Выбрать главу

Людзі пачалі з захапленнем успамінаць прыклады гераізму, якія ў агульным хаосе раней не заўважалі.

2

За Вераб'ямі, уздоўж рэчкі Свіслачы, ляжыць вёска Баброўнікі. У трагічныя дні адступлення па шашы апошнімі ішлі чатыры чырвонаармейцы з «максімам». Ад Баброўнікаў пачыналася голае поле — аж пад станцыю Бераставіцу, да вёскі Цецяроўкі. Дарога тут адна — цераз мост. Чырвонаармеец засеў на шашы з кулямётам прыкрываць адыход сяброў.

Паказаўся батальён немцаў. Салдаты з ранцамі, скаткамі, кацялкамі і біклажкамі, з закасанымі рукавамі крочылі ў калоне па трое і бяспечна спявалі.

Галава калоны была ўжо ад яго крокаў дваццаць — хопіць.

Баец націснуў гашэтку і не адымаў пальцаў ад яе, покуль не выкасіў батальён. Тады забраў кулямёт і ля Цецяроўкі дагнаў сваіх.

Засталіся пад Баброўнікамі ля шашы 64 бярозавыя крыжы з нямецкімі каскамі. Цэлыя могілкі зрабіў адзін чалавек, а параніў — у тры разы болей.

Адным словам, узнімаўся настрой, зараджалася надзея. Хацелася змагацца.

Злосць брала, што так мала можаш.

У лютым мяне, Валодзьку і бацьку арыштавалі. Адначасна немцы ўзялі многіх.

Я адразу заўважыў, што немцы арыштавалі нас не за сувязь з партызанамі. У такім выпадку забралі б яшчэ каго-небудзь з чыгункі. Большасць арыштаваных былі пажылыя сяляне з навакольных вёсак. Мы дзівіліся і гадалі: па чыім жа даносе мы селі?

Другі раз перайшоў дарогу Стральчук.

Будучы ўжо памочнікам шэфа гестапа баластоцкага бецырка, доктара Герберта Цымермана, цяпер Стральчук ездзіў па былых ачагах падпольнага руху і рабіў спісы польскіх камсамольцаў, камуністаў і іхніх сімпатыяў. Часамі нягоднік спісы складваў па памяці, таму сярод арыштаваных трапіліся людзі выпадковыя.

Пасля арышту завезлі нас у Гарадок.

Афіцэр гестапа выклікаў мяне на допыт. Гаварылі мы на нямецкай мове. Наша гаспадарка была не толькі вялікая па плошчы, але і з вуллямі, садком, малатарняй — гэта ў немцаў выклікала павагу.

— Столькі гектараў поля і балота! — шчыра дзівіўся ён.— А яшчэ пры Польшчы быў асуджаны за бальшавізм. Як гэта разумець?

Перад фашыстам выдаваць сябе высакародным рыцарам — неразумна. Можна было лёгка і лагічна давесці яму, што мы — не тыя, за каго нас прымаюць. Ды язык не паварочваўся адмаўляцца ад таго, што табе святое.

Я схітраваў.

У руках у афіцэра была папка з падшытымі даносамі. Аднаго аўтара паперкі — бялявіцкага Ёзіка Госціка — я, здаецца, пазнаў і паказаў на паперку вачыма:

— Між іншым, пан афіцэр, тыя самыя людзі, якія мяне з бацькам выдавалі пры Польшчы паліцыі, у саракавым годзе даносілі ў НКВД на маю сям'ю, што мы — кулакі!

— І гэта ведаю! — пацвердзіў маю здагадку немец. Ён, нібы з агідай, адсунуў папку і прыняў гульню.

Немец даволі ветліва спытаўся, хто ў мяне яшчэ ў сям'і. Пацікавіўся ўмовамі на чыгунцы. Пра партызан пытаўся нешта агульнае, і размова наша на гэтым скончылася. Калі мяне выводзілі з кабінета, я бачыў, як здзекаваліся з другіх, адчуў сябе нібы ў нечым вінаватым.

Вартавы вывеў мяне на двор. Свяціла сонца. Побач была гарадоцкая дарога — знаёмая да кожнага каменя, да кожнага сучка ў штыкеціне. «Не фашыст, а — граф Монтэ-Крыста?!» — дзівіўся я, успамінаючы допыт; афіцэр абудзіў надзею, хацелася на волю, а мы тым часам ішлі ў халодную.

— Сюды! — паказаў вартавы, калі я ў змрочным калідоры пераблытаў дзверы.

Голас паліцая здаўся знаёмы.

Шусцік!..

Я разгубіўся і адскочыў ад яго як уджалены.

— Ты пачакай! — загаварыў ён да мяне чамусьці гнеўна, з абурэннем.— Алёшка, паслухай!.. Ты не думай, што я... Можа, і мне... Можа, і я таксама, разумееш?

Я не разумеў нічога. І разбірала дзіва. Калі табе няёмка, што служыш паліцаем, калі шкадуеш нас, дык чаго злуеш?

Было звыш сіл стаяць перад ім. Змрочная халодная, дзе чакала невядома што, здавалася ўжо збавеннем. Разгублены, я прамармытаў нешта і шуснуў у дзверы. Ужо ў камеры адчуў, як у мяне часта б'ецца сэрца, як мне горача, дрыжаць ногі, хоць не дрыжалі перад гітлераўскім афіцэрам!

З Гарадка перавезлі ўсіх у беластоцкую турму і цэлую групу — 60 чалавек — змясцілі ў адну камеру. Каб людзі не задыхнуліся, удзень і ўночы не зачынялі загатаваныя вокны.

3

Калідорным на нашым паверсе быў Лукашоў Іван (трапіў за пакражу і ў нямецкую турму!). Цяпер ён над намі ўзяў апеку.

Пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. Мы насцярожана чакалі і слухалі навіны, якія прыносіў у нашу пастку калідорны зямляк.

Немцы злавілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночку. Праз паўгадзіны афіцэры зайшлі паглядзець на палоннага, а ён павесіўся.