— А я таксама была на полі разам, але мяне не забіла!
Мы з Валодзькам патапталіся ў сенях, паўзіраліся скрозь адчыненыя дзверы на гэты жах і, як асірацелыя, папляліся ў Страшава.
Надышлі дні адчаю і пакутлівага роздуму.
У Меляшках жыў Шурка Казёл — душа Купалаўскіх вечароў і музык. Згаварыліся мы з ім сабраць надзейных хлопцаў, хто яшчэ застаўся, і падумаць, што рабіць.
— Зайшоў я да таварыша праз пару дзён у Меляшкі, а маці яго пахвалілася:
— Дзякуй богаві, свайго Шурку мы з бацькам угаварылі. Паехаў-такі ўчора на заробкі ў Германію.
Вось гэта навіна для мяне.
Некаторыя акружэнцы папрыставалі да ўдоў.
У Ліпніках я трапіў на групу нашых салдат. Яны прабіраліся аднекуль з-пад Ломжы і зусім выбіліся з сілы. Адны, абняўшы вінтоўкі, стомлена драмалі, іншыя тупа глядзелі ў вогнішча. Быў холад, церусіў дождж, дровы не хацелі гарэць, і дзяжурны падкладваў пад іх пачкі чырвонцаў.
Па лясах і вёсках блукалі групкі са зброяй. Яны нікога да сябе не прымалі, а калі ўжо немцы заціснуць, што не вырвацца, бараніліся з адчаем смяротнікаў.
Гэтак загінула група на хутары пад Мастаўлянамі, другая — ля Пілатоўшчыны. Хлопцы адстрэльваліся, покуль былі патроны. Немцы падпалілі хаты. Пад Мастаўлянамі байцы выскоквалі праз вокны, босыя па снезе беглі з нажамі на кулямёты. Ля Пілатоўшчыны, калі не стала чым адстрэльвацца, пабраліся за рукі і спявалі «Інтэрнацыянал», покуль не абваліўся дах.
Здавалася, ты ў сне. Была такая моц — і яе не стала. Ніякія весткі з усходу не даляталі. З нямецкіх газет нічога не даведаешся — фашысты знарок не пісалі, дзе праходзіла перадавая, каб весткі не выкарыстала савецкае камандаванне. Мы сталі глыбокім тылам. Усюды былі толькі дагледжаныя нямецкія салдаты і афіцэры.
Няўжо зноў давядзецца пачынаць усё з гурткоў, з пракламацый на папяроснай паперы, з падпольных рэдакцый, патаемных сходак?
12
Ішлі дні, тыдні, месяцы, а нічога не мянялася.
Нашу тэрыторыю немцы далучылі да трэцяга рэйха, да правінцыі «Ост Пройзэн». Усім дарослым выдалі «аўсвайсы». Цяпер маё існаванне пацвярджалася дакументам з арлом і свастыкай.
У Гарадку віселі каляровыя плакаты, на якіх Гітлер ціснуў рукі абарваным дзецям, вясковым кабетам, прыязна ўсміхаўся, а пад фатаграфіяй стаяў подпіс на трох мовах: «Вашай асобе нічога не пагражае, калі будзеце добра працаваць!»
Аднойчы я падабраў на шашы нямецкую газету «Фолькішэр беабахтэр». З артыкула выходзіла, што Беласточчына і Гродзеншчына аж па Зэльву — старажытная нямецкая зямля, яна стагоддзямі чакала вызвалення і, нарэшце, вось дачакалася. Артыкул падмацоўваўся фатаграфіяй знаёмага да дробязей Зэльвенскага вакзала ўжо са свастыкай і чорным арлом над будынкам, а пад фатаграфіяй стаяў катэгарычны подпіс: «Ад сённяшняга дня і назаўсёды ў лоне Гаймлянду».
Немцы ўвялі нечувана жорсткія законы. Было аб'яўлена, што за непадпарадкаванне мясцовым уладам чалавека чакае расстрэл.
У Страшаве покуль што не кранулі нікога. Праявілася ўменне трымаць язык за зубамі ў момант небяспекі.
13
Як некалі апрычнікі Івана Грознага лічылі за ганьбу гаварыць з мірскімі людзьмі, а рымскія патрыцыі — з нявольнікамі, так цяпер фашысты размаўлялі з намі толькі рухамі пальцаў, галавы, у крайнім выпадку — камандай.
Фашыст не мог адчыніць дзверы ў хату інакш як нагой. Гонар адразу знікаў, калі фашыст бачыў, што можна пажывіцца.
У мацерыным куфры ляжаў гадзіннік, які мы з Валодзькам сапсавалі яшчэ гадоў семнаццаць таму назад. Польскія паліцыянты неаднойчы рабілі вобыск, але яго пакідалі. За падаткі апісвалі ў нас і вывозілі ў гміну рэчы, а на пачарнелую металічную сплюснутую «цыбуліну» ніхто не паквапіўся. Не паквапіліся на такую рэч і польскія пагранічнікі, калі мы з Васем Курцэвічам, уцякаючы за мяжу, захапілі яе з сабою.
Зайшоў салдат вермахта, дастаў з куфра бацькаву памятку з першай сусветнай вайны — і апусціў сабе ў кішэню. Яшчэ накрычаў на бацьку, чаму сапсаваная.
У Гарадку малыя дзеці навалаклі патронаў. З кожнай хаты, дзе знайшлі хоць адну такую цацку, немцы пабралі мужчын, вывелі іх з рыдлёўкамі ў поле. На выгляд такі сабе дабрадушны і мірны фельдфебель з пухлым тварам паспрабаваў рыдлёўкай зямлю, выбраў, дзе менш камяніцы, ботам нарысаваў на раллі квадрат, загадаў мужчынам капаць. Людзі добрасумленна ўзяліся за работу.
— Для зеніткі пазіцыі робім! — тлумачылі.
Калі яма была гатова, фельдфебель, не спяшаючыся, пазавязваў мужчынам вочы, выстраіў над ямай у радок, даў каманду салдатам, і тыя ўсіх пастралялі.
Спыніліся ў Гарадку маладыя эсэсаўцы начаваць і загадалі яўрэйскай абшчыне — «Юдэнрадзе» — прывесці ім на ноч чатырох дзяўчат. Абшчына загад выканала.