўжо былі для мяне звычайныя варожыя машыны, якія прыперліся сюды нахабна і вось хочуць нашкодзіць нам. Я адчуў сябе страшэнна вінаватым — гэта ж я іх адпусціў жывымі!.. Хоць лажыся і цяпер выпусці ў іх дыск. Хіба толькі, каб апраўдацца, бо да цэнтра горада адгэтуль кіламетраў з тры.