Выбрать главу

Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, ён павесіўся таксама.

Нехта ўцёк. Прывялі яго ў канцылярыю на допыт, чалавек выскачыў праз акно з другога паверха на вуліцу, падняўся з зямлі і знік. Не верылася ў такія ўцёкі. Там жа таксама загатаваныя вокны, па вуліцы ходзяць людзі, другі паверх... Немцы паслалі ў партызаны лазутчыка. Але як пра гэта перадаць на волю?

На турэмным двары з'явіліся цыганкі з дзецьмі...

Аднак найбольш абурала дзейнасць Стральчука.

У турму прывозілі новыя партыі сялян — былых капэзэбоўцаў, іхніх сімпатыяў.

Стральчук памагаў іх забіраць.

Ён, вырадак, да таго быў крыважэрны, што ў сваёй вёсцы Крывой пад Бельскам нават выдаў эсэсаўцам на расстрэл хлапчукоў, якія ў яго бацькі кралі яблыкі.

Нашы арыштанты пачалі пакрысе нібы мірыцца з лёсам.

Мужчыны гаварылі пра жонак і дзяцей. Бацькоўскія сімпатыі і чуласць выражалі наймаладзейшаму ў камеры. Сваім любімцам мужчыны выбралі Мішу Толуця з Зуброў. Міша быў высокі, хілы, танкашыі, валасы чорныя; жарты мужчын толькі і круціліся вакол яго першых вусікаў, каханай, якая недзе сохне ў Зубрах...

А то арыштанты напаўголасу спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на два-тры галасы, як ніколі дагэтуль, мабыць, і не спявалі.

Яшчэ гулялі ў самаробныя шашкі, шахматы. Адсыпаліся. Успаміналі выпадкі з жыцця.

4

Турмы немцы перапоўнілі, і кожны разумеў — хутка нешта будзе.

Аднойчы нехта выглянуў на двор і крыкнуў:

— Во, хлопцы, ён!

Калі глядзець з вокнаў зводдаль і асцярожна, то з вуліцы ў паўзмроку цябе не ўбачаць. Людзі ў момант ссунулі нары і згрудзіліся на іх, як на сцэне. Убіўшы галаву між чужых спін, выглянуў на падворак і я.

Мы былі на другім паверсе. Перад нашымі вокнамі — крокаў за трыццаць, у турэмнай сцяне — ніша з варотамі. У ёй стаялі два паліцаі і курылі.

Ля варот на муры расло некалькі пасмаў дзікага

вінаграду. Сюды даходзіла сонца, тут цяпер грэліся яшчэ два тыпы.

Адзін з іх — эсэсаўскі афіцэр. Такі сабе звычайны. У фуражцы з вялікай туліяй. У свежым мундзіры — яснейшага, чым у армейскіх афіцэраў, колеру. На адной пятліцы меў ён кубікі, на другой — лацінскія літары «СС» у выглядзе зігзагаў-маланкі, а на фуражцы — чэрап і дзве скрыжаваныя косці. Адзнакі на ім былі новенькія, боты — начышчаныя да бляску, галіфэ — адпрасаванае.

Другі быў Стральчук. Нават не ведаю, па чым яго пазнаў. Мабыць, проста — здагадаўся.

«Дык вось які ты!»

Чамусьці хацелася бачыць свайго ворага здаровым грамілай, упэўненага ды магутнага, прынамсі — роўнага немцам. Тым часам перада мной пахаджваў замухрышка. Малога росту. З кірпатым носам. Хоць на пятліцы ў яго, як і ў немца,— тыя самыя маланачкі; на другой па дыяганалі — тры кубікі, ды на фуражцы — чэрап, але адзнакі горшай якасці, цьмяныя. І мундзір меў Стральчук іншы, жаўтаваты, з бавоўны. Якраз з такога матэрыялу было адзенне і ў паліцаяў, якія курылі ў нішы варот.

І гэтая нікчэмнасць нарабіла гэтулькі бяды?!

Абодва яны жмурыліся ад сонца. Стральчук пра нешта гаварыў. Немец забаўляўся са скуранымі пальчаткамі. То нацягваў іх на руку, то падносіў да вачэй, як разглядаў. То здымаў і ляпаў сябе па халяве, то махаў імі на вераб'ёў у вінаградзе. І ўвесь час з застылым выразам твару — нібы думаў, нібы слухаў. Стральчук жа з нейкай ап'янелай усмешкай усё гаварыў, гаварыў і гаварыў. Было відаць — гаворыць пра такое, што не мае адносін ні да нас, ні да вайны. От, абодва кагосьці сабе чакаюць, ён і забаўляе немца.

Людзі стаялі на нарах і насцярожана маўчалі. Успаміналі, мабыць, як прымалі да вайны ў сябе гэтага тыпа, нібы дарагога госця, як частавалі...

— Ён. Я яго до-обра ведаю...— з перакананнем уздыхнуў нехта.

Стральчук павярнуўся да нас правым бокам, ад

вуха да рота ў яго быў шрам.

— Гэта Прытыцкі зрабіў яму цацку яшчэ ў трыццаць шостым годзе на судзе ў Вільні! — заўважыў хтосьці зларадна.

— Кажуць, нядаўна партызаны яму нагу прастрэлілі, але не кульгае, здаецца...

— Скажы-ы ты, які жывучы!

Паліцаі пра нешта гаварылі, насцярожана зыркалі на немца і Стральчука, чакалі загадаў.

Праз хвіліну ўстрывожаны калідорны крыкнуў нам у дзірачку ад ключа:

— Землякі, слухайце! Слухайце ўсе: на кухні снедання загадалі варыць напалавіну менш!

Я аблізнуў перасохлыя раптам губы, абвёў вачыма застылыя твары.

«Не можа гэтага быць!»— роспачна страпянулася ва мне ўсё ўнутры.

Калідорны ведаў, што казаў. Палавіна з нас заўтра не будзе жыць. Няўжо сярод іх і я?