Праз дні два я ўбачыў пакутніц — Соню Цукерман, аптэкараву Фаню...
Былы даносчык — Ёзік Госцік — выйшаў з нашай ваўкавыскай турмы і зноў, ужо пры трэцяй уладзе, узяўся за свае справы.
Няўжо чалавецтва топчацца па замкнутым коле?!
Мы тут ужо болей не беларусы і не палякі, а — тубыльцы.
Школы для дзяцей тубыльцаў адкрыюць толькі пасля вайны, у іх вучыць будуць адно чытаць, пісаць, лічыць да сотні. Вышэй навука — толькі для немцаў. І не цікаўся, чаму так. Будзеш шмат думаць і дапытвацца — расстраляюць або адмераюць дваццаць пяць гумаў. Глянеш скоса на афіцэра — атрымаеш таксама. Ты не толькі тут лішні, але ты абразіў гэтых звышчалавекаў, бо карыстаўся тутэйшай вадой, паветрам, лесам, зямлёй...
Адным словам, дзяленне на гаспадароў і нявольнікаў стала афіцыйнай нормай.
Не стала ніякай справядлівасці. Няма куды скардзіцца. Для цябе, нявольніка, адзін закон — тэрор.
Было боязна ступіць і крок па сваёй зямлі. І гэта яшчэ — адно пачатак.
Нас, нявольнікаў, немцы будуць прарэджваць — як лес. Покуль што пакінулі ў спакоі, бо ў іх цяпер справы важнейшыя. Сяк-так жыві і памятай, што ты ў «Вялікай Германіі», у бастыёне культуры Заходняй Еўропы, якой гісторыя наканавала ганаровую місію — ратаваць чалавецтва ад некультурных бальшавікоў.
Табе ноччу нельга хадзіць ля сваёй хаты. Нельга чытаць газет — яны не для цябе. Нельга мець радыё, веласіпед. За ўсё — расстрэл.
І мыш прыродай створана так, што пры небяспецы кусаецца. Фашысты ж не прызнавалі за табой нават біялагічнага права бараніцца.
Пра жудасці першага паўгода акупацыі не расказаць, іх і не апісаць. Здавалася — чалавек гэтак не зможа пражыць і гадзіны. Аднак людзі жылі. Многія сумняваліся, цярпелі, трацілі веру, паступова перамагалі сябе, а гэта значна цяжэй, чым таму, хто не сумняваўся ні хвіліны.
Зрэшты, цярпелі па-рознаму. Узровень пакут залежаў ад інтэлектуальнага ўзроўню.
Некаторыя ў вайне, у акупацыі бачылі толькі невыгоду, што не стала музык, што ў Гарадку не купіш таго, што трэба...
Немцы пачалі браць моладзь на работу ў Германію. Покуль што бралі халасцякоў і незамужніх (хопіць гэтых, да вясны вайна з бальшавікамі скончыцца!). Дарослыя — юнакі і дзяўчаты — параз'язджаліся яшчэ ў мірны час — хто на Урал, хто на Данбас. Людзей не хапала, а старасты вызначаную колькасць павінны былі даць пад пагрозай смерці. Пачалі яны ў спісы ўключаць малалетніх.
Па вёсках пайшла паніка. Сяляне падкуплялі старастаў, паліцаяў, жандармерыю, каб сына ці дачку выкрэсліць са спіса. Моладзь стала «хварэць», нават калечыць сябе.
Бялявіцкая Лушка заехала ў гродзенскую бальніцу, паскардзілася — баліць «сляпая кішка». Хірург ускрыў брушную поласць, убачыў, што яго абдурылі, і зазлаваў:
— А, ты гэ-этак?! Цяпер апендыкс выражу ўсё роўна, каб ведала другі раз, як маніць!
Лушцы толькі гэтага і трэба было. Покуль немцы вывозілі яе сябровак, яна праляжала ў бальніцы.
Найбольш лёгкім спосабам застацца дома была жаніцьба. Бацькі згаворваліся, везлі сваіх дзяцей у Гарадок, вянчалі ў царкве, а потым «маладога» бацька забіраў да сваёй хаты, а «маладую» — да сваёй, а даведку аб шлюбе неслі ў камендатуру.
Гэтак выходзілі замуж і жаніліся пятнаццаці-шаснаццацігадовыя. Стрыечныя сёстры бралі шлюб са стрыечнымі братамі. Што будзе, калі «маладыя» падрастуць, ніхто не думаў, бо надоўга не загадвалі — абы пражыць да вечара.
І вось у такі час на полі мяне дагналі сані. Ехаў стары Шусцік з сынам. Сашка служыў паліцаем, але цяпер апрануты быў у новае цывільнае паўпальтка з бабровым каўняром, у такой жа вушанцы, на нагах меў бліскучыя хромавыя боты. Царкоўны вартаўнік таксама выфранціўся, як на вяселле.
— Тррр, халера! — затрымаў ён каня і назваў мяне, па звычцы вясковых старых, па бацьку: — Добры дзень, Сцяпан!
Саступіўшы з дарогі ў снег, я адказаў на прывітанне, насцярожана чакаў.
Стары, мабыць, выпіў, бо ўвесь чырванеў, а вочы молада блішчалі. Затое сын сядзеў сур'ёзны,, прыціхлы, як бы яго штосьці гняло. Школы ён так і не скончыў, выключылі яго з шостага класа. Падросшы, буяніць перастаў.
Гэта ён мяне некалі піхнуў на лёдзе, а я ганебна паскардзіўся настаўніцы. І дзіва! Калі потым даводзілася нам спатыкацца на музыках, я перад Шусцікам заўсёды адчуваў сябе вінаватым. Мне і цяпер перад ім было няёмка.
— Здаецца, Алёша яго зваць? — спытаўся стары ў сына і павёў са мной гаворку: — Пастой, Аляксей, мы цябе хочам спытацца пра нешта!
Цікава, які інтэрас маюць Шусцікі ў Страшаве?