Выбрать главу

Вылез я са снегу на дарогу, абапёрся аб сані.

— Аляксей, вы жывяце побач з Настусяй?

— Ага...

— Скажы нам праўду, як яе Верка?

Толькі цяпер я ўбачыў у санках кошык з бутэлькамі самагонкі і пахаладзеў. У мяне хочуць адабраць Верку, а я не магу гэтаму перашкодзіць!

— Пра што вы, дзядзьку, хочаце даведацца? — як бы з таго свету, пачуў я ні то свой, ні то чужы голас.

— Ну, як яна наконт таго... Ну, ці на баку ні з кім нічога ніякага, бы той казаў... Хэ-хэ-хэ-хэ!

— Та-ату, што вы ка-ажаце! — з павагай да старога сказаў сын.

Трэба было што-небудзь сказаць, штосьці прыдумаць, чаго я стаю як слуп? Трэ ўмяшацца, перашкодзіць, адгаварыць ад Настусінай дачкі. Але як? Мо аблаяць яе, абгаварыць, абы толькі паехалі ні з чым, дзяўчат на вёсках многа, ім усё роўна якая.

Трэба было, яшчэ не позна. Але я, нікчэмнасць, стаяў і маўчаў. Нават адчуў на сваім твары як бы павуцінне ўсмешкі — у тон старому.

14

Дні праз два зайшла да нас Настуся.

Цяпер яна не лесціла маме. Яна пахвалілася, што аддае сваю Верку замуж.

У гэты момант сядзеў я ў другім пакоі, і мама нават знарок прачыніла дзверы — во, слухай: ці не добра рабіла, калі не давала табе з сю гуляць?!

Амярцвелы, я лавіў толькі асобныя фразы.

— А што — дзевятнаццаты год тваёй дачцэ, дзякуй богаві, самы раз замуж ісці! — ухваліла мама, здаволеная, што цяпер ужо не будзе каму круціць галаву яе сыну.

— І ў Германію не забяруць! — уздыхнула Настуся.

Мама любіла казаць людзям праўду ў вочы, не выцерпела і цяпер:

— Толькі ж, бо-ожа, чаму за паліцыянта?!

— А што? — узялася Настуся бараніць зяця.— Ён не з такіх. Нікога не забіў, не абрабаваў... От, пастаіць дзе з вінтоўкай на каравуле над яўрэямі ці палоннымі. Каб не стаяў ён, то стаяў бы хто іншы — кожнаму вядома... Чатырнаццаць гектараў зямлі мае. І зямля куды лепшая за вашу — канюшына расце, пшаніца... Двое коней, чатыры каровы, адзін сын у бацькі...

— Ну, ну, пабачым...

Настуся маму не слухала. У яе, удавы, нават прабілася гордасць — во, і яе, забітую, бедную, заўважылі: бярэ дачку чалавек заможны, якога нават усе баяцца ў акрузе. Нават ты, Сцяпаніха, прызнайся, баішся, хоць была заўсёды такая ганарыстая...

— Да нас жа прыдзіраліся гэтак жандары з-за тых байцоў, што мы з Верай перавязалі і завалаклі ў ельнік, а ён ураз ублажыў амскамісара... Калі што якое, то нават зможа за вашага Алёшку, Валодзьку ці Сцяпана закінуць пару слоў перад немцамі! — шчодра абяцала наіўная ў сваёй веры кабеціна.

Было непрыемна. Мама і сёння яшчэ не магла дараваць бацькаў грэх з ёю, сваю непрыязнасць пераносіла і на дзяцей удавы.

Я цётку Настусю шкадаваў нават і цяпер. Усё жыццё яна бадзёрылася, цярпліва чакала лепшае долі і бегала па суседзях, адрабляла,— пры ўсіх васьмі ўладах, якія за век яе змяніліся ў Страшаве.

Настуся паводзіла сябе, як той замуляны наравісты конь, які валок сані з цяжарам, а калі яму заставалася ўжо зусім блізка да мэты, дык занатурыўся. На думку забітай і непісьменнай сялянкі з агрубелымі рукамі, ёй трапляўся зяць з зямлёй, багаты, самастойны. Служыць у паліцыі? Няхай сабе, покуль што паходзіць са стрэльбай, каб не вывезлі ў Нямеччыну, хлопцы заўсёды любілі зброю.

— «Закі-іне». Ат, мілая. Думаеш, немцы з такімі лічацца? От за дурняў сабе іх маюць! — з перасцярогай заўважыла мама.

Але ўдава была ў клопатах пра вяселле:

— Купіла цэлага барана. Выгнала два вядры самагонка.. Навару мяса, настаўлю на сталы кіслай капусты з журавінамі, натру рэдзькі — няхай ядуць. А што я ім другое дам?

— Не бяду-уй, Настуся, нажаруцца і капусты з мясам і рэдзькі, чорт іх не возьме, абы гарэлкі было ўдосталь...

Удава прапусціла міма вушэй рэзкія словы мамы пра яе гасцей і ўздыхнула:

— І я так думаю. Няма дзе толькі танцаваць маладым, хата ў мяне замалая... От каб мець такую, як у вас...

Мама адразу дала зразумець, што яе гэта не турбуе: Настусіны сваты і свацці няхай танцуюць, дзе сабе хочуць.

15

Праз тыдзень спаткаўся я з Веркай.

Быў ціхі марозны дзень. Неба зацягнула высокімі і нерухомымі хмарамі. У полі ад марозу аж зліпаліся ноздры, а недалёкая хваінка пабялела ад шэрані. Вера ішла ў зграбным вышываным кажушку — падарунку жаніха. Пры яе паяўленні ў мяне і на гэты раз ажно падкошваліся калені, затуманіла ў галаве.

Мы набліжаліся. Убачыў я жахліва-хвалюючую глыбіню цёмна-карых вачэй і застыў як слуп.

Падвесіўшы на локаць, яна перла вялізны клунак з ватнай коўдрай і з кужэльнымі навалачкамі.

— Што, гаспадарку заводзіш? — хацеў я пакпіць, але ў мяне атрымаўся нейкі бесклапотны і пусты жарцік.