Выбрать главу

Былая Галандская вуліца зараз называецца імем польскай пісьменніцы. Але і цяпер кожны гродзенец пакажа разваліны фабрык на берагах Ласаснянкі і дзесятак галандскіх вастраверхіх домікаў па вуліцы Элізы Ажэшкі.

Турысты слухаюць са здзіўленнем, затым пільна разглядаюць прахожых, стараюцца знайсці ў іх прыкметы сваёй крыві.

26 ліпеня раніцай

Пасажыры сёння нецікавыя. Замест рэпартажу з перона — дзве гісторыі.

Восенню, калі праўленне «Інтурыста» выклікала мяне ў сталіцу, я назіраў такі малюнак.

Ахотны рад.

Ля мяснога магазіна тачыльшчык рытмічна націскае нагой на педаль, а з-пад вялізнага нажыска страляе імклівы струмень залацістых іскраў.

Па тратуары цягнуцца тры індусы ў белых турбанах, з тварамі бытта іх шчодра аблілі алеем, а потым доўга смажылі на патэльні. Індусы, відаць, у Маскве даўно, бо надта стомленыя і ўжо да ўсяго абыякавыя.

Раптам госці ўбачылі тачыльшчыка. Для іх — дзіва, што ён амаль дакладна такі, як і ў Бамбеі ці Калькуце. Іхнія масляністыя вочы ўжо аж гараць шчырай радасцю, выступілі нават слёзы — гучаць узбуджаныя галасы.

А мяне ўпікнула бяссільная рэўнасць, што вось так, як гэтае дурное тачыла, не кранае іх ні метро, ні ТУ-104, ні Крэмль, ні магутныя заводы...

Расказваю аб гэтым нашаму літаратурнаму крытыку, Валодзю Калесніку, а ён мне паведамляе зусім іншага характару карціну, якую ён назіраў у сваім Брэсце. Вось яна.

З вакзала чатыры негры пайшлі паглядзець горад. Ідуць, усюды спатыкаюць добразычлівыя і цікаўныя позіркі, прыязныя ўсмешкі. За імі ўвязаўся цэлы хвост хлапчукоў: такія госці бываюць у Брэсце не часта.

З піўной ля Дома афіцэраў вывальваецца п'яны. Чалавек хвіліну азіраецца асалавелымі вачыма, ловіць раўнавагу. Затым, узрадаваны, прэцца неграм насустрач, крычыць:

— А-а, Луму-умба, ві-іват, бра-ава, дру-ужба, гу-ут, дабро пажа-алаваць!

І лезе цалавацца. Моцна цісне гасцям рукі.

У разгубленых неграў выступаюць на вачах слёзы расчуленасці. П'яны ж блізку разглядае чорныя твары, губляецца і... грэбліва абцірае сваю руку аб пінжак.

Негры адразу моўкнуць, цішэюць і, пакрыўджаныя, вяртаюцца на вакзал.

26 ліпеня

Сёння апрача звычайных паяздоў прайшло два эшалоны з удзельнікамі VIII фестывалю моладзі і студэнтаў у Хельсінках. У абодвух было каля 900 французаў і 100 немцаў з ФРГ. Мяне здзівіла тое, што сярод паўтысячнай масы францужанак я не ўбачыў ніводнай прыгажуні. На пероне з кветкамі многа нашай моладзі. Гродзенскія дзяўчаты і жанчыны куды прыгажэйшыя.

Вось табе і хвалёныя францужанкі!

27 ліпеня

Зайшоў польскі палкоўнік у ювелірны магазін, і ў яго нейкі мярзотнік выцягнуў грошы.

Я пасварыўся з міліцыяй.

У вузкіх сініх штоніках, з тырчма стаячымі пасмамі валасоў перакладчыца, якая прыехала сустракаць французаў, сядзіць у нас у агенцтве ды абураецца:

— Якая-ая га-аньба, які со-орам!..

— Нічо-ога, усё роўна зло-овяць...— няўпэўнена супакойвае дзяўчыну наша касір, Вера Аркадзеўна, якой непрыемна таксама.

Дзяўчына нервова рве кветку фіялетавымі пазногцямі і кідаецца на мяне:

— Чаму ў нас так многа зладзеяў?

— Чорт яго ведае,— апраўдваюся вінавата.— У нас, здаецца, і п'яніц і нягоднікаў мала. Наша Гродзеншчына — радзіма пісьменнікаў: Ажэшкі, Цёткі, Міцкевіча... Адгэтуль Каліноўскі, генерал Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі...

— Як так мо-ожна?! — не слухае мяне перакладчыца.— Што пра нас іншаземец падумае?

Адчуваю сябе вельмі вінаватым перад ёй. Не то дзяўчыну, не то сам сябе супакойваю:

— Думаеце, сярод іншаземцаў не бывае прайдзісветаў?

І, быць можа, не зусім да месца, а каб заняць час, расказваю гісторыю, якая ў Гродна перадаецца з вуснаў у вусны, з пакаленняў у пакаленні.

Вельмі даўно ў нас асталяваўся французскі граф О'Брыен дэ Лясі. Адзін яго сын служыў пад камандаваннем Макарава і трапіў пад Цусіму. Калі эскадра здавалася японцам, трэба было ворагу адвезці флагманскі сцяг. Па марской традыцыі гэта павінен зрабіць малодшы афіцэр. Але ўсе адмовіліся. Тады ўзяўся добраахвотнікам мічман О'Брыен дэ Лясі. Пасля палону маракоў перавялі ў сухапутныя войскі. Малады граф трапіў у 26-ю гродзенскую артбрыгаду. Да пачатку сусветнай вайны рускія афіцэры не падавалі яму рукі і не размаўлялі з ім. Потым у Пілсудскага ён камандаваў 10-ым палком уланаў і адначасна служыў Гітлеру шпіёнам — у 1936 годзе завербаваў яго вермахт.