— У геце панашывала,— сказала яна зусім сур'ёзна, расчырванелая ад хадзьбы.
Покуль жаніх не прыехаў да Наступнай хаты са сватам, Верка яго не бачыла і нават пра яго не чула. Мяне заўсёды дзівіла, калі выходзілі замуж і жаніліся вось так, без сімпатыі і кахання — нібы на кірмашу выбіралі коней.
На хвіліну я авалодаў сабой, глянуў на Верку, як на звычайную дзяўчыну, але зноў анямеў.
З-пад цёплай хусткі непакорна выбіваліся на лоб заінелыя цёмныя пасмы. Смуглы прадаўгаваты твар быў распрамянёны, жывыя прыадкрытыя вусны пылалі, і над імі іскрылася на пушку некалькі расінак. Аж свяціліся роўныя зубы. Дагэтуль у яе позірку было нешта палахлівае, дзікае. Цяпер жа вільготныя і жывыя, разумныя, вялікія і свежыя — як толькі што вылушчаныя з лупіны дзіўнай чысціні спелыя каштаны — вочы блішчалі энергіяй і рашучасцю.
Верынай шыі было горача ў расхрыстаным каўняры з жоўтай аўчынкі. Голыя пальцы свабоднай рукі, нягледзячы на мароз, мякка і ласкава гладзілі коўдру.
Нейкая грацыя, лёгкасць і сіла ішлі ад яе гнуткай і так знаёмай мне постаці.
— Алё-ошка, ты прыйдзі-і на маё вяселле! — загаварыла яна пакрыўджана, нібы я абяцаў прыйсці і вось толькі яна даведалася, што не хачу выканаць абяцанне.
Удалечыні грукатаў па рэйках цягнік з цыстэрнамі: немцы на фронт валаклі бензін. У нашых Ліпніках з'явілася партызанская група Міцькі Высоцкага, я нёс хлопцам у лес брусок сала, загорнуты ў мацерыну хустку. У гета, адкуль Верка перла пашыты запалоханымі яўрэямі пасаг, учора раніцой Дыгендышаў сын — Цыклоп — застрэліў аптэкараву Фаню, Цукерманаву Соню...
Я быў поўны роспачы, злосці і бяссілля.
Няўжо ты не разумееш, што тваё шчасце — нібы гэты кракаўскі кажух, садраны паліцаем, мажліва, з такой жа дзяўчыны, як ты? Чаму тое, што навокал адбываецца, для цябе такое далёкае?!
Я не змог стаць вышэй асабістай крыўды і хоць параіць, каб не слухала мацеры, не выходзіла замуж за паліцая. Я стаяў і маўчаў.
— Хто ж тады да мяне пры-ыйдзе? — упрошвала яна.— Сашкі Грушэўскага няма, Косці Рыгоравага — таксама. З нашай кампаніі засталіся толькі ты ды Валодзька... Паба-ачыш, будзе добра. І наша цётка Галена з Беластока прыедуць з мужам... Я нікога вельмі не запрашаю, бо мама не даюць доўга гасцяваць — толькі адзін вечар...
Выходзіць, усе мае мары былі пустым фантазёрствам: я для яе нібы любы другі хлопец?!
Дзіва! Ужo, здаецца, я зразумеў, што мы зусім розныя людзі, а душа ўсё не хацела мірыцца.
16
Хутка я пачаў працаваць на чыгунцы і мог ездзіць цягніком без пропуска.
Аднаго рэзу муж Шпітонавай Гандзі падлавіў мяне і шапнуў:
— Чалавек з Навагрудка хоча цябе бачыць...
Па інтанацыі голасу, па насцярожаных вачах я зразумеў сур'ёзнасць прапановы.
— Прыцямнее — заходзь да мяне, падыдзем у лес... Толькі глядзі, каб жонка нічога не зразумела. Скажаш — на работу выклікаюць.
Вечарам зайшлі мы ў Ліпнікі. Ля вогнішча — невялікая група прамёрзлых, з сіплымі галасамі, няголеных, але бадзёрых хлопцаў. Пажылы камандзір адвёў мяне ўбок, адхіліў крысо пінжака і асцярожна з падшэўкі выняў шэрую лапніку з выціснутымі тушшу літарамі. Ад хвалявання я не запамятаў нават, што там напісана. Болей адчуў, што гэта — упаўнаважаны Вялікай зямлі і чалавеку можна верыць, як сабе.
Мы разгаварыліся.
Група прыйшла з Налібоцкай пушчы, каб праз сваіх людзей накупіць у Беластоку стрэптацыду, бінтоў, паперы для рэдакцыі...
...Першае партызанскае заданне я выканаў лёгка. Аблазіў беластоцкія магазіны, аптэкі і чорныя рынкі, выдаткаваў усе маркі і з пакункамі накіраваўся да цёткі Галены.
Яшчэ пры цары пятнаццацігадовай дзяўчынай Галена пайшла да беластоцкіх багацеяў служыць і больш у вёску не вярнулася. У нашай сям'і ўспаміналі яе як сумленную гаротніцу, якая выбілася ў людзі. Калі мы з Валодзькам ленаваліся, бацькі прыводзілі ў прыклад Галену — жыве сабе ў горадзе, як пані, сына вывучыла на афіцэра...
На самай справе цётка жыла ў нэндзы. Маленькі пакойчык — ён і кухня, і спальня, і прыхожая. Паветра спёртае, са сцен ад сырасці абваліўся тынк. На яе мужу — латаньтя-пералатаныя лахманы. Галена была як надзьмутая: рукі паадставалі ў бакі, бытта яна збіралася ўзляцець.
Я прынёс Галене гасцінца ды прыдумаў версію, што ў горадзе заказаў сабе шыць касцюм і вячэрнім цягніком збіраюся вярнуцца ў Страшава.
— Не хочацца швэндаць па вуліцы, мазоліць немцам вочы, лепш пасяджу ў вас...
— Сядзі, хаты не шкода! — запэўніў гаспадар, рамантуючы абутак.
Цётка Галена, на дзіва, не пыталася ні пра вёску, ні пра бацькоў, ні пра сваячку Настусю. Яна і гаварыла са мной на беластоцкім жаргоне — бытта і не паходзіла са Страшава.