Выбрать главу

— Хто вы па прафесіі?

— Студэнты...

— Тады я на вашым месцы ікры б не купляў!

— Не-е? — даверліва перапытваюць юнак і дзяўчына адначасна.

— Вядо-ома! Яна не для студэнцкай кішэні! Скончыце ВНУ, разбагацееце, тады!..

— О-о, е-е-ес! — аблегчана ўздыхаюць абое.

Бяжым мяняць іх рублі на долары. У банку пачалі запаўняць бланк на абмен, і аказваецца, што абое... ляўшы!

Навокал — натоўп гродзенцаў, якія праводзяць сваякоў за граніцу. Гэтыя здзіўляюцца:

— У Амерыцы пішуць левай? Ну-у і ну-у!..

Студэнты бянтэжацца.

Выводжу пару да ачэпленага ўжо пагранічнікамі поезда. О, жах! У вокнах аднаго вагона — суцэльныя батарэі бутэлек! І гэтак яны будуць маячыць, едучы праз Польшчу?! Бягу шукаць кіраўніка савецкіх турыстаў.

31 ліпеня

Сёння з прыгодай.

З супрацьракавага кангрэсу зноў вяртаецца амерыканскі прафесар з жонкай. Англічанін па паходжанню, высокі і замкнуты, нічым не цікавіцца, застыў у сваёй англійскай велічы, сядзіць і маўчыць. Яна — падыходзіць яму ростам, але тоненькая, фарбаваная бландзінка. З імі — вялізныя чамаданы з наклейкамі ўсіх галоўных гарадоў свету. У чамаданах кінаплёнка, кіпы рукапісаў, медыцынскія кнігі, даведнікі і часопісы на розных мовах.

— На кангрэсе ў Маскве было чатыры тысячы вучоных! І трыста амерыканскіх! — з захапленнем расказвае бландзінка. Дадае з гордасцю: — Мой муж зрабіў цікавы даклад, паказаў дакументальны фільм з жыцця сваёй анкалагічнай клінікі...

Выгляд прафесара і яго рыштунак выклікаюць давер і міжвольную думку: ой, нездабраваць цяпер табе, праклятаму раку, калі гэтак дружна бярэцца за тваю паганую скуру сусветная армія вось такіх вучоных з навейшай апаратурай!!

Спрабую прафесара ўцягнуць у гутарку: не часта ўбачыш такога буйнога вучонага! Паступова разгаварыліся. Сцвярджае, што ў барацьбе з гэтай хваробай чалавецтва амерыканскія анколагі ідуць прыкладна на адным узроўні з савецкімі. Па дарозе з Масквы ён з жонкай заязджаў у Вільнюс. Цешча прафесара яшчэ да рэвалюцыі выехала адтуль у Амерыку, і вось бландзінка захацела глянуць на радзіму маці. Горад абоім спадабаўся.

Размаўляючы так, выходзім да ларкоў. Бландзінку прыводзяць у захапленне тавары на вітрыне; ёй і таго хочацца, і гэтага, але прафесар няўмольны. Купляе толькі рублёвую матрошку. Астатнія рублі нясе ў банк мяняць на долары. Пакуль муж у банку, я даведваюся ад яго жонкі, што яна хатняя гаспадыня, мае трое маленькіх дзяцей. Прапаную на памяць нашых карцінак, і жанчына ахвотна згаджаецца. Вяртаецца прафесар, мы ідзём у агенцтва.

Маляўнічыя віды Масквы і балярын прывялі ў захапленне літоўку. Ды і непранікнёны твар прафесара таксама распагодзіўся. Амерыканец намерваецца загарнуць плакат. Падаю яму «Известия». Ён па-гаспадарску раскладвае газету на стале, каб загарнуць у яе падарунак, і... прама перад сабой бачыць некалькі карыкатур. Адна з іх уяўляе сабой славутую статую Свабоды з... кінжалам у грудзях! Амерыканец раз'юшваецца, збіраецца шпурнуць у мяне плакатамі, але іх падхоплівае жонка ды пачынае згладжваць вуглы паміж намі...

Апускаемся на першы паверх, але размова ў нас ужо не клеіцца. Прафесар глядзіць на гадзіннік, заяўляе, што ідзе ў горад, але к поезду вернецца ў час. І вось яны адпраўляюцца ў бок вуліцы Ажэшкі. Абое высокія, у светлых плашчах. Ён бярэ ў яе рулон сабе пад паху. Адчуваю нейкую няёмкасць, цягне зірнуць на карыкатуру яшчэ раз. Ліха на яго, запрашаем адзін аднаго ў госці, збіраемся для мірнай гутаркі, укладваем у гэта многа намаганняў і сродкаў, і вось які-небудзь нязначны факт — і ўсё ідзе ў глум!

Ці варта нам чарніць тое, што іншым здаецца святасцю?!

Спяшаюся да начальніка вакзала, знаходжу той самы нумар «Известий» ад 27 ліпеня ў падшыўцы і прыглядаюся. Аказваецца, гэта — падборка малюнкаў, перадрукаваных з... амерыканскіх газет!

Вось дык штука!

Праз паўгадзіны вярнуліся амерыканцы з горада. Паказваю прафесару карыкатуру, называю газету, з якой яна ўзята, і вучоны раптам траціць усю англасаксонскую важнасць, пачынае на ўвесь голас смяяцца. Перастане, вытра слёзы, нахіліцца над малюнкам, прачытае на кінжале надпіс «Макарці» і зноў рагоча.

Дзякуй табе божа, кантакт адноўлены!

5 жніўня

З Кузніцы прыбыло 28 нямецкіх настаўнікаў. У суседнім вагоне — два амерыканцы. Нямецкіх турыстаў я вывеў на перон, расказаў аб далейшым шляху і пачынаю запісваць у блакнот звесткі для тэлеграмы ў Ленінградскі «Інтурыст». Настаўніца спеваў з Ростака, пажылая фраў,— кіраўнік групы.