Выбрать главу

Завялі ў новы клуб на трыбуну. Глянуў я на загіпнатызаваныя вочы, твары і разгубіўся, не вытрымаў афіцыйнага тону.

Ля сцяны маячыў дзядзька Салвесь — родны, блізкі і з такімі самымі, гатовымі заплакаць ад сарамлівасці, вачыма.

А вось перада мой — малады чалавек. Валасы і абрысы галавы ў яго надта знаёмыя. Хто такі можа быць?..

Гэтая ў маёй памяці дзеўка, але на лаве — бяззубая бабуля.

Побач з Салвесем — прамы, нібы слуп, Лавіцкі. Прытэпаў нават з Бялявіч.

Мо яшчэ і цяпер ляжыць у яго на акне грэбень з зубровага рога?

Аднак хто гэта перада мной?.. Рыгораў Косця? Толькі ж ён, ведаю, напэўна, памёр у шпіталі ад ран, атрыманых на вайне! А калі б і жыў — павінен выглядаць на пакаленне старэйшым!

Косцеў пляменнік — сын Міці!

Шкада...

Я пазіраю і ўсё прагна, упарта, з заміраннем сэрца, не прызнаючыся нават самому сабе, шукаю і шукаю, выглядаю і выглядаю адну жанчыну і не магу знайсці. У хустках знаёмыя твары, кожны выклікае балючы ўспамін, але не той, галоўны.

— Ну, пазнаеш нас? — закрычалі з глыбіні залы.

— Гэта ж я, Мікалай! Мы з табой раслі разам! Ты яшчэ быў нават на маім вяселлі сватам!

Няўжо я калі-небудзь і сватам быў?!

— Памятаю...

— А цяпер глянь сюды. Няўжо ты мяне не пазнаеш, Алёшка!

Заслала вочы, я нават перастаў бачыць людзей. Нешта падкацілася пад горла.

— Пра што б вы хацелі даведацца ад нашага госця? — паспрабаваў дапамагчы мне малады настаўнік.

З-пад адной хусткі азвалася да болю знаёмая старая (на дзіва, жанчыны да старасці захоўваюць ранейшы голас!):

— Алё-ошачка, а ты раскажы нам нешта такое, каб мы сабе тут паплакалі!

Я на хвіліну разгубіўся.

— Ды няўжо мы спаткаліся дзеля гэтага? Мабыць, нешта вясёлае трэба вам?!

— Гэта ім, маладым, а нам — паплакаць бы ўволю.

Я са здзіўленнем паўзіраўся ў залу.

— Ува-аж ты ўжо нас, дурных бабаў...— падхапілі просьбу іншыя.

— Але ж пра што-о, цё-отко? — пачаў я ўжо намагаць памяць, нават успамінаць партызанскія і франтавыя гісторыі.

І тут раптам я нутром адчуў, чаго хочуць.

Хацелі яны чагосьці мудрага і жыццёвага — ні то прытчаў, ні то трагедыяў, як пра велікамучанікаў Хрыста ці мацер божую. Яны прагнулі дастаць навонак яшчэ раз цярпенні і боль, якіх яны столькі паспыталі — у дарослага ўстанаўліваецца фізіялагічная ці псіхалагічная патрэбнасць трэніраваць душу болем.

Я мог бы дапамагчы аблегчыць ім яе — ведаў столькі трагічных гісторыяў, якія не менш уразілі б, чым тыя, што ў Евангеллі.

Мог бы адкрыць вочы на Юліка Цішэўскага, які на вёсцы некаторымі так і лічыцца прадажнікам...

Мог напомніць лёс Тарашкевіча, Валошына, Дварчанка, Мятлы, Рака-Міхайлоўскага.

Мог нарысаваць ім складаную душэўную драму, вартую пяра геніяльнага Дастаеўскага,— расказаць пра зубкоўскага Рамана, які ўтапіўся ў плыткай рэчачцы, але не здрадзіў сваім.

Урэшце, мог знайсці фарбы, адкрыць ім вочы на долю Настусі — уся яе гаротнасць праходзіла побач з імі...

З трыццацігадовай дыстанцыі людзі глянулі б на падзеі іначай, убачылі б часамі жахлівую сваю ролю, перахварэлі б, сталі б чысцейшымі.

Але гэтага я не зрабіў.

Не хапіла ўнутранай культуры, такту, вынаходлівасці, шырыні душы. Мая мама, наш партызанскі камбрыг Вайцяхоўскі, ведаю, у даную хвіліну не разгубіліся б. Чалавечнасць, спагада і сардэчнасць узялі б у іх верх над асабістым, чаго не магла зрабіць мая неўраўнаважаная натура.

Стаў я землякам хваліцца, як разграміў нямецкі батальён у Перацёсах. Расказваў пра гэта на сустрэчах, многа разоў і сам страціў пачуццё, дзе ў апавяданні праўда, дзе плён фантазіі.

Не трэба, не трэба было плесці гэтай гісторыі. Перацёсы недалёка ад Страшава, пра ўсё людзі ведалі самі. Але я ўжо стрымацца не мог.

Людзі бачылі, што праўлю глупства, аднак з ветлівасці з цярплівым расчараваннем сядзелі і слухалі.

Калісьці ў гэтым месцы было грамадскае поле, яго называлі — школьніска. З усяе вёскі збягаліся мы сюды гуляць у пікара, покуль не бачылі мацяркі, не гналі да работы.

А яшчэ тут была яма, адкуль людзі бралі пясок на печы, а мы з Верай пяклі ў ёй пірагі — гулялі ў гаспадара і гаспадыню. Вера ведала ўсё, што і як трэба рабіць, я выконваў яе загады, пераносіў апякунства...

Цікава, дзе яна тут сядзіць у зале?..

Пасля майго выступлення ў клубе пачаліся танцы.

Як і калісьці, так і цяпер, для землякоў танцы былі радасцю мускулаў, сродкам выражэння пачуццяў пры дапамозе рытму і рухаў здаровага цела — мовай для іх не менш выразнай, чым словы.

Заігралі польку, і страшаўцы затупалі з ярасцю, з захапленнем — аж дрыжала падлога, заміргала лямпа. Пра мяне ўжо забыліся.