Выбрать главу

6

Праз хвіліну я з Касцюком вёў у Навагрудак палоннага. Кулямёт узяў Нос, цяпер у мяне — Касцюкова вінтоўка з прасвідраваным патроннікам, а ў Валодзі — нямецкі пісталет.

Хутка на шашы ўбачылі мы наладаваную мэбляй і дамашнім скарбам машыну. Сярод усяго гэтага дабра, абняўшы люстры, тырчала ў зімовым паліто разапрэлая, з распушчанымі валасамі жанчына. Няйначай, машына ішла здалёк, з-пад граніцы. Ля колаў машыны ляжаў чалавек у саматканым пінжачку. Адна рука ў яго была выкінута ўперад, далонь ляжала на пакеце, абшытым палатнінай. На баку гэтай, мабыць, пасылкі старанна выведзены хімічным алоўкам адрас: «Магадан, п/я 76 648, Корзуну Михаилу Васильевичу ».

Я ўбачыў, як у ноздры чалавеку бяспечна палезла бойкая зялёная муха, і ўсё зразумеў.

Да кузава з апошняй сілы валокся баец. Твар у крыві, замест падбародка — крывавая рана, ён прытрымліваў яго жменяй, а ў другой была вінтоўка. Баец замычэў, замахаў вінтоўкай — прасіў узяць яго ў кузаў.

— Васька, хутчэй, нягоднік, заводзь машыну, запэцкае мне ўсё крывёю!— залямантавала жанчына і забарабаніла ў шафёрскую будку.

Машына папырхала маторам, скрыганула каробкай хуткасці і стала аддаляцца, пакінуўшы ашаломленых салдата, мяне і Валодзьку. Я гатоў быў невядома што зрабіць, а тут яшчэ ўзіраўся палонны. Немец глядзеў з цікавасцю, з вінаватым адчуваннем.

— Стой! Сто-ой... тваю маць! — закрычаў аж пасінелы ад абурэння Валодзька і хапіўся за жоўты кабур.

Машына набірала хуткасці, уз'язджала ўжо на пагорак.

Касцюк нязграбна выняў парабелум і са злосцю пачаў яго тузаць. Нарэшце ўзвёў.

Тах! Тах! Тах! — не надта моцна, як з пугача, у густым застылым паветры пачуліся пісталетныя стрэлы.

Машына была ўжо на гары. Затым яна пачала хутка правальвацца, нібы яе знізу падсякалі.

— Гады! — у бяссіллі ледзь не заплакаў Касцюк і затрос кулаком.

Над дарогай яшчэ патырчала, нібы самавар, самотная жаночая фігура, але раптам правалілася некуды і яна.

Узялі мы параненага і павалакліся ў горад.

7

Немцы доўга не заглядвалі ў Навагрудак. Яны прарваліся з поўдня па дарозе Баранавічы — Мінск, з поўначы — па шашы Ліда — Маладзечна, утварыўшы такім чынам «навагрудскі кацёл». Пачалася запозненая эвакуацыя. У педвучылішчы не стала настаўнікаў — яны павезлі сем'і на ўсход.

Некалькі дзён мы самі сабе шукалі занятак. Нарэшце я з вучнем другога курса Мікалаем Жураўлёвым накіраваліся ў ваенкамат.

Ваенкома, капітана Волкава, атакавалі жанчыны:

— Сынок, што я на гэтых шаснаццаць рублёў зраблю? — дакарала яго нейкая бабуля, трымаючы за рукі дзве заплаканыя дзяўчынкі.— Мы выскачылі з дому як стаім, ад самага Гродна і расінкі ў роце не мелі, а колькі нам яшчэ ехаць!..

— Мамаша, рускім языком кажу — больш выпісаць дапамогі не маю права! — цярпліва тлумачыў стомлены ваенком.

— Скажыце, калі, нарэшце, пададуць машыны?— пыталіся жонкі афіцэраў.— Мо нам лепш самім дабірацца? Так і аб'явіце народу!

— Вечарам адпраўлю. Вечарам... Авіяцыя цяпер лютуе...

— Адправіце, праўда?

Нам было шкада старой, яе ўнучак, жанчын. Мы спачувалі і капітану. Таму слухалі і цярпліва чакалі. Нарэшце падвартавалі момант і звярнуліся да яго.

— Куды я вас дзену, хлопцы? — цяжка ўздыхнуў ён.— Я не ведаю, куды адправіць нават мабілізаваных.

Сувязі няма, дарогі перарэзаны... Сам чорт не разбярэ, дзе тут што...

Капітан сказаў гэта так, каб не чулі жанчыны. Нам палесціла, што ён заводзіць з намі сакрэты, гаворыць, як з людзьмі са сваёй кампаніі.

— То што ж мы павінны рабіць? — ужо смялей падступіліся мы да яго.

— Лепш валяйце дадому, не блытайцеся пад нагамі,— разгневаўся ваенком.— Там і чакайце загаду!..

Лёгка яму сказаць! Мая вёска за дзвесце кіламетраў на захад. Там ужо даўно немцы. А Мікалай — сірата, яму зусім ісці няма куды.

Але болей мы не рашыліся прыставаць да ваенкома. Павярнулі ў інтэрнат. Там сабралі торбы і ўліліся ў натоўп, які плыў дзень і ноч на ўсход.

8

Праз некалькі дзён дарога мяне так стаміла, што навакольнае даходзіла да маёй свядомасці нібы праз сон.

Пад Стоўбцамі забрылі ў апусцелую вёску піць ваду. Чамусьці нас агарнула трывога, і мы сталі азірацца.

За гумнамі па дарозе Баранавічы — Мінск упэўнена, не надта спяшаючыся, валілі незвычайныя машыны з салдатамі ў зялёна-шэрым адзенні і добра вядомых мне яшчэ з 1939 года касках.