Выбрать главу

Толькі цяпер мы адчулі — тое самае адбываецца і ў іншых камерах. Праз адчыненыя дзверы відаць было, як па калідоры правялі суседзяў.

— Лёс, лёс, фэнрфлюхтэнэ гундэ, р-р-раўз! — прыкладамі і ботамі пагналі эсэсаўцы людзей з камеры.

Калі зачыніліся дзверы, камера стала большай, пустой, асірацелай...

Падкраўся я да акна, выглянуў на двор.

Людзей да машын падводзілі праз шэрагі салдат. Эсэсаўцы стаялі поруч з паліцаямі. У вочы кінуўся Настусін зяць з вінтоўкай. Па загаду таго самага афіцэра ў скураных пальчатках Шусцік ткнуў руляй у грудзі пярэдняму чалавеку, затрымаў. З калідораў эсэсаўцы выштурхоўвалі свае ахвяры на двор. Людзі бязладна і перапалохана ціснулі на пярэдніх, падпіралі Шусціка.

— Куды ён прэ, паглядзіце?! — як бы скардзіўся пярэднім паліцай.

Тут былі Шусцікавы знаёмыя з Гарадка. Паліцай інтанацыяй паказваў немцу, які ён службіст, і заігрываў з землякамі:

— От людзі!.. Ты рабі ім лепш, а яны — во!.. Куды лезеш, цюрык!.. Думаеш, мёду там дадуць, не паспееш?!

6

Пасля таго як частку людзей расстралялі, бацьку і іншых старых выпусцілі.

К абеду паадчынялі турэмныя камеры, павыганялі ўсіх на двор. Арыштаваным загадалі ісці ў канцылярыю ды разбіраць свае дакументы і рэчы.

Было ясна — нас некуды адправяць і, вядома, не на смерць, інакш зрабілі б гэта тут разам з іншымі. Нас агарнула адчуванне блізкай свабоды.

— Паедзем у Германію на работы,— цвярдзілі шчаслівыя людзі, якія яшчэ на досвітку глядзелі смерці ў вочы.— Немцу патрэбна такая маса нявольнікаў, хіба ён дурны іх нішчыць?!

З першага дня арышту нас з Валодзькам займала толькі адно: як уцячы? Каб не бацька, можна было б паспрабаваць шчасця, выскачыўшы з машыны ў лесе, калі нас везлі ў Беласток...

Добра, што тады не ігралі з лёсам. Падыходзіў больш зручны момант.

З'явіліся нейкія тыпы — бытта з міністэрства працы. Гэтыя цывільныя — кульгавыя і гарбатыя арыйцы з абшарпанымі партфельчыкамі — мацалі нашы мускулы, нібы ў коней на кірмашы, заглядалі ў рот, лічылі зубы, нешта пісалі сабе ў блакноты.

Мацай-мацай, заглядай-заглядай, халера,— няхай табе вылезуць на лоб слепакі. Будзеш ты, заменак, там бачыць нас, як сваё вуха...

Заехала ў двор грузавая машына з харчамі. Выдалі

па баханцы хлеба і па вянку кілбасы з каніны — наядайся, каб мог добра працаваць на «Вялікую Германію».

Няхай. І пад'есці трэба.

Шэсцьсот чалавек, у тым ліку і мяне з Валодзькам, раніцой загналі на станцыі ў таварныя вагоны, закруцілі дротам дзверы. Эшалон адправіўся на захад.

— Ну, Германія... тваю маць, прымай работнічкаў, ужо ж мы табе і напрацу-уем! — узбуджана крычалі ў натоўпе.

— Толькі пыл пойдзе!..

— Прыкусі язык! — абрывалі аптымістаў.

У вагон напхалі чалавек сто, можна было толькі стаяць. Праціснуліся мы з Валодзькам да шчытавой сценкі, стаў я на плечы брату і выглянуў праз шчыліну на свет.

Вагонаў з нявольнікамі было ўсяго шэсць, а сёмы — службовы. Калі мы ўз'язджалі на крывую, можна было бачыць, што ў іх робіцца.

З намі ехала ўсяго некалькі немцаў. Астатнія вартавыя — нашы прадажнікі з Гарадка ў брудна-жоўтых мундзірах.

На прыступках тармазной будкі сядзеў Настусін зяць. Адкрыўшы нямецкім штыком бляшанку, ён аплятаў кансервы, я бачыў яго рукі, разварочанае мяса ў бляшанцы, верх пілоткі са светлай акантоўкай, калені і звешаныя з прыступак ногі ў салдацкіх ботах. З-за пляча ў Шусціка тырчала вінтоўка, яна была ад мяне

так блізка, што я выразна бачыў мушку і бляск варанёнай сталі.

«Нікога не забіў, не абрабаваў... От, пастаіць дзе з вінтоўкай на каравуле над яўрэямі ці палоннымі...»

Супрацьлеглы бок вартаваў Цыклоп. Ён трымаўся за парэнчы і страшнымі асіметрычнымі вачыма глядзеў уздоўж вагонаў. Вінтоўка яго таксама вісела за плячыма, а за папругу была засунута граната з драўлянай ручкай.

Цыклоп і Шусцік пра нешта гаварылі. Гулі колы, у вагоне стаяў гоман, іхніх слоў я не разабраў. Шусцік ужо выкінуў бляшанку і цяпер аплятаў пачку галет; адказваў сябру ды з цікавасцю разглядаў вёскі, хутары. Аўтаматаў у іх не было, аж падмывала ўцякаць.

На хаду цягніка, ды яшчэ калі надыдзе змрок, не ім у нас пацэліць, а покуль цягнік затрымаюць, іх занясе далёка. Адарваў дошчачку ў акенцы і вывальвайся з вагона ды сцеражыся, каб не ўдарыцца аб слупок.

Мала радасці... Ахова вернецца ў Гарадок, і гэтая самая пачвара адыграецца на бацьках. Трэба пачакаць, мо надарыцца лепшы выпадак.

Так яно і атрымалася: выпадак надарыўся, але гэта ўжо іншая тэма...