Гэта ж — міліцыянер, я яго часта бачыў на плошчы!.. Толькі ён без гімнасцёркі і таму здаецца маладым, меншы ростам...
Аднак я не кінуўся бараніць арыштаванага. Я нават злавіў сябе на тым, што не зводжу вачэй з белабрысага танкіста з бліскучым акардэонам, і сам на сябе зазлаваў.
10
На лесвіцы педвучылішча нейкая жанчына прыгіналася ад цяжару.
Яшчэ за тыдні два да вайны ў падвале нашага будынка размясцілі вайсковы шпіталь. Медсёстры раскладвалі там бялізну, а для нас настала новая забава — прыставаць да іх. Дзяўчаты нібы злаваліся, кідалі ў нас што трапляла ім пад рукі і какетліва рагаталі... Немцы сюды яшчэ не заходзілі. Жанчыны цяпер разбіралі бялізну. Калі падумаць, то лепш бы гэтыя рэчы дасталіся сваім людзям, але для мяне тут было ўсё святое.
— У такі час аб нажыве думаеш?! — зазлаваў я.
— Мы не зна-алі, што няможна! — з напускным плачам занылі кабеты ды пакідалі клункі на ступенькі.
— Хтосьці вам паверыць!
— Дальбо-о, не ве-едалі!
Аднекуль вынырнуў няголены чалавек з кіпай вайсковых ватнікаў.
— А ты, камсамолец, чаго стараешся?! — накінуўся ён на мяне з налёту.— Ты што сабе думаеш?! Скончылася ўсё тваё нябось!..
— Але, міну-ула тваё, го-одзе! — асмялелі бабы і пабраліся за клункі.
— Адкрыча-алі сваё, хо-опіць!
— Адкама-андавалі!
У мяне адняло мову.
Тып прыставаў:
— Хочаш, камсамолец, я цябе зараз запяку ў турму, хочаш? Там такіх — ого!..
— Бабы тыпу падтакнулі.
Узбуджаны і злосны, крочыў я далей па вуліцы і здзекаваўся сам з сябе. Хіба не гэтага трэба было чакаць?! Камсамолец! А што? У душы я даўно быў камсамольцам — і гатоў быў за гэта адказваць.
Хацелася некага біць, лаяцца.
Крыху ніжэй нашага педвучылішча — драўляная будыніна фінтэхнікума. На двары яго праз плот я ўбачыў дзіўны малюнак і спыніўся.
За плотам сядзела напагатове з дзесяць хлопцаў у новых касцюмах і ў белых кашулях. На руках яны мелі павязкі з нямецкімі надпісамі: «ГІЛЬФСПОЛІЦАЙ». На вытаптаным валейбольным полі нямецкі афіцэр дрэсіраваў іхніх сяброў.
Чатыры хлопцы таксама ў святочным адзенні і з гэткімі ж павязкамі трымалі савецкія вінтоўкі без штыкоў і старанна выконвалі каманды: зварот улева, направа, бралі вінтоўкі да нагі, на плячо... Першы стаяў з вінтоўкай... наш Мароз!
— Лажысь! — па-руску закрычаў немец і, бытта вось-вось наступіць канец свету, напружана, паступова павышаючы голас, пагнаў іх: — Па-пластунску, марш!
У мой бок поўз Мароз. Яго вочы блішчалі радасным захапленнем і якойсьці сабачай адданасцю немцу, бытта казалі — от, ліха на яго, дае-е!
Каб мяне ніхто з паліцаяў не пазнаў, я павярнуў галаву і паплёўся па тратуары ўздоўж плота, яшчэ больш уражаны.
Дагнала мяне задыханая прыбіральшчыца з нашага інтэрната, глухаватая цётка Нюра. Яна хапіла мяне за рукаў і адцягнула ў нечы двор.
— Уцякай адгэтуль, уцякай, хутчэй! — зашаптала ўсхваляваная кабеціна.
— Чаму-у, цё-отку?!
— Спаткала ля станцыі толькі што Ложачніка з немцамі!
— Ло-ожачніка?!
— Ну да!
— Дак ён — жывы-ы?!
— Пытаўся пра цябе і Касцюка! Я сказала, што
ты пайшоў на Валеўку...
Ногі мае нібы прыраслі да зямлі.
— Яны вас шукаюць за лётчыка!
— Ло-ожачнік?! — я ўсё не мог яшчэ паверыць.
Але яна больш не сачыла за маімі вуснамі, не старалася зразумець, пра што гавару.
— Бяжы, з бо-огам!..
А мы ж Ложачніку нават магілку насыпалі на тым месцы, дзе ён ляжаў.
11
Часці гітлераўскага генерала фон Бока так імкліва занялі Беласток і нашу мясцовасць, што людзі апамятацца не паспелі.
Яшчэ да вайны нашы хлопцы параз'язджаліся. Валодзька Кірылішын застаўся ў Кузбасе. Сашку Марцінавага і Рыгоравага Косцю ўзялі ў армію. З маладых на вёсцы засталіся толькі я ды наш Валодзька. Пачалі мы з братамі Яроцкімі з Бялявіч меркаваць, як быць далей, ды прыляцела на наш хутар навіна: Яроцкіх разарвала выбухам! З Валодзькам пабеглі мы ў Бялявічы.
Немцы выгналі людзей вазіць каменне на шашу. Мікалай Яроцкі з малодшым братам Іванам і сястрой-калекай заехалі на поле, пачалі кідаць на фурманку каменне. Адзін камень не даляцеў да воза, трапіў якраз на міну.
На стале — шырокая труна, у ёй прыкрытыя посцілкай целы братоў. Ля дамавіны кленчылі прыбітыя горам бацькі. На ложку сядзела гарбатая і памешаная дачка. Яна радавалася, нібы на вяселлі, і шчасліва выхвалялася: