Выбрать главу

Падабрэлыя ад гасцінца старыя пачаставалі мяне гарадскімі навінамі. Пахвалілася сынам Олекам (па-нашаму — Сашкам). Сын у іх быў падпаручнікам. Калі паступаў у афіцэрскую школу, Галена з мужам мусілі перайсці з праваслаўнай у каталіцкую веру. Олеку пашэнціла: ён адступаў праз Румынію на захад яшчэ ў 1939 годзе і цяпер знаходзіўся ў Англіі. Праз польскае падполле хлопец прысылае адтуль бацькам пісьмы. Я адчуў сімпатыю да падпаручніка-сваяка.

Нарасказваўшы, які іхні Олек разумны, як за ім бегалі беластоцкія паненкі, старыя перайшлі да вайны. У чэрвені пры адступленні нашых з Беластока тут заставаўся склад з кансервамі. Старыя не маглі дараваць, што са склада людзі развалакалі кансервы, а ім нічога не дасталося.

— Праз нейкага нацмэна, каб яго чэрці мэнчылі на тым свеце! — заўважыў стары.

— Усё навокал гарыць, а гэты азіят з вінтоўкай тырчыць ля склада, нікога нават і блізка не падпускае! — паскардзілася яго жонка.— Мы яго палохаем: «Уцякай, немцы блізка», а ён: «Не твая мяне паставіла, не твая і здыме!» Калі хто хоча падысці да склада, настаўляе вінтоўку і страляе! Заб'е, паршывец, думаю, ну яго да д'ябла!

— І забіў бы, нягоднік. Такі і бацькі роднага не падпусціць! — зноў уставіў муж, заганяючы цвікі ў падэшву.

— Паляцела на Палескую станцыю і там набрала мяшок сухароў,— разварушаная ўспамінамі, нібы я яе аднадумец, апавядала цётка далей.— Валаку назад, а нацмэн — ужо мёртвы!.. Вінтоўка са штыком валяецца, і склад гарыць: Ха-алера, мне праз яго ледзь сэрца не разарвалася — бегала чорт ведае куды!

З жахам я падумаў: во, з такога балота — Доўгі Мікалай. Галена і пасватала яго Настусі.

Калі Верка служыла ў Беластоку, вось гэтая кватэра была для яе прыстанішчам, домам...

Разбірала злосць на сябе. Стала шкода сыру і масла, што ляжалі на брудным стале, якія хутка гэтыя пачвары будуць жэрці.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

1

Яшчэ летась з гродзенскага лагера выводзілі немцы палонных ачышчаць вайсковыя склады. На савецкіх складах ляжалі дзесяткі тысяч пар валёнкаў. Палонныя вывалаквалі іх на двор, скідвалі ў горбу, аблівалі бензінам і падпальвалі.

Палілі палонныя навюткі абутак і дзівіліся — дзе славутая нямецкая прадбачлівасць, гаспадарлівасць? Яшчэ ж прыйдзе зіма!

Салдаты ўпэўнена ім заяўлялі:

— Шайзэ. Праз месяц вайна капут, усе мы цурык нах гаўзэ!

Надышлі халады. Вясковым старастам з камендатур прыйшоў загад: збіраць па хатах кажухі, валёнкі, воўну...

Фюрэр звярнуўся да салдат: цярпіце, у наступную зіму я вас ўсіх апрану ў стандартную цёплую вопратку. У газетах пад зваротам былі здымкі. Нямецкі салдат у пробным экземпляры такога адзення лезе ў спецыяльную камеру з марозам у сорак градусаў. На наступным здымку — салдат відзён праз ілюмінатар, ён у халадзільніку спіць. Далей — вылазіць ужо з камеры, смяецца, закурвае...

Нямецкія вартавыя з чыгункі зайшлі ў нашу хату пагрэцца. Доўга разглядалі фатаграфіі і цешыліся, нібы дзеці. Потым развялі дыскусію. Мы з Валодзькам са здзіўленнем пачулі:

— Бальшавікі, фэрфлюхтэ, знарок паддаваліся ў фінскую вайну, каб нас абдурыць!

Салдаты ўжо ні то абураліся, ні то захапляліся хітрасцю бальшавікоў. Ім у Валілах лётчык з эшалона гаварыў, што савецкі салдат — не французскі і не бельгійскі: ён табе не кіне ў час бамбёжкі зенітку, не пабяжыць у бомбасховішча.

Нечакана прыляцела вестка — за Смаленскам наша армія затрымала фашыстаў. І тут усіх людзей акрыліла такая ясная, простая і бясспрэчная ісціна: якая ж гэтая армія магутная, калі ёй нішто не значаць такія страты, і якія ж немцы дурні, што палілі валёнкі перад зімой, думалі — хутка вайне канец.

Пачаліся маразы. Немцаў з-пад Масквы паперлі. Нехта ў Страшава прынёс з Гарадка анекдот:

— Чулі? Гітлер паслаў у Францыю генералаў, каб тыя тэрмінова знайшлі план адступлення Напалеона з Расеі!

Па беластоцкай шашы на ўсход паваліла зноў нямецкае войска. Цяпер ужо не на машынах. Валаклося на фурах, ехала конна. Гэта былі старыя салдаты, захутаныя жаночымі лісінымі каўнярамі, хусткамі. Салдаты ішлі пад Маскву ратаваць сваіх. Яны не дамагаліся ўжо яек, масла і курэй, як летам, а былі шчаслівыя, калі дзядзька даваў ім кошык бульбы.

Людзі адышлі ад гіпнатычнага жаху. Ім як бы адкрыліся вочы. Спахапіліся: і раней не ўсё было кепска!

На аэрадромах згарэлі нашы самалёты? Бо на іх напалі знянацку.

Не было гаручага і снарадаў, таму пакідалі танкі і гарматы. А што было рабіць з мёртвым жалеззем?