5
На дзіва, хоць з пачуццём страху, аднак пасля адбою я змог нават заснуць. І хоць пякучую льдзінку адчуваў і сплючы, але яшчэ, мабыць, ніколі ва мне сон не аднаўляў так сілы, не асвяжаў цела. Толькі працэс аднаўлення быў прыспешаны.
Прачнуўся я ў чатыры гадзіны. Уставалі і ўстрывожаныя сябры, лезлі да адчыненага акна. Кінуўся да кратаў і я.
На дварэ стаяла ціхая і цёплая раніца. Збіралася ўсходзіць сонца. На высокім небе — ні хмурынкі. Палаў ружовымі фарбамі ўсход. Шчабяталі птушкі. Вуркаталі галубы. Мякка, на нізкіх абаротах, гулі маторы, ды нехта вішчаў. Усё было такое прыгожае, пасвяжэлае, спакойнае, што я нават здзівіўся — адкуль ва мне трывога? Чаму на душы льдзінка і што гэта за такі недарэчны віск?
Прыгледзеўся лепш: у нішу брамы задам заязджала машына з брызентавай будай, там эсэсаўцы вязалі дротам рукі раскалмачаным і звар'яцелым цыганкам.
Як толькі ўсё гэта я ўбачыў, жыццё маё ў момант пацякло ў нейкім нерэальным ліхаманкавым тэмпе.
З трывогай нешта пытаўся ў мяне Міша Толуць з Зуброў. Мне было не да яго. Хацеў я Толуця абарваць — і не паспеў.
З ляскам адчыніліся дзверы. Уварваліся салдаты СС, адціснулі нас у глыбіню камеры, панастаўлялі аўтаматы.
Уляцеў энергічны сухарлявы афіцэр СД у шапцы, як у лыжнікаў, і са спіса, які трымаў у руцэ, пачаў выклікаць людзей. Тое, чаго з такой пакутай і трывогай чакалі, пра што столькі наслухаліся, надышло.
Усё! Канец!
Камера застыла. Чуўся толькі вісклівы і востры, як каса, голас афіцэра, які рабіў націскі ў прозвішчах на першым складзе:
— Цівуньчык Міхаль!
— Дудзік Аляксандр!
— Пецельскі Леон!
— Пецельскі Іван!
Людзі яшчэ не верылі сваім вушам, адказвалі нервозна, глуха, не сваімі галасамі. Раз'ятраны афіцэр пералічваў іх са злосцю і нецярпеннем, нібы яны забілі яго жонку, зарэзалі дзяцей, а ён даведаўся пра гэта і па гарачых слядах прыбег сюды расквітацца са злачынцамі. Называў іхнія прозвішчы, імёны з помслівай асалодай і на нямецкі манер — змякчаў «л», блытаў націскі.
— Новіцкі Алексей!
— Толюць Міхаль!
Міша паспешліва зрабіў крок ад мяне, азірнуўся. Я з сутаргай праглынуў сліну ў перасохлым горле.
Афіцэр на секунду заблытаўся ў спісах. Мы не дыхалі.
Вось-вось выкліча і тваё прозвішча, а ты — энергічны, здаровы і так сабраны, што адчуваеш кожную клетку свайго, раптам такога блізкага цела — не заткнеш яму горла, не абароніш сябе, пажылога бацьку, малодшага брата, непісьменных дзядзькоў.
Пра такія моманты я не раз думаў. Не верылася, што нельга нічога зрабіць. Кідайся на фашыста, вырві аўтамат і ратуйся!
Дзіцячыя фантазіі!
Фашысты стаялі зводдаль, уздоўж сцяны, пальцы трымалі на спусках і глядзелі нам не ў вочы, а ў жываты, адчувалі нас як масу, як мішэні.
У такім стане, калі зацьміла розум, а жудасны страх роспачліва і ліхаманкава маляваў табе абсурдныя, утапічныя планы ратунку, я ўсё ж такі выкінуў бы нешта і эсэсаўскі аўтамат скасіў бы мяне сярод камеры, каб не бацька. Ён абняў нас з Валодзькам ды ціха, якімсьці падабрэлым і мяккім голасам сказаў:
— Хлопцы, не вешайце насоў, мы — разам!.. Адно не паддавайцеса!! Алёшка, Валодзька, вы што? У-ух, вы-ы! Не паддавайцеса, ну?!
І дзіўна. Інтанацыя слоў і дрыжанне ўпэўненага і моцнага бацькавага голасу раптам узрадзіла ў нас новую сілу. Калі немец пачаў называць новыя прозвішчы, мы ўжо смела глядзелі на афіцэра і слухалі — ну, нягоднік, выклікай, мы гатовы!..
— Парэмскі Семен!
— Здановіч Максім!
— Грыцук Васіль!
Кучынскіх не назвалі.
Афіцэр скончыў. Проці нас цяпер стаяла дваццаць сяброў і знаёмых — далёкіх на цэлую смерць. Мы ж адыходзілі ад жаху, з затоенай радасцю тапталіся, апускалі вочы, перарывіста дыхалі, нібы толькі што неслі непасільныя ношы.
— Айн, цвай, драй, фір, фюнф...— ашалелы ў сваёй бесцырымоннай рашучасці, лічыў афіцэр, праходзіў уздоўж шэрага, тыкаў кожнаму смяротніку пальцам у грудзі.
Нас гэта ўжо не абыходзіла.
Салдаты цяпер рулі аўтаматаў наставілі на выдзеленых дваццаць чалавек, але мы былі далёкія ад таго, каб кідацца на фашыстаў, выручаць хлопцаў, а яны, здаецца, і не чакалі цуду. Можа, над магілай потым трымалі сябе з выклікам, горда. Але тут, на захопленых знянацку, у першую хвіліну пасля прыгавораў, на гэтых шэрых сялянскіх тварах маляваліся жах, здзіўленне, бяссільная пакора лёсу. Некаторыя мужчыны яшчэ і пазяхалі якімсьці нервовым скурчам сківіц, нібы рыбіны, якіх выкінулі на бераг,— глядзець на гэта было непрыемна. Міша Толуць стаяў да мяне спіной, добра, што не трэба пазіраць яму ў вочы.